“Залаты акардэон Беларусі” – у Івацэвічах

8 сентября 2016 - Administrator
article2670.jpg

 З канцэрта ў Івацэвічах, які адбудзецца ў Івацэвіцкім ГДК 15 верасня, пачынаецца канцэртна-гастрольны тур Ігара Квашэвіча па Беларусі. Ён выходзіць на якасна новы ўзровень і перад публікай прадстане не толькі як віртуоз акардэяніст, а і як спявак, і кампазітар.


Ігар Квашэвіч – лаўрэат міжнародных конкурсаў і фестываляў, пераможца Вышэйшай лігі мэтраў сусветнага акардэона. Наш знакаміты зямляк, родам ён з Целяхан, зараз вучыцца ў самай прэстыжнай для музыкантаў усяго свету ўстанове – універсітэце музыкі і тэатра г. Мюнхен (Германія). Нягледзячы на тое, што Ігар Міхайлавіч на перыяд вучобы пераехаў жыць з сям’ёй у Германію, у Беларусі ён больш чым часты госць. 
За мінулы канцэртны сезон 2015-2016 года пад эгідай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь праходзіў “Тыдзень акардэона” на базе сярэдніх спецыяльных музычных каледжаў краіны. З кастрычніка мінулага года да мая сёлетняга штомесяц ладзіліся творчыя сустрэчы з педкалектывамі і падрастаючым пакаленнем гэтых устаноў, даваў Ігар Квашэвіч у іх дабрачынныя майстар-класы. 

Ідэя “Тыдня акардэона” была падтрымана і рэалізавана Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, а сёлета стартуе пад яго крылом яшчэ больш маштабны праект  –“Беларусь-тур”. Ім будзе ахоплена 120 гарадоў краіны. 
Тур пачынаецца з 15 верасня на радзіме музыканта – у Івацэвічах. Унікальнасць яго ў тым, што кожнае выступленне будзе складацца з дзвюх праграм. Першая – дабрачынная. Гэта значыць, што на базе гарадскіх школ мастацтваў будуць ладзіцца творчыя сустрэчы з баяністам ці давацца майстар-класы, другая – вячэрнія канцэрты для жыхароў і гасцей горада любога ўзросту і роду заняткаў.  У праграме канцэрта – інструментальная музыка і песні, тэкст і музыка да якіх напісаны самім аўтарам і прагучаць у аўтарскім выкананні. 

Дарэчы, у мінулым годзе выйшаў першы аўтарскі  альбом Ігара Квашэвіча “Поры года”, які можна будзе набыць падчас канцэрта. 
– Мне было вельмі прыемна, калі песня “Мілая мая”, якая ўвайшла ў альбом, у выкананні Народнага артыста Беларусі Мікалая Скорыкава выйшла ў фінал “Песні года Беларусі-2014”, што праходзіў у Мірскім палацы, – заўважае Ігар Міхайлавіч.
Праграма “Беларусь-тура” Ігара Квашэвіча разлічана амаль на год, вянец яе адбудзецца ў родных Целяханах ужо ў будучым годзе. 
– 120 канцэртаў – гэта вялікая нагрузка…
– Так, сіл, цярплівасці і здароўя патрабуецца шмат. Бо 120 трэба памножыць на два. Кожны майстар-клас – гэта выкладанне па поўнай, гэта перастройванне з хвалі на хвалю эмоцый і тэхнічных навыкаў, якое патрабуе як каласальнага фізічнага напружання, так і натхнення. 
Даваць дабрачынныя майстар-класы для юных навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў – асабістая пазіцыя таленавітага музыканта. На яго думку, таленавітых дзяцей у свеце не так ужо і многа, але, як паказвае практыка, іх большасць нараджаецца ў правінцыях. І юныя таленты маюць патрэбу ва ўвазе, у развіцці, у прыкладзе профі-майстра. “Я сам праходзіў гэты шлях станаўлення асобы музыканта і ведаю, наколькі важна, калі на гарызонце з’яўляецца чалавек, які запальвае ў тваёй душы факел жадання расці творча і імкнуцца да новых вяршынь. Іншы раз адна такая сустрэча ўплывае на далейшы лёс чалавека, як некалі на мяне паўплываў таленавіты акардэяніст з Брэста, пасля канцэрта якога я забыў пра свой любімы футбол і стаў з ранку да вечара “піліць” акардэон” – усміхаецца Ігар Квашэвіч. – Мне вельмі прыемна назіраць, калі пасля сустрэч з юнымі музыкантамі яны, акрыленыя, сядаюць за інструмент тут жа ў калідоры і з імпэтам займаюцца музыкай… Маладыя – гэта будучае маёй Радзімы, а я не абыякавы да таго, што будзе заўтра ў Беларусі. А калі глыбей паглядзець на гэта, то ланцужок можна прадоўжыць: таленавітае дзіця стане профі, узнімецца на п’едэстал знакамітасці і будзе праслаўляць сваю краіну, а ад гэтага будзе расці яе імідж на сусветнай прасторы. Нездарма кажуць, што самае выгаднае ўкладванне інвестыцый – падтрымка творчых пачынанняў”.

Сам маэстра скончыў у свой час “на выдатна” музычную школу ў Целяханах, потым “на выдатна” музычнае вучылішча ў Баранавічах і Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі – “на выдатна” і ў 2004 годзе – магістратуру БДАМ. Ён стаў першым беларускім акардэяністам, які ўвайшоў у Вышэйшую лігу мэтраў сусветнага акардэона і першым беларускім акардэяністам у гісторыі краіны, які стаў лаўрэатам Міжнароднага конкурса ў Клінгентале. “Залаты акардэон Расіі” Валерый Ковтун запрашаў яго –  “залаты акардэон Беларусі”– на фестываль “Карнавал акардэона”, які праходзіць у Крамлёўскім палацы. А за перамогу ў Вышэйшай лізе мэтраў сусветнага акардэона Ігар Квашэвіч узнагароджаны медалём і граматай з прысваеннем звання лаўрэата Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ён член журы рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. 

Жонка Ніна Аляксандраўна Якуш – кандыдат медыцынскіх навук, працуе ў Германіі доктарам. З ёю Ігар Міхайлавіч часта музыцыруе і іграе ў дуэце. А вось старэйшая дачка вучыцца іграць на флейце. І што цікава, заняткі музыкай адзін на адзін з выкладчыкам у Германіі – адзін раз на тыдзень і ўсяго 30 хвілін. Ніякіх сальфеджыо, аркестраў, хораў, урокаў па музычнай літаратуры там не прадугледжана. Таму, на думку Ігара Квашэвіча, наша сістэма музыкальнага выхавання дасць фору любой замежнай сістэме. І ні ў якім разе яе нельга разбураць. “Школа-каледж-ВНУ – цудоўная сістэма, і трэба класці паклон перад яе заснавальнікамі, – кажа маэстра. – Нашы выхаванцы заўсёды будуць на дзве галавы вышэй па майстэрству за сваіх замежных аднагодкаў. У той жа час вельмі хацелася б укараніць у нашых маленькіх гарадах традыцыю канцэртаў інструментальнай музыкі на працягу года. Каб людзі маглі наталяць сваю душу класікай у высокім сэнсе слова”. 
…Праз некалькі дзён пасля нашай сустрэчы, якая адбылася ў Івацэвічах, Ігар Квашэвіч адправіўся на фестываль акардэоннай музыкі ў г.Марбург, які будзе праходзіць з 8 па 11 верасня. Пасля яго – чаканая сустрэча з землякамі. Прыходзьце, не пашкадуеце.
Валянціна БОБРЫК.
Комментарии (0)
Добавить комментарий