Праслаўляць сваю маленькую радзіму...

6 мая 2016 - Administrator
article2427.jpg

 У ДУК “Івацэвіцкі гісторыка-краязнаўчы музей» адкрылася перасоўная выстаўка “На Радзіме Тадэвуша Касцюшкі”, прысвечаная 270-годдзю з дня нараджэння славутага сына Івацэвіцкага краю. Тут прадстаўлены працы сучасных беларускіх мастакоў (членаў Саюза мастакоў Беларусі), якія аб’ядналіся дзеля агульнай мэты. Яны, не саромеючыся, называюць сябе патрыётамі. Кожны з удзельнікаў – дзейсны і актыўны творца культуры, кожны прагне перадаць любоў да роднай беларускай зямлі праз свае творы. 


Перасоўная выстаўка ўжо пабывала ў Полацку, Мазыры, Смаргоні і іншых гарадах Беларусі, зараз – у Івацэвічах. У экспазіцыі прымаюць удзел мастакі з Мінска – Фёдар Ладуцька, Яўген Шунейка, са Слоніма – Васіль Грыневіч, Казімір Кулеш, Тамара і Алесь Стацэнкі, Уладзімір Макарэвіч, скульптар Леанід Богдан. 

Ініцыятарам і аўтарам творчай канцэпцыі выстаўкі сталі мастакі Андрэй Лычкоўскі з Мінска і Яўген Іваноў са Слоніма. “У аснове кампазіцыі знаходзіцца вобраз вольнай беларускай зямлі, за якую пакладзена было безліч жыццяў мужных герояў-абаронцаў. Гэта мясціны, якія памятаюць вызваленчыя паўстанні на чале з Тадэвушам Касцюшкам”, – такімі словамі адкрыла выстаўку дырэктар музея Раіса Горбач.
Выступіў арганізатар выстаўкі Андрэй Лычкоўскі, які расказаў, як мастакі аб’ядналіся і якую ідэю яны нясуць сваёй справай. “Мы сабралі мастакоў, якія жывуць у Слоніме і Мінску, і пачалі працаваць разам. Адны пішуць гістарычныя, іншыя – лірычныя пейзажы, далучыліся скульптар, графік, габеленшчык. Склалася суполка з васьмі чалавек. Робім гэта найперш для саміх сябе, бо ганарымся, што ходзім па гэтай зямлі. Тадэвуш Касцюшка – адметны герой Беларусі і зараз мы на яго Радзіме”. Яўген Іваноў са Слоніма, які выкладаў раней выяўленчае мастацтва дзецям, адзначыў цяжкасць работы з дарослымі, прафесійнымі і аматарамі-мастакамі, людзьмі творчымі, якіх вырашыў сабраць у Слоніме пяць гадоў таму. Але яны паставілі перад сабой агульную мэту: “Праслаўляць сваю маленькую радзіму”. 

Потым мастакі паставілі свае мальберты ў вялікай зале музея, дасталі фарбы, пастэлі і запрасілі прысутных паўдзельнічаць у майстар-класе. На адкрыцці прысутнічалі настаўнікі разам з вучнямі ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы”, яны і далучыліся да малявання. Адны пажадалі пазіраваць для партрэтаў, іншыя заняліся калектыўным напісаннем нацюрмортаў. 

Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Зорка выказала сваю ўдзячнасць арганізатарам выстаўкі: “Хачу сказаць асабістае “Дзякуй вам!”, а таксама ад райвыканкама і жыхароў раёна. Правільна вы казалі раней, што ў нас такая багатая і прыгожая Беларусь, і мы гэта бачым і на вашых карцінах. За намі – пакаленне маладых, і наша мэта – перадаць ім гэта бачанне прыгажосці, любоў да роднай зямлі”.

Выстаўка працягнецца да 15 мая. Падчас работы мастакі правядуць два жывапісныя пленэры: 14 мая ў Косаве, 15 мая ў Целяханах. А ў “Ноч музея-2016” – 13 мая ў 18.00 – адбудзецца майстар-клас, дзе будуць удзельнікі выстаўкі, а таксама мастакі Івацэвіцкага раёна (Анатоль Галушка, Віктар Такарчук, Васіль Міскевіч, Аляксандр Пукала і іншыя).
Цана білета на выстаўку: школьны, дзіцячы – 5000 руб., дарослы – 10000 руб. Даведкі па тэлефоне 9-31-66, МТС (29) 766-81-006.
Ганна КАРПОВІЧ (фота аўтара).
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий