"Забавушка" пакарыла "Новыя вяршыні-2016"

18 апреля 2016 - Administrator
article2391.jpg

 Шмат гадоў таму, так бы мовіць, “сыграліся” на ўсё жыццё Алег і Людміла Зыбайлы і склалі ўдалыя сямейны і творчы дуэты. Пяты год гэтая таленавітая сям’я вучыць дзяцей прыгожаму – музыцы ў ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы”. Самі яны адданыя творчасці, мо таму выгадавалі за гэты час шмат пераможцаў і прызёраў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Чарговы раз з каштоўным багажом прыехалі выхаванцы Алега Іванавіча і Людмілы Барысаўны з II Міжнароднага фестывалю-конкурсу “Новыя вяршыні-2016”, які праходзіў у Мінску 9-11 красавіка. У нас – Гран-пры!

Дарэчы, з гэтага конкурсу наша школа мастацтваў прывезла некалькі дыпломаў: дыплом Фіналіста фестывалю-конкурсу атрымаў “Ансамбль народных інструментаў”, дыплом Сімпатый журы прывёз ансамбль “Con amina”, дыплом Сімпатый гледачоў за сольнае выступленне атрымала выкладчык па класе фартэпіяна Кацярына Жук, і Лістом падзякі за падрыхтоўку дзіцячага ўзорнага ансамбля “Забавушка” ўзнагародзілі мастацкага кіраўніка Алега Зыбайлу. 

Як бачым, мы не засталіся незаўважанымі і прафесійным журы, і гледачамі. Але сапраўды “стрэліў” на гэтым конкурсе ансамбль “Забавушка”. І зноў вагу перамогі хочацца падкрэсліць канкурэнцыяй: сюды прыехалі каля 120 калектываў больш як з дзесяці краін у розных намінацыях, наша намінацыя ледзь ці не самая шматлікая – 37 калектываў. Нават арганізатары-беларусы то і справа пыталіся, што за горад такі Івацэвічы і на якім краі нашай краіны ён знаходзіцца. Не бачылі ў нас канкурэнтаў многія ўдзельнікі, а мы выйшлі – сыгралі, як заўсёды бездакорна, і ўзялі сваю перамогу. 

У гэтым Гран-пры шмат складнікаў. Па-першае, канечне, добрая ігра ўдзельнікаў ансамбля. Як адзначыў мастацкі кіраўнік, у шасцёрцы выступоўцаў – толькі самыя вопытныя дзеці, зорачкі, якія ўжо не першы год ярка свецяць на творчым небасхіле. Гэта Ганна Кабяльчук (домра), Айла Савуціна (баян), Паліна Арцюх (званочкі), Святлана Лазарчук (домра), Сямён Пігальскі (гітара) і Максім Камароўскі (бас-гітара) (на здымку разам з мастацкім кіраўніком Алегам Зыбайлам). Артысты яны ва ўсім: ад ігры да сцэнічнай дысцыпліны і асабістай харызмы. 
Другі складнік – рэпертуар. У гэтым сэнсе ў “Забавушкі” ўжо ёсць свой стыль, на народнае робяць стаўку выкладчыкі, даюць другое жыццё забытым песням, дадаючы сучасную нотку. Так, у гэты раз гучалі “Валёнкі” і “Цёмна-вішнёвы шаль”, і зноў нумары нашых дзяцей сталі эксклюзівам на міжнароднай сцэне. 

Трэці складнік, як ні круці, матэрыяльны. Усе конкурсы такога ўзроўню платныя, часам, абавязковы ўзнос для ўдзельнікаў – гэта некалькі соцень тысяч беларускіх рублёў. Заўсёды знаходзяць бацькі грошы на захапленне дзяцей, купляюць і новы інструмент дочкам і сынам. Усё для агульнай справы. Дзякуе за гэта Алег Іванавіч бацькам сваіх выхаванцаў. Словы падзякі гучалі ад яго і ў бок кіраўніцтва.  
– Дзякуючы поўнаму разуменню з кіраўніцтвам мы “гучым” на конкурсах і фестывалях. Гэта дапамога з транспартам, а таксама пакупка новага інструмента, – расказваў Алег Іванавіч. – У Мінск мы ездзілі з новым баянам, гэта падтрымка і разуменне Святланы Васільеўны Завадскай, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры  па справах моладзі райвыканкама, і Ларысы Яўгенаўны Зорка, загадчыцы сектара культуры аддзела. 

Важны складнік – гэта выкладчыкі. Лепшая пахвала для якіх – радасць і перамогі выхаванцаў. Добрай навіной падзялілася сям’я Зыбайлаў: напрыканцы 2015 года “Забавушка” атрымала званне ўзорнага ансамбля, гэта за тры гады існавання. Дасягненнем гэта мала назваць, сапраўдны прарыў выкладчыкаў і іх выхаванцаў! Віншуем з узнагародай, віншуем іх з новым званнем. І чакаем навінак на сцэне ў Год культуры ад “Забавушкі”. 
Падрыхтавала Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий