Грудопальскі парк

18 апреля 2014 - Administrator
article1007.jpg
Нашы продкі пакінулі нам нямала запаведных мясцін. На жаль, час і абставіны наклалі свой адбітак на сённяшні стан Грудопальскага парку. Разам з Рэгінавым, Рудняй, і іншымі маёнткамі, якія знаходзіліся на р. Шчара, Грудопаль з XVI стагоддзя належаў роду Юн-
дзілаў. 
Пасля нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 года ўсе вышэйназваныя маёнткі былі канфіскаваныя і перададзены расійскім арыстакратам Варанцовым, а пасля царскай амністыі зноў  былі вернуты Юндзілам. 
У канцы XVIII стагоддзя ў Грудопалі быў пабудаваны з дрэва аднапавярховы, прамавугольны  палац, пакрыты гладкай дахоўкай. Цэнтральны фасад быў вылучаны ганкам. За межамі парку знаходзіўся шэраг гаспадарчых пабудоў. У тым ліку піваварны завод. Разам з палацам закладзены вялікі пейзажны парк, у якім пабудавана фамільная капліца-пахавальня. Палац меў унутры набор традыцыйных памяшканняў: зала для прыёму гасцей, сталовая, спальні, бібліятэка, рабочыя кабінеты. Быў  пабудаваны таксама  паляўнічы домік.

Жыццё жыхароў Грудопаля было разнастайным. Знойдзена інфармацыя аб тым, што Іосіф Іванавіч Шыманскі, які нарадзіўся ў 1908 годзе ў Грудопалі, паляк, быў асуджаны і высланы на спецпасяленне ў Архангельскую вобласць.
Ваенныя падзеі ў Грудопалі знайшлі сваё адлюстраванне не толькі ў ваенных матэрыялах,  але і ў вершах. Так, напрыклад, Уладзімір Труханаў напісаў свой твор «Балада пра салаўіную ноч», дзе згадваецца фальварак Грудопаль.
На тэрыторыі Грудопаля, пасля вайны, у 1953 годзе дзейнічаў дзіцячы дом, у якім выхоўваліся дзеці, бацькі якіх загінулі ў час вайны.
Пасля сядзіба ў Грудопалі выкарыстоўвалася ў якасці бальніцы для хворых на сухоты.

У канцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя ён быў перададзены мясцоваму лясніцтву пад пчальнік, потым прыйшоў у запусценне.
Паркавы комплекс уяўляе сабой асіметрычны квадрат плошчай дзевяць гектараў.
Партэр размяшчаецца бліжэй да цэнтру. У ім была пасаджана піхта аднакаляровая. Гэта дрэва ў парку ўяўляла асаблівую цікавасць. У 1992 годзе велічнае, больш чым стогадовае, вонкава зусім здаровае дрэва, на жаль, загінула. Піхта не вытрымала шквальнага напору ветру з боку аголенай паўночна-заходняй часткі парку. Ствол знутры меў дзіўна светла-бэжавы колер. Знешняя будова дрэва таксама арыгінальная. Яго вышыня – 21,3 м. Да вышыні 12,6 метраў ствол быў калонападобным. Вялікі дыяметр ствала  з’яўляўся, бадай, адной з рэкордных велічынь для роду піхтаў ва ўмовах Беларусі. У апошнія гады жыцця старога дрэва побач з ім здолела прарасці нашчадства: восем маленькіх піхтачак 1-4 гадовага ўзросту. Гэта вельмі рэдкая з’ява, асабліва ўлічваючы, што гэтая піхта расла ў адзіночку.
У некаторых месцах яшчэ цяпер праглядваюцца ліпавыя і грабавыя алеі. Вонкавыя ўскраіны былі зарослыя хмызнякамі. Аснову насаджэнняў складалі звычайныя елкі і хвоі.

Адсутнасць у Грудопалі атрыбуту тагачасных паркаў – сістэмы сажалак і каналаў – тлумачыцца вельмі нізкім узроўнем залягання грунтовых вод (ніжэй за 10 м) пад пясчанымі і супяшчанымі грунтамі. Гэтая асаблівасць з’яўляецца свайго роду адметнай рысай Грудопальскага парку.
Час і абставіны моцна змянілі першапачатковае аблічча паркавага комплексу: адбылося зарастанне хмызнякамі. Цалкам знікла адна з трох прыдарожных прысад, якая ішла ў дарожны тракт і парк.

Паўночна-ўсходні фрагмент паркавага ансамбля быў высечаны, а цяпер на гэтым месцы размяшчаецца севазваротны ўчастак Дабромысленскага лясніцтва Баранавіцкага лясгаса, а паўночныя плошчы парку займаюць хваёвыя пасадкі лясніцтва. На заходніх, паўднёвых і ўсходніх межах парку размяшчаюцца палі мясцовага калгаса.
У 70-х гадах мінулага стагоддзя быў здзейснены акт вандалізму – раскапана і апаганена капліца-пахавальня былых гаспадароў маёнтка.
Да цяперашняга часу “здзічэўшы” паркавы комплекс мае вялікую экалагічную і пазнавальна-эстэтычную значнасць, 
з’яўляючыся своеасаблівым “аазісам” флоры і фаўны сярод аграўгоддзяў і сасновых насаджэнняў, якія раскінуліся на сотні гектараў.
У парку сфарміраваўся каштоўны біяцэноз па багацці занальных прадстаўнікоў расліннага і жывёльнага свету, які не мае сабе роўных у наваколлях да 10-20 км. Тут выяўлены месцапражыванні васьмі відаў жывёл і раслін, уключаных ў Чырвоную кнігу Беларусі: вясёлка звычайная (грыб), арніка горная, арэшнікавая соня, чаглок, махнаногі сыч, сіпуха, жужаль фіялетавы. Асаблівую цікавасць уяўляе часовае пражыванне сіпухі-савы.

Адзначаны званочак персікалісны, чубатка полая, пералескі высакародная, якія маюць патрэбу ў прафілактычнай ахове.
Занальныя віды дрэў прадстаўлены 19 відамі. Травяністыя расліны адрозніваюцца багатым краявідным складам (109 відаў).
Сярод птушак пераважаюць зяблікі і палявы верабей, сярод млекакормячых – рыжая палёўка і звычайная буразубка. Большая частка адзначаных відаў паяўляюцца ў парку часова: на пералётах, кармавых пераходах. 
У парку адзначаны і млекакормячыя – 30 відаў; птушкі – 97; паўзуны – тры; земнаводныя – пяць.
Парк Грудопаль – вельмі рэдкі прыклад “забытага” парку. У цяперашні час ён з’яўляецца практычна адзіным, старадаўнім паркам свайго тыпу. 
Ён узяты пад ахову ў 1993 годзе. Помнікам прыроды абвешчаны з мэтай захавання рэшткаў старадаўняга парку XIX стагоддзя і аховы рэдкіх відаў фаўны і флоры на плошчы дзевяць гектараў.

Парку неабходна далейшае навуковае даследаванне, правядзенне аднаўленчых работ. Ён можа служыць і базавай тэрыторыяй для сістэмы экалагічнай і краязнаўчай адукацыі і выхавання.
Таццяна Голік, Сцяпан Куніцкі, настаўнікі ДУА “Дабромысленскі дзіцячы сад-сярэдняя школа”.
 
Комментарии (1)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев