Мы кнігу маем!

6 января 2016 - Administrator
article2169.jpg

 Чарговую, новую, нашага вядомага аўтара, аматара-этнографа, нястомнага збіральніка народных моўных скарбаў, апантанага улюбёнца роднай зямлі Алеся Зайкі.

У самым пачатку Года культуры нам прыемна паведаміць гэтую добрую навіну: літаральна за некалькі дзён да Новага года ў выдавецтве “Альтэрнатыва” г. Брэста выйшла чарговая кніга кароткай прозы “Чысты чацвер”.

Чытачы, якія раней пазнаёміліся з кнігай прозы Алеся Фаміча “Дым з коміна”, пэўна ж будуць рады зноў акунуцца ў густоўную прозу пісьменніка, зноў сустрэцца са знаёмымі героямі. А героі Алеся Зайкі – яго суседзі, знаёмыя, сустрэчныя на вялікім шляху яго жыцця.
Багатая і вобразная літаратурная мова аўтара раскрывае не проста ўсю глыбіню простага жыцця вяскоўцаў, але і душу чалавека. За кароткімі дыялогамі, здарэннямі, сустрэчамі  – часам шматпакутны лёс, жыццё, поўнае выпрабаванняў.

Але галоўнае ў гэтай кнізе, як і ў папярэдняй – то нязломны дух чалавека, яго спрадвечная цяга да прыгожага, уменне бачыць чыстае і светлае нават у самым чорным і хмурным. Так, бывае, бядуюць героі Алеся Зайкі, бывае, перажываюць бяду, але застаюцца людзьмі. І гэта жыццядзейнасць нашага народа, нязломны ягоны дух – уся сутнасць і аснова.

Ніяк не выпадкова мае назву кніга – “Чысты чацвер”. Вы ж ведаеце – гэта той асаблівы дзень перад Велікаднем, калі мыюцца ў лазнях і лазенках усе, тым самым рытуальна змываючы не толькі бруд з цела, колькі ачышчаючы сваю душу ад непатрэбшчыны, каб чыстым сэрцам сустрэць вялікае свята. Гэтак і кніга. Чытанне яе старонак  дапамагае ачысціць сваю душу ад тлуму і сумневу, ад роспачы і няверы.
З другога боку, кароткія гісторыі і запісы служаць сапраўднай гісторыяй, перадаючы нам побыт, філасофію і стаўленне да жыцця розных пакаленняў.

Адна з самых яскравых адметнасцей нашага народу знайшла сваё ўвасабленне ў кнізе Алеся Зайкі – здольнасць да гумару. Так, умеў і ўмее жартаваць наш народ, жартаваць дасціпна і трапна, часам бяскрыўдна, часам востра, сатырычна. Каб сістэматызаваць народныя жарты, надаць ім непасрэдную сувязь з крыніцамі, аўтар стварыў адмысловую вёску. Яе не знойдзеш на карце, яна  існуе ў кнізе. І завецца – Верацяі. Жывуць у ёй цікавыя і самабытныя, вясёлыя і дасціпныя верацейцы. З іх жартаў ды кпінаў склаўся асобны раздзел кнігі, які чытаецца з добрай усмешкай, што яшчэ больш ачышчае душу…
“Чысты чацвер” – кніга для душы і пра душу чалавека.
Пытайце ў кнігарні!
Валерый ГАПЕЕЎ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий