Ткацтва – яе любімы занятак

15 января 2016 - Administrator
article2182.jpg

 Соф’я Аляксееўна Юркевіч жыве ў вёсцы Вулька-Целяханская. Ёй пайшоў 87 гадок. Але жанчына ў сваім шаноўным узросце ў вольны час шчыруе за ткацкім станком, садзіць агарод, трымае карову, ездзіць на веласіпедзе па ягады і грыбы.

 – Без работы я не магу, – кажа ёмкая і жвавая бабуля, да якой мы завіталі ў перадкалядныя дні. – Ткацтва патрабуе ўважлівасці, і трэба думаць галавой, каб не збіцца з узорам. Я, ведаеце, як за станком, нічога не заўважаю, забываюцца ўсе цяжкія думкі і час не ідзе, а ляціць…
Калі пачалася Вялікая Айчынная, Соф’і Аляксееўне было толькі 12 гадоў. Жанчына расхвалявалася, успомніўшы цяжкія пасляваенныя гады, замужжа, будоўлю сваёй хаты. Выхавала яна з мужам Мікалаем, які родам таксама з Вулькі-Целяханскай, шасцёра дзяцей: Слава, Юра, Валодзя, Васіль, Таня і Мікалай. Мікалая, на жаль, не стала ў 35 гадоў, і для маці страта сына так і засталася незагойнай ранай, ад якой яна ратуецца работай.

– Свякроў наша – натура творчая. Без справы не сядзіць, – расказвае нявестка Галіна, жонка сына Валодзі. – Як я ішла замуж да іх, то тады свякроў шмат вязала. І кручком, і спіцамі. Вышывала многа. І ткала. З усіх захапленняў ткацтва – любімая справа. Усім дзецям, унукам, праўнукам яна надарыла столькі сваіх цудоўных работ, паліцы ломяцца. Дапамагае Соф’я Аляксееўна ўсім, не забывае пра дні нараджэння, усіх віншуе.
Унукаў ў Соф’і Аляксееўны дзевяць, праўнукаў адзінаццаць. Калі ў хату стукалася вяселле, то ці аддавалі дзеўку замуж, ці жанілі хлопца, шчодры пасаг ручной работы атрымліваў кожны.

У Соф’і Аляксееўны ў хаце ёсць руская печ, у якой яна пячэ бліны, пячэнне, пірагі і іншыя прысмакі на малацэ ад сваёй кароўкі. Бабуля і нас кінулася частаваць пячэннем і каўрыжкай, якія яна пякла напярэдадні. Ахвотна яна расказвала рэцэпты свайго печыва. Але з яшчэ большай пяшчотай яна дзялілася сакрэтамі ткацтва. Дарэчы, не таннага занятку – толькі на ніткі бабуля аддае штомесяц каля мільёна рублёў.
Навучыла ткаць Соф’ю Аляксееўну яе маці Наталля Пятроўна. Але станок, які дастаўся ад маці, з часам стаў здаваць. Папрасіла тады Соф’я Аляксееўна мясцовага майстра зрабіць ёй новы, а ён прапанаваў ёй прывезці станок ад сваёй бабулі. З тае пары ў хаце Соф’і Аляксееўны ткацкі станок заняў пастаяннае месца.

Жанчына стала расказваць і паказваць як засноўваецца палатно, якую ролю выконвае ніт, пруткі, верхняе і ніжняе набіліца, берда, як прасоўваецца чаўнок, каб атрымліваўся каляровы ўзор… Прызнацца, колькі ні глядзела за спрытнымі рукамі Соф’і Аляксееўны, хоць і бачыла ў дзяцінстве, як ткала мая маці, не магла зразумець, як можна ўтрымліваць у галаве ўсе тонкасці гэтага складанага працэсу.
Прайшлі ў другі пакой, а там яшчэ адно захапленне – швейная машына. Ну і майстар бабуля!  А Соф’я Аляксееўна не пераставала здзіўляць:
– Я ж яшчэ на веласіпедзе сёлета ездзіла па грыбы ў лес пад Азарычы. Нічога, праўда, не набрала, няўдалы год для грыбоў, але хоць паглядзела. У журавіны хаджу, за чарніцамі. Калі пешшу, калі на веласіпедзе.

Як расказваюць сыны і нявесткі, Соф’я Аляксееўна што надумала – зробіць. І за ёй не ўгонішся. Але яна імкнецца нікому не ствараць клопату, не назаляць. Сена для каровы нарыхтоўваюць сыны з дзецьмі, а даглядае кароўку і доіць яна сама. Нявестак сваіх Соф’я Аляксееўна, хоць і сама гаспадыня на зайздрасць, хваліць. Адно яе засмучае: ніхто не праяўляе цікавасці да яе любімага занятку – ткацтва. Кажуць – не модны занятак. А мне хочацца запярэчыць – не “дараслі” яны пакуль да ўсведамлення яго каштоўнасці.
Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя Міскевіча.
 
 

Комментарии (3)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев