Радкі, напісаныя памяццю, сумленнем і любоўю

11 апреля 2017 - Administrator
article3078.jpg

 7 красавіка 2017 года ў малой зале Івацэвіцкага Дома культуры адбылася прэзентацыя кнігі “Мое наследие”, аўтар якой – Іван Адамавіч Тарасевіч, ганаровы грамадзянін Івацэвіцкага раёна, ветэран Вялікай Айчыннай вайны.

Сярод прысутных на гэтай імпрэзе былі і тыя, частка чыйго жыцця прайшла поруч з аўтарам, для каго Іван Тарасевіч стаўся ў многім настаўнікам, таварышам, прыкладам…
Калі паспрабаваць адным словам акрэсліць сэнс і сутнасць кнігі Івана Адамавіча, то перш за ўсё прыходзіць на розум слова шчырасць. Тая самая гранічная шчырасць, якая гучыць так, што не застаецца месца для лішняга пафасу, для непатрэбных слоў-лозунгаў. Я пісаў у сваёй прадмове да яе, і цяпер паўтаруся: з усіх успамінаў ветэранаў (а мне іх выпала прачытаць нямала) гэтыя ўспаміны кранулі мяне сапраўдным гуманізмам, які не ўзяўся аднекуль, але быў узгадаваны ў душы аўтара самымі суровымі выпрабаваннямі. Гэта дзіўна, але менавіта так: пачуццё любові да жыцця і жывога нараджалася, па сутнасці, у крыві сярод смерці...

Кніга ўспамінаў ветэрана пачынаецца не з вайны. Яе пачатак – першыя ўспаміны чалавека аб родным месцы. Для некага з чытачоў, магчыма, такое здасца дзіўным, маўляў, калі кніга ветэрана вайны, то чаму адразу не вайна? Роднаму месцу, родным людзям, суседзям аўтар надае столькі ўвагі, спыняючыся на самых, здавалася б, нязначных эпізодах. Вось двое дарослых братоў, якія маюць свае сем’і, пасварыліся-пабіліся... А іх бацька выйшаў мірыць з палкай добрай ды даў зверху абаім. Вось хлопцы-падлеткі коней у ноч гоняць пасвіць, вось вясковец паказвае дзецям, як ружжо страляе… Хтосьці спытае: а навошта, маўляў? Навошта гэтыя дробязі, гэты побыт? Чаму не адразу да справы, да паходаў на “жалезку”, да нападаў на варожыя гарнізоны...

Асабіста я лічу – гэта не проста трэба. Гэта неабходная ўмова для разумення сутнасці. Той сутнасці, з якой вырастаюць патрыятызм, гераізм, дабрыня, адданасць, вернасць, каханне ... Гэта – вытокі, гэта – падстава. Я разумею так.
Аляксандр Велікаселец, намеснік старшыні райвыканкама, які паспеў прачытаць кнігу да прэзентацыі, у сваім выступленні якраз падкрэсліў менавіта жыццёвую праўду кнігі, тыя эпізоды, якія дазваляюць бачыць сённяшняму чытачу сапраўднае наша мінулае, без прыхаванасці і штучнага абельвання падзей. Вайна ў кнізе Івана Адамавіча сапраўды не толькі ваенныя аперацыі, гэта цалкам усё жыццё, прычым, жыццё вачыма яго, тады яшчэ зусім маладога хлопца, бацьку якога арыштоўваюць перад вайной як ворага народа, на руках якога канае забітая бандытамі маці, які са сваімі сябрамі-вяскоўцамі мусіць збіраць рэшткі згарэлых у агні родных і суседзяў і хаваць іх у агульных магілах. 

 
Яго асэнсаванне вайны для нас сёння – гэта тая самая сапраўдная праўда пра вайну, якая раптам страляе ў нас яго спакойнымі словамі: «У каго зброя – у таго і праўда». Праўда пра вайну – гэта калі ты бачыш жыццё так, як бачыў яго аўтар. Без прыкрас. Пра гэта таксама казаў, віншуючы аўтара з такой падзеяй – выхадам кнігі – старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Сарока. Ён выказаў думку, што такая кніга такога аўтара проста чакалася, яна павінна была з’явіцца ў нас, бо сам аўтар, яго жыццё  сталіся прыкладам для многіх.
Шчыра ўпэўнены ў важнасці кнігі для нас і нашых дзяцей некалішні загадчык аддзела адукацыі райвыканкама Васілій Басалай, які падкрэсліў у сваім цёплым выступе тую значнасць сустрэч ветэрана Івана Тарасевіча з вучнямі школ, якіх было столькі многа, але ніколі не будзе шмат, і таму так важна мець сапраўднае слова ветэрана вось у такім фармаце – выдадзенай кнігі.

Асаблівая каштоўнасць успамінаў Івана Адамавіча пра пасляваеннае жыццё, сваю працу ў тым, што ён адлюстроўвае яе на фоне агульнага развіцця раёна і краіны. І зусім не выпадкова выдзелілі мы ў кнізе адзін раздзел і назвалі яго «Вялікая палітыка ў жыцці простых лю-
дзей». Там шмат з таго, што гісторыкі называюць і перагібамі, і валюнтарызмам. Непасільныя падаткі на аднаасобнікаў, добраахвотна-прымусовыя падпіскі на пазыкі... І што зноў так характэрна ў кнізе: сімпатыя аўтара на баку простых людзей, які як ніхто бачыў рэальную карціну, разумеў, як было цяжка, часам невыносна цяжка. 
Станаўленне аўтара як кіраўніка адбываецца на вачах чытача. Сумленнасць, прынцыповасць. Дзелавітасць. Незлапамятнасць. Уменне бачыць, разумець.

І вось цікава, якім чынам сам Іван Адамавіч ацэньвае сваю працу. Думаецца, узнагарод у яго розных і заахвочванняў вельмі шмат. Але пра іх вы не пачытаеце – не піша. Згадвае пра тое, колькі разоў выклікалі на калегіі Мінфіна – двойчы. І гэта не па ўзнагароды ездзіў – на «разбор палётаў». І вось такі момант пра жыццё калектыву: “Дзяржаўныя святы адзначалі таксама амаль усім калектывам. Часцей збіраліся ў нас дома“.
Гэта шмат пра што кажа.
І пра гэта расказалі на прэзентацыі тыя, чыя працоўная дзейнасць, чыё стаўленне прайшлі пры непасрэдным удзеле Івана Адамавіча: былая загадчыца райфінаддзела Зоя Пархомік і цяперашні кіраўнік фінансавага аддзела райвыканкама Таццяна Голыхава. Жанчыны ўспаміналі… Успаміналі той час, калі працавалі разам з Іванам Тарасевічам, з асаблівай цеплынёй, падкрэсліваючы самыя чалавечныя яго якасці: дабрыню, сапраўдны клопат аб падначаленых, асабістую сціпласць.
Увогуле, падчас гэтых паўтары гадзін Іван Адамавіч Тарасевіч пачуў пра сябе вельмі многа самых цёплых і шчырых слоў, і, як выказалася Зоя Пархомік, гэты час павінен быў наступіць, каб ён іх пачуў разам, у адным месцы, бо ён заслужыў іх усім сваім жыццём…
Ёсць у кнізе такія радкі: “Пры бацьку я рос да 12 гадоў, пры маці – да 17. У гэтым жа ўзросце застаўся без сясцёр і без брата. І не раз, будучы ўжо ў партызанах, плакаў скупымі слязьмі, калі згадваў пра родных, асэнсоўваючы сваю адзіноту. А таму, маючы сваіх дзяцей і ўнукаў, усведамляю, што даражэй і бліжэй іх у мяне нікога няма на ўсім свеце”.

Любоў. Любоў да жыцця, да роднай зямлі, да сваёй краіны. Вялікія і ўсеабдымныя любові – яны пачынаюцца з малых: з любові да сваёй маці, з любові да суседзяў… Па вялікім рахунку, кніга Івана Тарасевіча – менавіта пра любоў і вернасць. Пра любоў да адзінай жанчыны і пра вернасць гэтай жанчыне – сваёй жонцы.
Незвычайная сама гісторыя кахання гэтай пары. Некалішняе дзіцячае пачуццё, неўсвядомленае, крохкае і чыстае, Іван Тарасевіч праносіць праз самыя страшныя гады вайны і пасляваеннай разрухі, і пасля імкнецца да яго вярнуцца, адшукаць… І вяртаецца, і знаходзіць…
Ад імя жанчын раённай арганізацыі  Беларускага саюза жанчын, ад сябе асабіста віншавала Івана Адамавіча рэдактар раённай газеты “Івацэвіцкі веснік” Аляксандра Джэжора, згадваючы першую сустрэчу з ім, пасля якой займела старэйшага сябра і мудрага дарадцу ў жыцці. Яна падарыла ад імя ўнука ветэрана вайны М. П. Каланчука са Святой Волі Івану Адамавічу экземпляр кнігі “Узкоколейка”, аўтабіяграфічную аповесць дзеда. Міхаіл Парамонавіч і Іван Адамавіч былі добрымі знаёмымі і партызанілі ў адзін час. Праўда, на жаль, адзін з ветэранаў так і не дачакаўся выхаду сваёй кнігі...

Перад прысутнымі выступіў сын Івана Адамавіча Васіль, у былым – ваенны афіцэр, які падзякаваў усім за дапамогу ў выданні кнігі, за арганізацыю гэтай імпрэзы і шчыра прызнаўся бацьку ў сваёй сыноўняй любові.
Свае словы прывітання, словы захаплення асобай аўтара і яго жыццёвым подзвігам, словы падзякі яшчэ казалі дырэктар раённага краязнаўчага музея Раіса Горбач і Таццяна Альховік, унучка былога баявога таварыша Івана Тарасевіча, якая непасрэдна спрычынілася сваім клопатам да выдання кнігі.

Напрыканцы выступіла з цёплымі словамі віншавання і падзякі дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Піліпа Пестрака Галіна Міхнюк. Ад яе і калектыву бібліятэкараў – кветкі ветэрану і музычны падарунак.
 
 
 Хвалюючыся, расчулена прамаўляў свае словы падзякі ўсім прысутным Іван Адамавіч, а зала ўстала, выказваючы сваю пашану і павагу ветэрану…
А пасля была невялічкая чарга – Іван Адамавіч Тарасевіч праводзіў першую ў сваім жыцці аўтограф-сесію – падпісваў набытыя прысутнымі асобнікі сваёй кнігі.
У добры шлях, кніга-ўспамін!
ххх
Выказваем шчырую падзяку аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама за непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы прэзентацыі.
Валерый ГАПЕЕЎ, фота Наталлі ГЕРБЕДЗЬ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий