І махоркі два з паловай кілаграмы…

24 ноября 2017 - Administrator
article3555.jpg

 Нашаму пастаяннаму аўтару, няўрымсліваму і цікаўнаму чалавеку, сапраўднаму патрыёту свайго краю Сцяпану Пятровічу Куніцкаму шанцуе на знаходкі. Хоць, сказаць па праўдзе, шанцуе тым, хто рупіцца, хто шукае. Вось і Сцяпана Пятровіча мужчыны, якія раскідалі стары дом, ведалі як чалавека неабыякавага да гісторыі, цікаўнага. Таму і спынілі, папрасілі глянуць на знаходку.

– І перадаюць мне цэлую кіпу самых розных дакументаў. Стаў разглядаць – а яны датаваныя 40-50 гадамі мінулага стагоддзя і пазней, – усхвалявана дзяліўся з намі сваімі эмоцыямі ад такой знаходкі Сцяпан Пятровіч.

…Датаванае 1947 годам абавязацельства аб пастаўцы зерня, бульбы і іншай прадукцыі раслінаводства для аднаасобных гаспадарак. Трэба звярнуць увагу на адно істотнае ўдакладненне: пазначана далей, што не для ўсіх аднаасобных гаспадарак, а канкрэтна для “заходніх абласцей Беларускай ССР”.

Выпісана абавязацельства на імя Мікалая Сцепанчука, жыхара Дабромысля Быценскага раёна Баранавіцкай вобласці. У пераліку таго, што павінен быў здаваць аднаасобнік, уключаны: зерневыя, бульба, лён (валакно), лён (насенне), пянька (прадукт канапель), насенне канапель, сена, махорка. Мабыць, у Дабромыслі не культывіравалі лён і канаплі, бо ў абавязак Мікалаю Сцепанчуку налічана да здачы толькі збожжа, бульба, сена і – махорка. Апошні пункт цікавы, бо яшчэ “за Польшчай” вырошчваць тытунь сялянам было забаронена самым жор-
сткім чынам! Гандаль махоркай быў цалкам манапалізаваны дзяржавай, тых сялян, якія тытунь вырошчвалі па лясах, каралі штрафамі, а пасевы знішчаліся. Але пасля вайны, як бачым, тытуню ў краіне не хапала…

Усяго аднаасобнік Сцепанчук павінен быў здаць дзяржаве па закупачных цэнах 158 кг зерня, 372 кг бульбы, 72 кг сена і два з паловай кілаграмы махоркі. Многа гэта было ці мала для ягонай гаспадаркі? Што цікава, у гэтым абавязацельстве ўтрымліваюцца і нормы здачы: 85 – зерня, 200 – бульбы, 20 – сена. А вось налічылі канкрэтнай гаспадарцы іншыя лічбы.  Чым кіраваліся налічэнні? Ды памерам зямлі, якая была ў карыстанні Мікалая Сцепанчука.  Гэтак і патлумачана ў тым абавязацельстве (арфаграфія захаваная): “Размер пастаўкі зярна, бульбы, прадукцыі ільну-даўгунцу, махоркі і канапель па гэтаму абавязацельству вылічан, зыходзячы з наяўнасці ў Вашым карыстанні 1,86 га плошчы пахаці, а па сену, уключаючы сенажаці, усяго 3,60 гектараў, а па махорцы з плошчы фактычнага пасева”.

Як бачым, невялікая гаспадарка. Здаецца, і пастаўкі не вельмі значныя, але трэба ўлічыць ураджайнасць культур на той час. Зерневыя мелі ўраджайнасць каля 7-8 цэнтнераў з гектара, бульба – каля 100 цэнтнераў.

Важна ведаць і вось пра што. Дзяржаўныя пастаўкі – гэта было не адзінае, чым абкладваліся гаспадаркі. Былі яшчэ і вялікія падаткі. Па Быценскім раёне (па стане на 1946 год) падатак складаў: з 1 га ворыва – 584 рублі; 1 га саду – 3300 рублёў; 1 га сенакосу – 370 рублёў, з 1 каровы – 950 рублёў; з 1 каня – 1000 рублёў; з 1 вала ці быка – 500 рублёў; з 1 рамачнага вулля – 200 рублёў… Каб параўнаць, ці вялікія гэта грошы, прыклад: за 1 дзень работы са сваім канём і калёсамі пры перавозцы будматэрыялаў гаспадар мог зарабіць за адзін коне-дзень 28 рублёў. Такая вось рэальнасць…

Пазнаёмім вас з іншым цікавым дакументам з кнігі  “Івацэвіцкі раён. Гісторыя і сучаснасць”. У 1949 годзе па Івацэвіцкім раёне адна-
асобнымі гаспадаркамі было здадзена дзяржаве 1931 тона мяса, а пяццю калгасамі – 33 тоны. Пры гэтым з Бусяжскага сельсавета ад калгасных гаспадарак паступіла 8 тон мяса, ад аднаасобных – 210 тон. Якім быў той пасляваенны калгас? Вось калгас “Перамога” ў в. Сакоўцы ў 1947 годзе: 22 калгаснікі, 261 га зямлі (ворыўнай – 154), 12 коней, 3 каровы, 12 авечак і 9 свіней. І гэта – усё… 

У наступным дакуменце, які датаваны 1950 годам, гэтая ж гаспадарка Мікалая Сцепанчука мусіла здаць дзяржаве па закупачных цэнах прадукцыю жывёлагадоўлі: мяса – 30 кг, малака – 220 кг (альбо масла слівачнага – 11,6 кг), шэрсці авечай – 700 грамаў. Звернем увагу на тое, што гэта толькі тры пункты, якія пазначаны ў абавязацельстве для выканання. Гаспадарцы не ставілася задача здаваць сыр, яйкі, скуры авечыя ці казіныя, скуры свіныя, хоць такія нормы здачы і былі ў магчымым пераліку прадукцыі, якая збіралася з аднаасобнікаў. 

Але не толькі з аднаасобнікаў. Гэтае абавязацельства выпісана ўжо не на канкрэтна аднаасобную гаспадарку. І вельмі цікавая зноска ёсць пад кожным пунктам  прадукцыі: “10% скидканадбавка колхозникам ………… кг (граммов)”. Такім чынам, кожная сельская гаспадарка павінна была несці павіннасць па здачы дзяржаве па ёй устаноўленых закупачных цэнах прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі…

Сцяпан Пятровіч пасля дэталёвага разбору перададзеных яму дакументаў плануе перадаць іх у музей – гэта надзвычай цікавыя і важкія для нашай гісторыі экспанаты. А тым часам у яго ёсць яшчэ адна знаходка, якая чакае свайго часу – знойдзеныя дакументы, датаваныя самым пачаткам 20-га стагоддзя. Але пра тыя дакументы пазней раскажа сам аўтар.
Падрыхтаваў Валерый ГАПЕЕЎ.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий