Перамагчы дапамог азарт!

article2464.jpg


Менавіта азарт удзельнікаў, непадробны, шчыры, спачатку лёг у аснову назвы танцавальнага калектыву Івацэвіцкага ГДК, яны так і завуцца – “Azart”, а пасля дапамог зусім маленькім “азартаўцам” заявіць аб сабе ў гэтым годзе адразу на двух творчых конкурсах.

Першай нашы маленькія танцоры бралі міжнародную сцэну, яшчэ ў красавіку яны спрабавалі сябе на Міжнародным фестывалі дзіцячых танцавальных калектываў “Свет зрабіўся добрым” у Мінску. Гэта было першае спаборніцтва калектыву, таму, як адзначыла кіраўнік калектыву Наталля Куратнік, ехалі з мэтай сябе паказаць ды на іншых паглядзець. Разліку на перамогу не было, аднак “Azart” прывёз дыплом удзельніка, а сярод 29 калектываў яны былі ў першай дзясятцы! То быў нечаканы поспех.

 – Ужо з пэўнымі надзеямі мы ехалі ў Брэст два тыдні таму, – дзеліцца сваімі ўражаннямі Наталля Куратнік. – Фестываль сучаснага танца “Time to Dance” сабраў прадстаўнікоў многіх краін, у большасці беларусаў, расіян і ўкраінцаў, мы выступалі ва ўзроставай катэгорыі да 7 гадоў у намінацыі “Эстрадны танец”. Прывезлі ў Брэст кампазіцыю “Fly” (ляці), яе ўжо бачыў раённы глядач і мы вырашылі, што настаў час выходзіць за рамкі мясцовай сцэны. І не памыліліся, дзяўчынкі прыехалі з фестывалю з Дыпломам першай ступені.

Эйфарыя ад перамогі прайшла, і сёння мы ставім перад сабой новыя задачы.

Дарэчы, для “азартаўцаў” такія поспехі – сапраўды вялікі крок наперад, бо калектыву няма яшчэ і года, а ўдзельніцам усяго 6-7 гадоў. Па словах кіраўніка калектыву, спрацавала тут яшчэ добрая харэаграфічная падрыхтоўка школы эстэтычнага выхавання “Малютка”. Два гады такой школы дазволілі дзяўчынкам хутка ўліцца у рэжым трэніровак і выступленняў на вялікай сцэне. Сёння мы ведаем іх па кампазіцыях “Суперлялькі”, “Анёлы” і іншых. Ужо зараз пасля толькі двух удалых проб на конкурсах калектыў запрашаюць
на чарговыя конкурсы. Нядаўна Наталлі Аляксандраўне патэлефанавалі арганізатары першага адкрытага дабрачыннага фестывалю-конкурсу дзіцячай і юнацкай творчасці “Мірны фэст у Мірскім замку”, які пройдзе з 3 па 5 чэрвеня.

Маленькія танцоры і іх кіраўнік жартуюць: гэта Год культуры так натхніў іх на перамогі. А мы тым часам, каб раскрыць хоць крыху таямніцу танца, задалі некалькі пытанняў кіраўніку калектыву Наталлі Куратнік.

 

– Наталля Аляксандраўна, што спачатку з’яўляецца ў галаве, музыка ці танец?

– Часцей музыка, ляжа на слых мелодыя, слухаеш яе бясконца, а пасля з’яўляецца гісторыя і рухі, якія перадаюць гэтую самую гісторыю. Напрыклад, у кампазіцыі “Fly” дзяўчынкі гавораць рухамі: “Я маленькая птушачка і хачу лятаць на волі заўсёды…”. А як інакш, танцу таксама павінны верыць гледачы, бо гэта не проста набор рухаў.

 

– А якія адносіны паміж харэографам і танцорамі?

– Як у дарослага з дарослымі. Я адразу кажу і дзецям, і бацькам, гуляць тут ніхто не будзе. З моманту выхаду на сцэну – яны артысты, хоць ім і 6 гадоў. А тут слабіны быць не павінна. Яны ведаюць мой выраз: “Вы артысты, пачынаючы з твару і заканчваючы пяткамі ног”.

 

– Што для вас танец?

– Ёсць вядомае меркаванне, што танец – гэта мова цела. Згаджуся з ім. Калі ў вершы, песні ёсць
словы, то тут толькі пластыка цела, толькі выраз твару, па якім чытаецца многае. Рухамі танцору трэба сказаць усё без слоў…

 

– Калі працуеш з маленькімі артыстамі, працуеш яшчэ і з іх бацькамі. Ці ёсць тут паразуменне?

 

– Ёсць, безумоўна. Яны мае сябры і аднадумцы, на конкурсах яны заўсёды побач з дзецьмі, бяруць на сябе матэрыяльны бок пытання: гэта і ўзносы, і касцюмы. І за гэта я ім вельмі ўдзячная. Адна толькі ёсць у мяне забарона для бацькоў: яны не прысутнічаюць на рэпетыцыях. Гэта адцягвае ўвагу дзіцяці. Нехта надта ж шкадуе дачку, а нехта наадварот, жорсткі. На занятках я дзяўчынкам і маці, і харэограф. Гэта закон, і з ім згаджаюцца
бацькі. 

 

 

Наталля ГЕРБЕДЗЬ.

Комментарии (0)
Добавить комментарий