Яскравы адбітак часу

5 декабря 2017 - Administrator
article3581.jpg

 30 лістапада, у апошні дзень восені, у зале Даманаўскага Дома культуры ладзілася імпрэза, якая, можа так стацца, увойдзе ў гісторыю як адзіная ў сваім родзе – тут была прэзентацыя кнігі ўспамінаў “Перажытае – незабытае” ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, жыхара вёскі Даманава Вікенція Іванавіча Мароза.

Было асабліва кранальна бачыць за сталом не аднаго аўтара, паважанага Вікенція Іванавіча, але разам з яго сынам, Уладзімірам, і жонкай – Дзінай Канстанцінаўнай. Сын Уладзімір Мароз парупіўся над выданнем кнігі бацькі, быў яе рэдактарам, напісаў прадмову, словы з якой і сталі назвай гэтага артыкула. Яшчэ цікава было даведацца прысутным, і будзе цікава нашым чытачам, што мастацкім аздабленнем кнігі займалася ўнучка Вікенція Іванавіча, дачка Уладзіміра Мароза, Марына. Якая ж роля жонкі, Дзіны Канстанцінаўны, у напісанні кнігі? А вось нават толькі таму, што яна – жонка. Недарэмна кажуць у народзе, што ва ўсім, чаго дасягнуў мужчына, заслуга яго жонкі. Яна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, пляменніца знакамітага беларускага песняра Якуба Коласа, як ніхто іншы ведае, што гэта такое – мець за мужа чалавека няўрымслівага, неабыякавага, апроч іншага – прагнага да пісання. Толькі мудрая жанчына, верная жонка можа стварыць тыя ўмовы, у якіх пісьменнік – піша. Таму, безумоўна, Дзіна Канстанцінаўна – ускосны сааўтар, скажам так з добрай усмешкай.
 

Вестка аб выданні кнігі ўсцешыла. Гэта трэцяя кніга ўспамінаў ветэранаў аб іх пройдзеным шляху. Нагадаем: Іван Тарасевіч і яго кніга “Мое наследие”, Міхаіл Каланчук і кніга “Узкоколейка”, і вось – Вікенцій Мароз і кніга “Перажытае – незабытае”.
“Кніга Вікенція Мароза – гэта не толькі экзістэнцыя асабістага жыцця, але і яскравы адбітак часу, часу складанага і трагічнага, які ўвабраў і жыццё “за польскім часам”, і першыя саветы, і жыццё пад акупацыяй, і вайну, якой аддадзены два з паловай гады, і пасляваенны перыяд з усімі яго калізіямі”, – так піша ў сваёй прадмове да кнігі яе рэдактар Уладзімір Мароз.

Ваеннымі мемуарамі некалі, у 60-70 гады мінулага стагоддзя, мала каго было здзівіць – кнігі выходзілі вялікімі тыражамі, праўда, больш з успамінамі выбітных палкаводцаў. Але тыя кнігі і сённяшнія – вялікая розніца. Бо жыццё, доўгае і няпростае, уносіць свае карэктывы ў ацэнку тых падзей, якія знікаюць за замеццю пражытых гадоў. Чалавечая памяць бы тое сіта, старанна прасейвае эмоцыі і падзеі, вызваляючы ад смецця і другаснасці сапраўднае, адвечнае, чалавечнае. У тым і каштоўнасць менавіта сённяшніх кніг, бо на ўспаміны накладваецца бясцэннае – вопыт чалавечага жыцця.

Чытачы раёнкі знаёмыя са словам Вікенція Іванавіча – нетаропкім і роўным, дакладным, шчырым. Што адметна: аўтар ніколі, бадай, у сваіх аповедах не выкарыстоўваў клічнік. Бо яго гаворка ціхая і памяркоўная, пра што б ён ні расказваў. Ды ад гэтага толькі яскравей праступаюць за простымі радкамі і радасць, і горыч, і боль.
Каштоўнасць успамінаў з гэтай кнігі – у дэталях і эпізодах. На першы погляд, яны здаюцца нам быццам нязначнымі і неабавязковымі, але за кожнай дэталлю стаіць дзея, лад жыцця, тагачасныя нормы і правілы. За кожным быццам бы другасным эпізодам хаваецца атмасфера жыцця, агульны дух і настрой.

Упершыню ў сценах сельскага Дома культуры Даманава ладзілася такое сапраўды свята – прэзентацыя кнігі. І вельмі адказна аднесліся да яго падрыхтоўкі работнікі Дома культуры разам з загадчыцай бібліятэкі. Хваляваліся вядучыя марына Касавец і Людміла Жданава – і было зразумелае іх узнёслае хваляванне. А распачыналася дзея песняй “Мой родны кут”, якую выканала кіраўнік народнага калектыву “Спадчына” Аксана Каліноўская.

Папрысутнічаць на прэзентацыі, павіншаваць аўтара з такой добрай нагодай прыйшло нямала людзей. І было вельмі прыемна бачыць сярод іншых тых, ад каго ў многім залежыць наша будучае жыццё – адказных работнікаў, кіраўнікоў, спецыялістаў.
Шчыра вітаў і віншаваў з выданнем кнігі Вікенція Іванавіча найперш як былога настаўніка  начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ігар куіс. Пры гэтым ён зазначыў, што ветэраны заслугоўваюць самай высокай пашаны ў нашым грамадстве, а тым, хто пакідае нашчадкам вось такія ўспаміны, увасобленыя ў кнігі, – пашана ўдвая.

 
Віншуючы Вікенція Іванавіча і Дзіну Канстанцінаўну, Святлана Масюк, дырэктар ААТ “Даманаўскі ВГК”, згадала, што і яна сама, як некалі Марозы, пераехала са свайго Гошчава ў Даманава, і гэта вёска сталася і ёй, як і ім, другой радзімай. Згадваючы былое, Святлана Масюк з асаблівай цеплынёй успомніла, як некалі хадзіла па малако для сваіх дзяцей да Дзіны Канстанцінаўны (“То на малацэ ад вашай кароўкі выраслі мае дзеці”), бо Марозы заўсёды трымалі карову. Дарэчы, адзін невялікі сакрэт з сямейнага жыцця Вікенція Іванавіча і Дзіны Канстанцінаўны: хоць кажуць, што карова – то гаспадыні справа, але ў Марозаў за кароўкай увесь час глядзеў Вікенцій Іванавіч, і даіў яе ён сам, толькі зрэдчас, як яму была нявыкрутка, бралася за справу жонка.

Віншавалі аўтара і – па праве – ягоную жонку з такой выдатнай падзеяй многія і многія прысутныя ў зале. Старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі Васіль Разумейчык згадаў сваё першае знаёмства з аўтарам, які запомніўся яму тады вытрыманым, надзейным і шчырым чалавекам; ад усёй вялікай сям’і бібліятэкараў раёна віншаванне з кветкамі з рук старшыні прафкама прафсаюза работнікаў бібліятэк Таццяны Карнеевай і іншых.
Канешне ж, не магла застацца ўбаку ад такой падзеі мясцовая ўлада – і з падарункамі і кветкамі ўзняўся на сцэну, каб павіншаваць Вікенція Іванавіча і Дзіну Канстанцінаўну, старшыня Даманаўскага сельвыканкама Сяргей Казленя. Бо апроч усяго, Вікенцій Іванавіч ва ўсе гады свайго жыцця заставаўся чалавекам з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, нераўнадушным да людзей і падзей вакол, і колькі мог, вёў актыўнае грамадскае жыццё…
 

На жаль, у цяперашні час кніга не адыгрывае той ролі, якую яна раней мела ў грамадстве. І адна з прычын таго – той самы рынак, які валам абрушыўся на спажыўца, даючы яму лёгкае чытво ў абгортках. Яно нівеліруе саму каштоўнасць кнігі, як скарбніцы мудрасці і вопыту. І таму так важна, каб сярод гэтага, не пабаюся сказаць, смецця знаходзіліся сапраўдныя кнігі, напісаныя не дзеля прыбытку выдавецтваў, а дзеля будучыні. 
Пройдзе не так і шмат часу, упэўнены, кнігі ўспамінаў ветэранаў будуць год ад году толькі набываць сваю каштоўнасць. Таму што праўдзівае шчырае слова не мае страху перад вякамі. Можна колькі заўгодна разоў перапісваць падручнікі па гісторыі, але для нас і нашых нашчадкаў кнігі тых, хто быў сведкам падзей, будуць самай аўтарытэтнай, самай чыстай крыніцай праўды.

Сёння Вікенцію Іванавічу Марозу – 93 гады. Гэта вельмі шаноўны ўзрост. А як кажа сам Вікенцій Іванавіч, яшчэ засталіся ляжаць неапрацаваныя яго запісы – ва ўсе гады жыцця ён вёў дзённікі ў простых вучнёўскіх сшытках, якіх назбіралася пад сотню. Яму ёсць што сказаць, пра што расказаць. А нам усім ёсць пра што пачытаць.
Жывая гісторыя перад намі – гісторыя без святочнай мішуры, без упрыгожванняў, але і без скочвання ў цемру адчаю. Гісторыя як само жыццё.
Валерый ГАПЕЕЎ, фота аўтара.
Комментарии (0)
Добавить комментарий