Міжнародны пленэр на Івацэвіччыне

article2465.jpg

У нашым раёне прайшоў міжнародны пленэр па жывапісе. Удзел у ім прымалі арганізатары выстаўкі “На Радзіме Тадэвуша Касцюшкі”, якая праводзілася ў ДУК “Івацэвіцкі гісторыка-краязнаўчы музей” (мастакі са Слоніма і Мінска), нашы мясцовыя мастакі, студэнты з Кітая Лінь Шуцы і У Іцзін, вучні ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы” і ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г.п. Целяханы”.

15 мая месцам для пленэра абралі Косава, дзе знахо-
дзяцца музей-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі і палац Пуслоўскіх. Да Андрэя Лычкоўскага і Васіля Грыневіча далучыліся мастак і мультыплікатар вядомага мультфільма “Несцерка” Андрэй Сідараў, Яўген Іваноў, скульптар Леанід Богдан.  Разам яны накіраваліся на Марачоўшчыну. Мастакі яшчэ не зарэгістравалі сваё аб’яднанне афіцыйна, але называюць сябе “А
RTCлонім”. Калі пагутарыць з імі, то бачна, што яны сапраўды цікавяцца гісторыяй і матывы ў сваіх творах і выстаўках выбіраюць суадносна. Да групы далучыўся наш мясцовы мастак Віктар Такарчук.

16 мая ў пленэры прынялі ўдзел вучні ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы” і ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. п. Целяханы”, а таксама лідар аб’яднання мастакоў Яўген Шунейка разам са сваёй вучаніцай, студэнткай магістратуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Лінь Шуцы, і студэнтам магістратуры Акадэміі музыкі У Іцзін. Месцам пленэра абралі жывапіснае Вулькаўскае возера.

Яўген Шунейка пачаў другі дзень пленэра са зварота да маладых: “Пленэр – гэта маляванне з натуры, прыродныя, жывыя замалёўкі, аснова нашай працы. Гэта развівае вока. А калі мы збіраемся разам – гэта яшчэ і абмен вопытам...”

Дзеці размясціліся побач з мастакамі, каб назіраць за працай прафесіяналаў. Былі і іншыя гледачы. Так, хто наведаў вясенняе возера, апынуўся на сапраўднай імпрэзе. Бо не кожны дзень збіраюцца мастакі ў нашых месцах, каб маляваць краявіды. Многія з цікаўнасцю назіралі за працай прафесара і яго вучаніцы Лінь Шуцы, падыходзілі з пытаннямі.

Не так проста маляваць прыроду. “Неба пастаянна мяняецца, – заўважае мастак Андрэй Лычкоўскі. – Толькі намаляваў яго хмурым, а вось і сонейка. А разам з небам мяняецца амаль і ўся палітра карціны, таму на прыродзе маляваць цяжка, яна жывая”. Мастакі ў час пленэра падыходзілі да вучняў, бралі кісці і дапамагалі. “Пазбягайце чорнага колеру, бярыце цёмна-сіні. Трэба, каб была цэльнасць і плотнасць кроны дрэва. Не хапае настрою: неба не можа быць абыякавым, яно заўсёды мае настрой... Пярэдні план можа быць яркім, але не задні, яны адрозніваюцца,“ – такія каментарыі атрымалі вучні ад прафесара.

Напрыканцы ў зацішным кутку сабраліся ўсе ўдзельнікі пленэра, каб зрабіць імправізаваную выстаўку. Усе карціны радком размясцілі за сцэнай. Няма паўторных, бачна асаблівасць працы кожнага аўтара. Кожны пастараўся ўявіць сваё бачанне і перадаў гэта хто праз акрыл, хто алейнымі фарбамі. Мастакі ўважліва разглядзелі кожную карціну, а прафесар вызываў кожнага аўтара асобна, каб адзначыць, што атрымалася перадаць, а над чым трэба яшчэ папрацаваць.

Арганізатары выстаўкі з Мінска і Слоніма перадалі свае карціны з пленэра ў фонд ДУК “Івацэвіцкі гісторыка-краязнаўчы музей”. Так, з часам і ў Івацэвічах можна будзе разважаць аб адкрыцці галерэі, бо прырода і мастакі спрыяюць.

 

Ганна КАРПОВІЧ.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий