Віват, пастаноўшчыкі, дзякуй, акцёры!

13 апреля 2016 - Administrator
article2374.jpg

Вось ужо дзесяць год запар Івацэвіцкі народны тэатр радуе сваіх прыхільнікаў тэатральна-гумарыстычным бамондам “Ба!.. Знаёмыя ўсе твары”. Шматабяцальнай была яго сёлетняя трохгадзінная праграма, як і павінна быць, калі адзначаеш юбілей, і наўрад ці хтосьці з гледачоў выйшаў з перапоўненай залы ГДК расчараваным: і насмяшылі, і ўсхвалявалі, і расчулілі да глыбіні душы людзі розных прафесій, ды аднаго прызвання.

 

Гумарыстычныя мініяцюры суседнічалі ў праграме з танцамі, песнямі і сцэнамі са спектакля “Вялікі Гэтсбі”, над якім зараз працуе народны тэатр. “Лепш біце мяне, але дайце пасмяяцца” – гэты вядомы выраз Мальера маглі вымавіць увечары 7 красавіка многія відавочцы дзеі. Няма нічога больш смешнага, чым праўда, і ў групы творчых энтузіястаў атрымліваецца таленавіта падкрэсліваць камічнае ў нашым жыцці. Шчыра смяяліся людзі над выступленнямі новых рускіх бабуль “Танцы каму за 30” і “Пенсіянеры будучыні”, напэўна, былі ў зале і тыя, хто пазнаў сваіх знаёмых, а мо і сябе ў мініяцюры “Госці з гаджэтамі”, ацаніў гумар ў мініяцюрах “Знаёмства з бацькамі”, “Прадавец кветак”, “Экзамен у кансерваторыі” . Канечне, на вышыні былі акцёры тэатра, якія расказалі нам пра “Выпадак у філармоніі” – іх выступленне спадабалася мне найбольш. Запамінальнымі былі вобразы ў выкананні Сяргея Музычэнкі, Аляксандра Сарокі, Аляксея Халадовіча, Антона Макарава, Мікалая Дылько, Ноны Чырко, Аляксандра Молаша, Віталія Дыдышка, Дзмітрыя Грынчыка і многіх іншых. Апошнім часам у тэатр прыйшло многа моладзі, і гэта прадракае яму багатую творчую будучыню.

 

Але як ад кахання да нянавісці адзін крок, так і ад смеху да самоты – невялікая адлегласць. Песні, якія прагучалі падчас бамонду, былі далёка не жартоўныя – хутчэй, філасофскія, пра ўзаемаадносіны мужчын і жанчын, а апошняя – кранаючая за душу “Твая зорка” – прысвячалася першаму рэжысёру тэатра Юрыю Пятровічу Кулецкаму, якога, на жаль, больш няма сярод нас, ды ён жыве ў сэрцах аднадумцаў.

Асобна хочацца сказаць пра танцы. Што запальны “Разгуляй”, што ап’яняльны цыганскі, што гарачы танга і дынамічны факстрот са спектакля  “Вялікі Гэтсбі” – усе атрымаліся на славу, за што вялікі дзякуй харэографу і актрысе Наталлі Куратнік.

Пастаянны наведвальнік бамондаў выказаў мне меркаванне, што за апошнія гады тэатр значна дадаў у плане ўзроўню харэаграфіі, пабагацеў на рэквізіт, уборы… Але галоўнае яго багацце, вядома, людзі – непрафесійныя акцёры, але самаадданыя аматары, якія гатовы траціць сілы і час на доўгія рэпетыцыі, ні атрымліваючы за тое платы. Толькі з павагай можна ставіцца да тых, хто не меркантыльнымі інтарэсамі кіруецца па жыцці, а хварэе за справу, за ідэю, не закопвае талент у зямлю.

 

За ўсякім поспехам народнага тэатра Івацэвіцкага ГДК стаіць вялікая работа, і яе вынікі, вынікі сезону прынята падводзіць менавіта падчас бамонду. Напрыканцы канцэрта кожны акцёр тэатра быў адзначаны дыпломам у пэўнай намінацыі і атрымаў яго разам з падарункам з рук намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Велікасельца  і старшыні Івацэвіцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Ірыны Краўчук. Лепшым акцёрам 2015 года прызнаны Яфім Юрын, а лепшай актрысай – Людміла Бернухова. Асобна быў адзначаны ўклад у дзейнасць тэатра яго рэжысёра, які заўжды за кадрам, але трымае на маленькіх жаночых плячах вялікую адказнасць за рэзультат. Валянціна Пятроўна Кулецкая за творчы пошук, ініцыятыўнасць і высокае прафесійнае майстэрства і ў сувязі з 10-гадовым юбілеем тэатральна-гумарыстычнага бамонда ўзнагароджана Граматай Івацэвіцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў. Ірына Краўчук, якая ўручала ўзнагароду, расказала, як у фае ГДК перад пачаткам мерапрыемства пыталіся, ці не знойдзецца ў яе лішняга білеціка на бамонд (гэта пры тым, што другі год запар сваю праграму тэатр паказвае двойчы). Гэта поспех, бо сапраўднае прызнанне – у любові людзей. Дарэчы, гледачы, якія наведалі ўсе дзесяць бамондаў, атрымалі падарункі ад тэатра. Віват, пастаноўшчыкі! Дзякуй, акцёры!

 

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ (фота аўтара)

Комментарии (4)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев