Які партрэт, які пейзаж:

12 апреля 2016 - Administrator
article2376.jpg

Вернісаж у Івацэвіцкім краязнаўчым музеі адбыўся 9 красавіка – запрацавала маляўнічая выстаўка вышытых карцін і велікодных вырабаў майстрых з нашага раёна, якія год таму ў межах музейнага праекта “Арт-дэбют” аб’ядналіся ў клуб “Кудесница”. Іх работы выстаўляюцца ўпершыню, і палюбавацца іх прыгажосцю, акуратнасцю і непаўторнасцю можна будзе да Вербнай нядзелі – 24 красавіка.

 

Клуб  “Кудесница” аб’ядноўвае 11 майстрых, але дзверы яго адчыненыя для ўсіх нераўнадушных да вышывання. За час яго існавання адбылося шэсць пасяджэнняў у музеі. Чым займаюцца на іх майстрыхі? Яны абменьваюцца вопытам, схемамі, матэрыяламі, ідэямі. Расказваюць, дзе, што і пачым набывалі для свайго хобі, у каго афармлялі работы, вучаць адзін аднаго новым тэхнікам вышывання. На ў нейкім сэнсе справаздачнай выставе прадстаўлены вышытыя работы дзесяці майстрых: Людмілы Ганчарэнка, Алы Зубач, Зоі Палуянавіч,  Марыі Гойшык, Веры Голуб, Зінаіды Казак, Таццяны Гулевіч (дарэчы, яна кіраўнік клуба), Валянціны Басалай, Таццяны Сіткевіч, Ірыны Паляковай.

 

Выстаўка атрымала назву “Свет у тваіх далонях”, але і ў міні-выставак кожнай майстрыхі ёсць сваё імя: “Другое дыханне”, “Нітка часу”, “Іголкатэрапія”, “Чароўны крыжык”, “Мілы сэрцу куточак”, “Натхненне” і іншыя. Усе яны адлюстроўваюць ролю вышывання ў жыцці жанчыны: яно і лечыць, і надае сіл, і заварожвае, і натхняе. Некаторыя работы сапраўды ўражваюць, бо здаецца, што перад табой – малюнак 3D. Такі эфект склаўся ад карціны “Мальвы”  Зінаіды Казак. Над сваёй работай “Пецярбургскі дворык” Таццяна Гулевіч працавала паўтара года, і рэзультат апраўдаў намаганні: атрымалася маштабная работа, выкананая з вялікім густам і любоўю да сюжэту. Работы Ірыны Паляковай самі вышывальшчыцы ставяць на першае месца па акуратнасці, а Валянціна Басалай заручылася падтрымкай мужа Уладзіміра, які змайстраваў для яе два станкі для вышывання – настольны і падлогавы. Яны таксама прадстаўлены ў музеі.

 

Падборка работ кожнай вышывальшчыцы парадуе вока наведвальніка тэхнікамі вышывання, разнастайнасцю сюжэтаў, буянствам фарбаў, асаблівым бачаннем свету стваральніка вырабу. Ладна глядзяцца карціны на спецыяльным падвесным абсталяванні, яны аформленыя ў прыгожыя рамы (з гэтым дапамагае багетная майстэрня “ПаноРАМА” ў г. Бяроза, яе гаспадыня прыязджала на адкрыццё выстаўкі).

 

Акрамя вышытых карцін, на выстаўцы можна пазнаёміцца з работамі ў тэхніцы квілінг Алены Гладун, а таксама Валянціны Лазарчук – у тэхніцы арыгамі. А Ірына Кірчук прадставіла на выставе разнастайныя работы на велікодную тэму і здзівіла тым, як працуе яе фантазія ў тандэме з “залатымі” рукамі. Дарэчы, 23 красавіка яна правядзе майстар-клас па роспісе велікодных яек, вырабе сурвэтак-зайчыкаў на святочны стол. Яго ўдзельнікамі будуць школьнікі, але вы лёгка можаце да іх далучыцца.

 

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ, Паліна САУЦІНА (фота).

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий