Завітайце ў Аброва – ёсць чаму падзівіцца!

10 июня 2016 - Administrator
article2495.jpg

 Тое ўжо казалася, але паўтарыць які раз хочацца: Аброва – унікальная вёска ў раёне. З аднае вёскі – і некалі калгас, а цяпер СВК,  і сельсавет, і школа, і дзіцячы садок, і царкоўны прыход. Такога больш нідзе няма. Тут захавалася яшчэ (хоць, на жаль, знікае) свая, аўтэнтычная гаворка, асаблівы дыялект. Ёсць свае, адметныя традыцыі, адна з якіх узбагаціла рэспубліканскі рэестр нематэрыяльнай спадчыны Беларусі.  Пра ўсё гэта мы і хочам сёння расказаць. Канечне, нешта паўторым, але мэта цяперашняй нашай публікацыі – сабраць у адно ўсё цікавае, што можа сустрэць госць ці турыст у такім незвычайным месцы, як аграгарадок Аброва.


З чаго ўсё пачалося

Як адшукаў у пісьмовых крыніцах наш мясцовы аматар-этнограф Алесь Зайка, яшчэ Вітаўт, вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага, “дал люді село, на імя Оброво…”. А жыў Вітаўт – 1350-1430 гады. Тым не менш, кропкай адліку жыцця населенага пункту становіцца той дакумент, у якім пазначаны і пункт населены, і канкрэтная дата. Такім дакументам сталася Літоўская метрыка за 1516 год, дзе змешчаны запіс межавай спрэчкі між Абровам і Козікамі. Такім чынам, сёлета Аброву – 500 гадоў!

Але, як сведчаць навуковыя даныя, людзі ў гэтым месцы жылі ад свайго пачатку: на тэрыторыі Аброва было нямала знойдзена ў розныя часы каменных сякер, наканечнікаў коп’яў і стрэл, што ўказвае на знаходжанне тут у мінулым стаянак старажытных людзей. У савецкі час настаўнік школы М. А. Русенка, апантаны гісторыяй вёскі, разам з вучнямі праводзіў аматарскія раскопкі ля вёскі, сабраў багаты матэрыял, які захоўваўся ў школьным музеі. На жаль, са смерцю настаўніка многія экспанаты былі згублены.


У назве вёскі некаторыя схільныя бачыць дзейнасць дзікіх плямёнаў авараў-обраў. Але, па шчырасці, чаму ў сваім мы заўсёды шукаем нейкія чужыя карані? Хіба яны робяць нас багацейшымі? Усё куды прасцей і, як кажуць, перад вачыма: Аброва старэйшыя жыхары называюць на свой лад – Обрэв, як кажуць, на абрыў. І так ёсць насамрэч: прама праз усю вёску праходзіць водападзел Балтыйскага і Чорнага мораў, у час будаўніцтва “алімпійкі” ў самой вёсцы і ля яе зрылі некалькі пясчаных гор, ёсць за вёскай месца, якое завецца Гаркі (узгорыстая мясціна). Такім чынам, Аброва стаіць нібыта на выспе, нібыта на абрыве, і ва ўсе бакі ад вёскі раней – суцэльныя балоты… Зямлі тут ніколі не было ўдосталь. Толькі меліярацыя дапамагла. Вось тады і расквітнела Аброва – пабудавалася новая школа, Дом культуры, была пракладзена шаша да трасы. Амаль дзве тысячы чалавек пражывала ў Аброве ў 80-я гады мінулага стагоддзя. Цяпер – 1084.

А яшчэ Аброва – адзіны вясковы населены пункт, дзе ёсць не проста вуліца, а сапраўдны бульвар, на гарадскі лад. І менавіта там узвышаецца помнік землякам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны…



 


Свята-Міхайлаўская царква

Сваёй царквой аброўцы ганарацца. І не толькі таму, што яна на сёння – помнік культуры драўлянага дойлідства. Няхай сабе яна і не  нейкай звыш-

арыгінальнай культуры, але што асаблівай – тое факт.

Зноў жа, як сведчаць дакументы, пабудавана была першая царква (Крыжаўзвіжанская) у Аброве ў 1754-1757 гадах, і належала яна Віленскаму Стара-Троіцкаму манастыру бенедыктынцаў.  Пасля паўстання Тадэвуша Касцюшкі Аброва разам з царквой перадалі ва ўладу памешчыцы Еўдакіі Казлянікавай. Яна ў 1800 годзе абнавіла царкву, дах будынка пакрылі гонтам. Але ў 1860 годзе быў узведзены цалкам новы будынак новай царквы, якую асвяцілі ў гонар святога Міхаіла і так царква стала Свята-Міхайлаўскай.


За савецкім часам царква была зачыненая, паступова прыходзіла ў заняпад. Некаторыя з абразоў царквы захоўваліся ў дамах вяскоўцаў. Нешта было і раскрадзена. Але, будзем шчырымі, самыя каштоўныя абразы гэтай царквы сёння знаходзяцца на захаванні ў Дзяржаўным мастацкім музеі Беларусі.

У 80-90-х гадах мінулага стагоддзя аброўцы самастойна вырашылі адрамантаваць царкву ды ажывіць яе. Грошы збіралі вёскай, самі і майстроў шукалі, самі працавалі. І аднавілі з максімальным захаваннем формы, зместу і стылю.




Ёсць у Аброўскай царкве вельмі цікавая, надзвычай рэдкая дэталь – яе крыжы. Незвычайныя. Не васміканцовыя, як прывыклі мы бачыць праваслаўныя крыжы на сучасных храмах, а чатырохканцовыя, ды яшчэ з “сонейкам” пасярэдзіне, з паўмесяцам унізе.  Гэта – адна з самых старажытных выяваў праваслаўнага крыжа. Такія крыжы ўпрыгожваюць, напрыклад, царкву Пакрова на Нерлі (а ёй амаль тысяча гадоў). Гісторыя сведчыць, што паўмесяц быў афіцыйным знакам Візантыі да заваявання яе туркамі. Сёння паўмесяц пад крыжом мае розныя тлумачэнні: гэта і чаша Хрыста, гэта і карабель, на якім уратуюцца людзі, а сам крыж над ім – надзейны якар, гэта і купель хрышчэння… Прамяні сонца ў крыжы нагадваюць пра радкі з Апакаліпсісу Іаана Багаслова, 12.1: “И явилось на небе великое знамение: жена, облаченная в солнце, под ногами ее луна и на главе ее венец из 12 звезд”. Нехта разумее пад гэтымі радкамі Маці Божую, а іншыя бачаць тут саму Праваслаўную царкву. Ва ўсякім разе, крыжы Свята-Міхайлаўскай царквы маюць адну з самых старажытных формаў, у якую закладзены глыбокі патаемны сэнс…

Намскі вялікдзень

 

 

Яго гісторыя ляжыць “за польскім часам”. Як расказваюць самі аброўцы, прыйшла на вёску вялікая бяда – сталі паміраць малыя дзеці. І нідзе не маглі знайсці паратунку аброўцы. І вось тады падказалі старыя людзі, што трэба зрабіць: за адну ноч жанчыны павінны былі выткаць рушнік для іконы, а мужчыны змайстраваць 

адмысловыя ношы і хатку. І вось раніцай з абразом Маці Божай, які абгарнулі сатканым рушніком і ўставілі ў “хатку”, абышлі ўсю вёску – ад хаты да хаты.

І так прагналі бяду са свайго селішча.

Традыцыя жыла доўга, зразумела, у перыяд “ваяўнічага атэізму” яна не магла сябе праявіць, але як толькі з’явілася магчымасць ды і час быў такі, калі шукалі людзі паратунку, найперш – упэўненасці ды духоўнай моцы, зноў святочная працэсія, як некалі даўно, пачала свой шлях ад царквы і пайшла па вёсцы.

У Аброве нямала вуліц і завулкаў, немалы шлях трэба адолець хрэснаму ходу. І ён ідзе, з ліхтаром і крыжом, з тым самым абразом іх Маці Божай, Захавальніцы Аброўскай, якая некалі ўратавала аброўскіх дзяцей.

Сустракаюць хрэсны ход традыцыйна: перад хатай выносіцца стол, на якім – хлеб, фарбаваныя яйкі, ахвяра для царквы. Ля кожнага такога стала прыпыняецца хрэсны ход і настаяцель царквы вітае радасна людзей узнёслым “Хрыстос уваскрос!”. Такім чынам вестка аб уваскрашэнні Хрыста яшчэ раз ідзе па вёсцы, ужо ад двара да двара, кожнаму літаральна нясуць Благавест, да кожнага ідзе Вялікдзень. Вось і атрымліваецца – “нам Вялікдзень”, адсюль і назва: Намскі Вялікдзень…

 

Няпростая гісторыя і самога абраза Маці Божай. Некалі даўным-даўно прывёз яго ў Аброва і падарыў царкве чалавек. І вось колькі пературбацый выпала на долю царквы – зачыненая стаяла, рабавалі яе, самае каштоўнае ў іншых месцах апынулася, а гэты абраз на сваім месцы заставаўся, бы сам сябе ўратаваў – каб пасля адрадзілі людзі абрад, ратавалі сябе і сваіх блізкіх.

Сёння сустракаюць хрэсны ход і вяскоўцы ля хат, і работнікі магазінаў, і ўсім кагалам – дзіцячы садок, і школьнікі высыпаюць сустрэць хатку з Божай Маці…

 

Возера

 

Для аброўцаў і гасцей вёскі возера і цяпер – добрае месца адпачынку, захавалася шмат месцаў для купання, хапае месцаў і для рыбакоў з вудамі.

А яшчэ цікавасць возера – у адкрытых падчас работы земснарадаў пластоў старажытных перыядаў. І цяпер на ўсходнім беразе пільнае спрактыкаванае вока натураліста пабачыць нямала акамянеласцяў. Некаму пашчасціла знайсці закамянелы малюск незвычайнай формы, вельмі шмат кавалкаў з адбіткамі ракавін розных малюскаў.…Год ад году па берагах узнімаюцца вышэй кусты і дрэўцы, некалішняя адкрытая прастора набывае загадкавасць і прыродную таямнічасць. Тут ціха і прывольна.І пасля ўсяго пабачанага ў вёсцы ёсць час і месца падумаць аб вечным…

Валерый Гапееў, фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

У матэрыяле скарыстаны даныя з кніг “Памяць. Івацэвіцкі раён”, “Населеныя пункты Івацэвіччыны” Алеся Зайкі.

Комментарии (0)
Добавить комментарий