Закружыў, заваражыў і ўзрушыў “Вясёлкавы карагод”

22 февраля 2016 - Administrator
article2266.jpg

 Занальны адбор XI рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод” прайшоў 18 лютага ў Быценскім сельскім Доме культуры. Удзельнікі конкурсу – выхаванцы школ-інтэрнатаў, дзіцячых дамоў, цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Івацэвіцкі раён на адборы годна прадставілі ДУА “Быценскі дзіцячы дом” і ДУА “Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі г. Івацэвічы”.


Увогуле ж, удзел у мерапрыемстве бралі чатыры карэкцыйна-развіваючыя цэнтры, акрамя нашага – з Ляхавічаў, Баранавічаў і Баранавіцкага раёна. Канкурэнцыю выхаванцам Быценскага дзіцячага дома склалі юныя артысты з ДУА “Молчадская санаторная школа-інтэрнат”. Кожная ўстанова-ўдзельнік прадставіла на суд кампетэнтнага журы сваю канцэртную праграму – адзін альбо некалькі нумароў мастацкай самадзейнасці. А таксама госці і гаспадары адбору праявілі сябе ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве – у СДК ладзілася выстава работ навучэнцаў і выхавацеляў устаноў адукацыі.

Наш ДУА “Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі г. Івацэвічы” распачаў праграму харэаграфічным малюнкам “Балалаечка мая”. Двое асаблівых, “сонечных” хлопчыкаў (давайце так, як ва ўсім свеце зараз, называць дзяцей з сіндромам Дауна) танцавалі з балалайкамі поруч з дарослымі дзяўчатамі-памочніцамі. Першы блін не выйшаў камяком (а івацэвіцкі цэнтр удзельнічае ў гэтым конкурсе ўпершыню) – публіка шчодра адарыла апладысментамі маленькіх канкурсантаў. Кіраўніцтва цэнтра шчыра дзякуе праз газету ўсім, хто дапамог у пастаноўцы нумара, а асабліва работнікам ДУДА “Цэнтр дзіцячай творчасці г. Івацэвічы” – А. М. Мельянчук, А. І. Мельянчуку, А. М. Акала.

ДУА “Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі г. Баранавічы”  паказаў адразу некалькі нумароў – музычных і харэаграфічных, падрыхтаваных танцавальнымі гуртамі “Вясёлка” і “Натхненне”. Скажу адразу, што нумар у выкананні гурту “Натхненне” выклікаў у мяне найбольш эмоцый як у гледача дзеі, як у маці. Гэта быў танец мам з інваліднымі каляскамі, у якіх сядзелі хворыя дзеткі, пад вядомую песню “Азірніцеся”. Гэта быў танец болю, крык душы, якія яшчэ доўга гучаў у маёй галаве. Няма большай бяды, большага выпрабавання, чым хворае дзіця, і мамам, якія нясуць гэты крыж па жыцці, трэба кланяцца ў ногі. Быў і яшчэ адзін нумар у выкананні гэтай групы – “Дзе ўзяць крылы?”. Вельмі спадзяюся, што ўдзячнасць гледачоў падобных канцэртаў, нашы шчырыя апладысменты хоць крышку акрыляць гэтых асаблівых дзяцей і, што вельмі важна, іх бацькоў.

ДУА “Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Баранавіцкага раёна” адказаў музычнымі нумарамі “Мілыя матрошкі” і “Вясёлы аўтобус”, а  ДУСА “Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Ляхавіцкага раёна” – песнямі “Антошка” (з тэатральнай міні-пастаноўкай) і “Мама”. ДУА “Молчадская санаторная школа-інтэрнат” паказала цэлае шоу, узровень якога мяне проста ўразіў. Здавалася, што перад залам выступаюць выхаванцы школы мастацтваў. Спачатку было паказана цыркавое выступленне, падчас якога дзеці, балансуючы на вялікіх мячах, скакалі праз скакалку, абручы, жангліравалі. Потым былі музычныя нумары, якія  чаргаваліся з танцавальнымі. Рэпертуар выбралі цікавы – гучалі песні і на беларускай мове. Сімвалічнай была апошняя музычная кампазіцыя “Я малюю” – яна, як дэвіз усіх абяздоленых дзетак, якім хочацца намаляваць на акне свет, які ім патрэбен – дзе пануе дабро, дзе няма ні зла, ні гора.

А завяршальнае выступленне ДУА “Быценскі дзіцячы дом” было, напэўна, самым аптымістычным і падымала настрой адной сваёй назвай “Панаехала гасцей”. У выкананні выхаванцаў дзіцячага дома мы ўбачылі запальныя танцы народаў свету – сярод нібыта “панаехаўшых” былі і мексіканцы, і афрыканцы, і грэкі, і італьянцы, і расіяне. І сіртакі, і кадрыль узгадалі пастаноўшчыкі праграмы, і не забыліся пра сучасныя танцы, прынамсі, танец  “Марыянеткі” з глыбокім падтэкстам стаў падставай для роздуму. Гучалі і песні, разыначкай жа стала рэп-кампазіцыя – такога больш ні ў каго не было. Праграма была адточанай, дзея – дынамічнай, яркія касцюмы, усмешкі на тварах... Дзеці хварэлі за рэзультат, пастараліся на славу, як, зразумела, і пастаноўшчыкі.

Завяршыўся адбор прамовай загадчыцы сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Івацэвіцкага райвыканкама Ларысы Зоркі, якая падзякавала ўдзельнікам і арганізатарам мерапрыемства і зазначыла, што на сцэне падчас выступленняў была душа, шчырасць, жаданне пакараць сваімі талентамі. Усё гэта адчулі мы, гледачы, –  і творчы запал, і радасць, і чужы боль... 
Члены журы, у ліку якіх былі прадстаўнікі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці, абласнога інстытута развіцця адукацыі і абласнога цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання, адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў мерапрыемства. І адабралі для гала-канцэрта ў Брэсце некалькі нумароў, па папярэдняй інфармацыі, Быценскага дзіцячага дома і школы-інтэрната з Молчадзі, а таксама пэўныя работы з выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ (фота аўтара).
Комментарии (0)
Добавить комментарий