Абаяльнасць Целяханскай восені

22 ноября 2016 - Administrator
article2802.jpg

 Зноў накручваецца на колы аўтамабіля лента шашы, зноў сонца на захадзе праводзіць нас з Івацэвіч у Целяханы. На календары – лістапад. А гэта значыць, што ў Целяханскім цэнтры культуры і вольнага часу свята. Тое, якога чакаюць усе мясцовыя, на якое запрашаюць гасцей з райцэнтра, на якое паважаныя спонсары, як жартам прызнаюцца некаторыя самі, хоць раз у год апранаюць святочныя строі…

У Целяханах – “Міс Восень-2016”.

Які раз бываю тут, і кожны раз з надзеяй чакаю пачатку. З надзеяй на здзіўленне. На нешта новае і цікавае. І апраўданні не бываюць марнымі. Няхай хоць нейкай дробачкай навізны, але розніцца свята аднаго году ад другога, і здзіўленне – бывае. А з ім і захапленне. На гэты раз такім чароўным дзействам аказалася адкрыццё свята – феерычным танцам з “халодным салютам”  і надзвычай эфектным выхадам “Яе Чароўнасці Восені” – уявіце сабе, на сцэне сучаснага палескага пасёлка дзяўчына ў найпрыгажэйшым строі, сама – свята маладосці, і ў атачэнні двух юнакоў у… сапраўдных чорных фраках! У белых сарочках! З гальштукамі-“бабачкамі”! А як трымаліся, як праходзілі, як глядзеліся з залы!

Трэба заўважыць адну асаблівасць Целяханскай восені (давайце так назавём гэтае свята). Дык вось, тут няма лішняй пампезнасці, але ёсць урачыстасць і павага літаральна да кожнага ўдзельніка дзейства. Урачыста вядучыя называюць усіх членаў журы, а тыя ўстаюць і паказваюцца гледачам у зале. Сур’ёзны момант, лічу: адразу адчуваеш асаблівую адказнасць перад гэтай перапоўненай залай. Дарэчы, яшчэ момант новы: на гэты раз у журы было пяцёра мужчын і жанчына, пры гэтым, звярніце ўвагу: паважаны і добра вядомы ў Целяханах (як паказала рэакцыя зала на гэтае імя) урач агульнай практыкі Целяханскай бальніцы Валянцін Цікавы. Яшчэ ў журы, акрамя аўтара гэтых радкоў, былі Святлана Завадская, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама; Ігар Саюк, галоўны спецыяліст па справах моладзі гэтага ж аддзела; Дзмітрый Казляк, намеснік дырэктара Івацэвіцкага ГДК; Дзмітрый Грынчык, намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Івацэвіцкага РАНС.

З асаблівай павагай і цеплынёй называлі вядучыя і спонсараў мерапрыемства, якія таксама ўздымаліся пад шчырыя апладысменты залы. Дарэчы сказаць, 
падыход да спонсараў у кіраўніка ЦКіВЧ Наталлі Бінкевіч асаблівы. Яна не просіць “Дайце”, яна запрашае: “Прыйдзіце, адпачніце, атрымайце асалоду, паглядзіце і падтрымайце! Самі падтрымайце, самі ўручыце свае прызы!”. І прыходзяць, і адгукаюцца, і кажуць пранізлівыя часам і заўсёды ўдзячныя словы юным прыгажуням-канкурсанткам. Таму і мне хочацца з павагай пералічыць сёння гэтых людзей – спонсараў, заснавальнікаў незалежных прызоў: Целяханскі сельвыканкам (і сам старшыня яго Трафім Дзямянчык  прысутнічаў на свяце – вось прыклад увагі і павагі ўлады да моладзі); Целяханская  СШ у асобах С. І. Сігневіч і А. Л. Палуяновіч; філіял “ПМК-60” ААТ “Пінскводбуд” у асобе Паўла Мяліка; філіял “Целяханы” Беларусьгандлю у асобе Рыты Куратнік і Святланы Вашчыла; фермерская гаспадарка “Коланск” у асобе Тамары Камяк; фермерская гаспадарка “Краглевічы” ў асобе Алены Карповіч; ІП С.С. Капыціч у асобе Святланы Крэк; прадстаўнік кампаніі “Мэры Кэй” у асобе Марыны Саколік (дарэчы, макіяж дзяўчатам рабіла яна ж касметыкай фірмы); Іна Вярэніч, арганізатар інтэрнэт-галасавання і спонсар феерверка “халодныя фантаны”. І яшчэ традыцыйна – адзін незалежны прыз, заснавальнік якога застаўся невядомым.

Даруйце за гэтулькі радкоў няпростага для чытання тэксту, але нельга не назваць гэтыя арганізацыі і фірмы, гэтых людзей. Таму што дзякуючы і ім свята ў Целяханах існуе на працягу столькіх гадоў і стала ўжо сапраўдным брэндам пасёлка.
Патрабуецца яшчэ разоў у дзесяць больш газетнай плошчы, каб пералічыць тых, хто спрычыніўся сваім удзелам да свята, хто дапамагаў у яго арганізацыі і чыя работа засталася “за кадрам”. Акрамя адданых сваёй справе работнікаў цэнтра культуры, агулам у падрыхтоўцы свята было задзейнічана больш за сто чалавек!

Уявіце сабе: сто чалавек, сярод якіх – пераважна моладзь, амаль тры месяцы рыхтавалі свята, жылі ім, займаліся ў вольны час. Гэта і ёсць сапраўдны вынік работы ЦКіВЧ – яны захапілі, натхнілі, далі занятак і клопат столькім людзям.
Вось што атрымалася ўрэшце: гэты конкурс з гадамі стаўся пакрысе не проста шоу, а вялікім справаздачным канцэртам усіх мастацкіх груп і калектываў, якія займаюцца ў ЦКіВЧ. На сцэне са сваімі лепшымі нумарамі пабывалі ўсе: ад самых маленькіх да дарослых. Былі спевы, танцы, асобныя нумары. І гэта было яскрава і відовішчна, захапляльна і весела. Увогуле ж, са свайго боку адзначу дынамічнасць усяго шоу, час ляцеў вельмі хутка, дзеі на сцэне разгортваліся імкліва…

Але цяпер пра галоўнае на гэтым свяце – пра юных канкурсантак, мілых і абаяльных прыгажунь Целяхан.
Ведаеце, у каго з журы самая цяжкая роля? Ды ў таго, каму называць першыя прозвішчы. Бо ж апошнім называецца імя пераможцы, вось і адчайна мяркуюць дзяўчаткі, што калі назвалі тваё першае – значыць, ты ці не апошняя…
Гэта вельмі цяжка для нас, дарослых – не вызначыць пераможцу, а назваць тых, хто не увайшоў у тройку прызёраў, не атрымаў карону.
І хоць атрымліваюць дзяўчаты ад спонсараў усе аднолькавыя прызы (вунь колькі ў кожнай!), і хоць 
сто разоў казалі ім, і самі яны разумеюць, што не конкурс гэта, не можа ён нешта важнае вызначаць, гэта – свята, гэта – шоу, але… Але эмоцыі юных сэрцаў – праз край. І радасць праз край, і праз край адчай…

Яны, на гэты раз сямёра школьніц Целяханскай сярэдняй школы і адна – школы-інтэрната, былі цэнтрам увагі, былі галоўным жывым згусткам энергіі, прыгажосці і  маладосці на гэтым вечары. Далібог, яны самі наўрад ці ўсвядомілі, што яны не проста 
ўдзельнічалі ў конкурсе – яны стваралі штогадовае, галоўнае, бадай што, культурнае свята целяханцаў. У яго былі ўцягнуты дзеці, падлеткі, дарослыя, настаўнікі… Васьмёра дзяўчынак сталі цэнтрам, вакол якога літаральна круцілася клопатам жыццё Целяхан цягам апошніх месяцаў і вось выбухнула фінальным прыгожым акордам.

Пасля заканчэння вечара мы, члены журы, разам з работнікамі цэнтра думалі вось над чым: як называць першыя намінацыі так, каб ніхто з канкурсантак не падумала, што яна – апошняя? Бо і на самай жа справе, вызначаем мы па балах, якія набралі дзяўчынкі, толькі тры першыя месцы, а пасля  з улікам праяўленых здольнасцей у кожнай намінацыі вызначаем міс “Грацыю”, міс “Высокі стыль”… Дарэчы, прапанавалі мы і новае: каб абранне пераможцы ў намінацыі "Сімпатыі гледачоў" сапраўды засталося за гледачамі, праводзіць яго шляхам галасавання сярод гледачоў. Справа няпростая, але арганізатары абяцалі падумаць…  Былі і яшчэ прапановы, хто ведае, мо наступным разам будуць заданні не толькі ад арганізатараў, але і ад журы. Каб, як кажуць, быў поўны эксклюзіў на сцэне…
А цяпер мы назавём імёны іх, галоўных юных прыгажунь Целяханскай восені, назавём так, як яны стаяць на здымку, бо кожная з іх – пераможца ў галоўным: яны ўсе перамаглі сваю боязь, сваю сарамлівасць і атрымалі разам галоўны ў іх жыцці прыз – ім пляскалі, імі захапляліся іх землякі, целяханцы.  Гэта дорага каштуе.

Злева направа: Крысціна Сінюкова – міс “Сімпатыі гледачоў”; Алеся Купрыянчык –  2-я віцэ-міс “Восень-2016”; Паліна Бугук – міс “Само зачараванне”; Насця Сушчанка – міс “Восень-2016”; Ганна Якімовіч – 1-я віцэ-міс “Восень-2016”; Аляксандра Дзямчыла – міс “Дзелавое абаянне”; Анжаліка Гапонік – міс “Грацыя”; Анастасія Віктаровіч – міс “Высокі стыль”. 
І на гэтым дзякуем. Дзякуем арганізатарам – за працу, дзякуем целяханцам – за адданасць і вернасць 
традыцыям, спонсарам яшчэ раз – за разуменне і падтрымку, усім спрычыненым да канцэрта – за таленты і самаадданасць, і яшчэ раз галоўным гераіням свята – за тое, што былі яркімі, жывымі і цёплымі сонейкамі ў такі зімовы лістападаўскі вечар…
Валерый Гапееў, Валерый Міскевіч (фота).
Комментарии (0)
Добавить комментарий