Россып шчырых пачуццяў і кранальных радкоў…

30 декабря 2016 - Administrator
article2874.jpg

 Віншуем дыпламантаў анлайн-конкурсу “Прысвячаю, люблю, берагу…”


…У нейкі адзін дзень у кабінеце раптам запанавала цішыня. Мы так прызвычаіліся да таго, што тэлефон змаўкаў самае большае на адну хвіліну, што пасля завяршэння галасавання было нязвыкла ціха. Колькі мы прынялі званкоў? Сотні! Колькі галасоў атрымалі агулам паэты на сайце? Тысячы!

А яшчэ было журы. І яно таксама ставіла свае балы за кожны апублікаваны верш.
Дзякуем! Шчыра дзякуем усім аўтарам, якія прынялі ўдзел у нашым паэтычным конкурсе. Дзякуем жыхарам раёна, наведвальнікам сайта за пранікнёныя званкі, аддадзеныя галасы.

Па шчырасці, мы не чакалі ні такой колькасці ўдзельнікаў, ні такой актыўнасці жыхароў раёна. Не чакалі і такіх шчырых, кранальных водгукаў. Не палічыце за перабольшванне, але былі тэлефанаванні, калі мы напачатку чулі ўсхліпы чалавека, ён супакойваўся, а пасля ўжо казаў, за які верш хоча аддаць свой голас.  Прызнаемся, найбольшыя пачуцці выклікалі вершы Таццяны Мамчыц – пра асірацелы бацькоўскі дом, і Любові Каліноўскай – “Малітва”. Што ні дзіўна – у іх выказаны знаёмыя і блізкія ўсім людзям пачуцці любові да свайго дома, сваіх дзяцей.
Адзін маленькі момант. Было колькі званкоў, у якіх гучала: а я вось гэты верш помню, чытала недзе на сайце ў “Аднакласніках”. На што я адказваў: і я помню. Мы не агаворвалі, што да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца толькі новыя, раней не друкаваныя вершы. А што нечы верш патрапіў у сацыяльныя сеткі – нічога дзіўнага. А вось аўтарства кожнага верша не выклікае ніякіх сумненняў.
Цяпер пра тое, як абіраліся лепшыя вершы.

У нас было пяцёра суддзяў. Аляксандра Джэжора, галоўны рэдактар раённай газеты “Івацэвіцкі веснік”, старшыня раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын”; аўтар гэтых радкоў, член Саюза беларускіх пісьменнікаў; Дзяніс Пакалюк, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”; Ігар Саюк, спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама; Ірына Краўчук, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў. І вось кожны член журы асобна ад астатніх ацэньваў усе вершы па 10-бальнай шкале. Мы не спрачаліся між сабой, не даказвалі адзін другому значнасць таго ці іншага верша – кожны ацэньваў з асабістых меркаванняў. Карацей, як на сэрца лягло. Пасля ўсе балы ўсіх удзельнікаў складаліся – і мы атрымалі тры першыя месцы.

Далей мы глядзелі на тое, колькі галасоў набраў верш тэлефанаваннямі, галасамі на сайце, і з улікам выстаўленых раней ацэнак журы мы вызначылі яшчэ трох лаўрэатаў. Сваіх лаўрэатаў назвалі і нашы спонсары: раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Такім чынам – 9. Дзевяць лепшых вершаў, лепшых аўтараў.

Менавіта іх мы запрасілі ў нашу рэдакцыю на цырымонію падвядзення вынікаў нашага конкурсу.
Сёння мы называем іх.
● Анатоль Галушка (“Любіць…”) – першае месца;
● Любоў Каліноўская (“Малітва”) – другое месца;
● Алена Наскова (“Шчасце”) – трэцяе месца;
● Таццяна Мікуліч (“Бацькоўскі дом”) – Дыплом у намінацыі “За шчырасць пачуццяў”;
● Зінаіда Велікаселец (“Родны горад”) – Дыплом у намінацыі “За паэтычнае майстэрства”;
● Таццяна Мамчыц (“Хата”) – Дыплом у намінацыі “За шчырасць пачуццяў”;
● Надзея Дылюк (“Івацэвіцкі любы мой краю…”) – Дыплом у намінацыі “За праслаўленне роднага краю”;
● Рамуальда Пархута (“Паланэз”) – Дыплом у намінацыі “За гістарычную памяць”;
● Яна Дробыш – “Все исчезло бесследно…” – Дыплом у намінацыі “Галасы маладых”.
Віншуем!
Разам з дыпломамі пераможцаў і лаўрэатаў кожны аўтар атрымаў каштоўны падарунак ад рэдакцыі “ІВ”, ад нашых спонсараў.
Са сваім падарункам усім фіналістам прыйшла дырэктар Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея Раіса Горбач – яна ўручыла сертыфікаты на бясплатнае наведванне выставак музея на працягу ўсяго наступнага 2017 года.
Асобныя падарункі – ад раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын”. То былі лялькі-абярэгі, зробленыя рукамі рамеснікаў, наведвальнікаў аддзялення дзённага прабывання інвалідаў ДУ “Івацэвіцкі ТЦСАН”.
А пасля была сяброўская размова за сталом з чаем і цукеркамі, з пірагом ад нашай паэткі Любові Каліноўскай, гучалі і вершы, і расповеды з жыцця паэтаў, і словы падзякі ў два бакі.

Колькі слоў хацелася б сказаць пра аўтараў, іх вершы. Вось Алена Наскова – наш дэбютант, а яе разуменне шчасця, вобразнае параўнанне яго з малым дзіцем знайшло свой шчыры водгук у членаў журы. Вось Зінаіда Велікаселец – яе верш вытанчаны па форме, кожнае слова на сваім месцы, адмысловая пабудова – і гэта песня! Вось маладая Яна Дробыш – яна ці не адзіны пракурорскі работнік у рэспубліцы, які піша вершы, ды яшчэ такія тонкія, лірычныя, глыбокія, з нечаканымі метафарамі. Надзея Дылюк у адзін верш змагла дасканала ўмясціць увесь наш Івацэвіцкі край, яго адметнасці, і выкласці пачуццё гордасці за гэтую зямлю непасрэдна і шчыра. Пранікнёная “Малітва” Любові Каліноўскай завяршаецца нечаканым радком, які літаральна выбухоўвае трапяткім пачуццём мацярынскай любові. З успамінаў і пачуцця еднасці са сваім родам, з зямлёй, са шчырых імкненняў душы сатканы “Паланэз” Рамуальды Пархуты. Поўніцца пахамі і колерамі – белага язміннага і ружовага півоняў – верш-прызнанне ў любові бацькоўскаму дому Таццяны Мікуліч. Сапраўдны боль страты і светлая падзячнасць у вершы Таццяны Мамчыц, пачуцці, здольныя выклікаць душэўны катарсіс. І як біблейскія запаветы гучаць радкі нашага слыннага паэта Анатоля Галушкі, дзе кожнае слоўца напісанае поклічам душы і памяццю сэрца...

Конкурс завершаны. І нечага, як заўсёды, крышку шкада. Шкада, што невялікае, але сапраўднае свята паэзіі ў нас завяршылася. Шкада, што немагчыма адзначыць усе тыя вершы, якія, прыкладам, у мяне выклікалі многа розных пачуццяў, ды не трапілі яны ў фінал. Што зробіш – конкурс ёсць конкурс, тут заўсёды пераможцаў меней, чым удзельнікаў, і як ні абірай лепшых, нехта застанецца за межамі фіналу. І тым не менш, мне цяпер хочацца назваць яшчэ колькі аўтараў. Найперш – нашу вядомую паэтку Таццяну Куратнік. Магчыма, яе верш быў не такі пранізлівы, як іншых паэтак, але чыстае і светлае пачуццё ў вершы разам з дасканалай формай ствараюць цудоўную карцінку нашай памяці. Таццяна Куратнік – паэтка ціхіх пачуццяў, але пераканаўчых і шчырых. Нельга не адзначыць дасканаласць рытму і рыфму, добры і мяккі гумар Віктара Рэчыца, звярну вашу ўвагу на маладую паэтку Вікторыю Галоўчык і на боль за родную мову ў яе вершы. Расце майстэрства Лідзіі Вярышка – яе конкурсны верш стаўся кансістэнцыяй жаночых пачуццяў, выказаных вобразна і глыбока. Незвычайным быў зварот сталага аўтара раёнкі, вопытнага паэта Віктара Радыня да сваёй маладосці, якое ён пераасэнсаваў па-мастацку, яго голас гучыць пранікнёна і надзвычай чыста. Глыбокім і філасофскім падаўся мне верш Марыі Кавалевіч “Мая Беларусь”, кранулі радкі болю Людмілы Мілеўскай у вершы “Афганістан”, светлай падзякай і захапленнем напоўнены кароткі твор Кацярыны Дзенісюк “Гори, звезда». А яшчэ папраўдзе паверыў запрашэнню Наталлі Купрыянчык, якое ўвасобілася ў яе вершы “Прыязджай”, паверыў у тое, што сустрэнуць мяне ў Целяханах многія дзівосы… 

Увогуле ж, адзначу, з Целяханскага краю было вельмі многа дасланых вершаў. Зрэшты, неяк і не дзіўна: мабыць, сама прырода таго краю акумулявала многія гады і стагоддзі невычарпальнае хараство,  і чуйныя да гэтага хараства людзі атрымліваюць сваё натхненне ў гэтых краях. І гэта цудоўна.
Наш конкурс завершаны. Але ж новы год толькі пачынаецца, і значыць, быць яшчэ новым конкурсам у нашай раёнцы, быць новым вершам у літаратурнай старонцы, быць новым аўтарам і новым адкрыццям.
Валерый Гапееў, член журы.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий