Гучалі песні бабуль

20 марта 2013 - Administrator
article222.jpg

Вясна і песня – заўсёды побач. І тое, і другое нясе добры настрой, светлыя пачуцці.

У адзін з сакавіцкіх дзён якраз і давялося нам, жыхарам вёскі Заполле, вучням і настаўнікам, атрымаць асалоду ад народнай песні, якая так глыбока кранае душу, бо гэта сваё, блізкае, цёплае.

Да нас у госці завіталі ўдзельнікі фальклорнага гурта “На таку” з Мінска: Раман Яраш, Васіль Грынь, Алена Прохарава, Юлія Ліцвінава. Яны часта наведваюць розныя куточкі Беларусі, збіраюць, запісваюць народныя песні і выконваюць іх так, як колісь спяваліся яны па вёсках. Аж замірае душа – так прыгожа! Услед за сталічнымі выканаўцамі падхапілі песню жанчыны з фальклорнага гурта “Заранка”, што арганізаваны пры Квасевіцкім СДК, кіруе якім Вера Голуб. Палілася наша мясцовая, родная песня.

Гучалі старыя жніўныя песні, вясельныя.

 

І як жа тут утрымацца, каб не затанцаваць? Хачаце “Кракавяк? Калі ласка! “Падыспан”? “Абэрак”? Толькі танцуйце!

Сталыя вясковыя жанчыны пусціліся ў скокі.  А вось моладзь не падтрымала старэйшых. Не ўмеюць, а шкада.

Вось і робяць добрую справу людзі, якія і самі зацікаўлены, і іншых навучаюць таму, што мы абавязкова павінны ведаць. Бо наша гэта, роднае. І як добра, што яшчэ ёсць у каго навучыцца, пераняць.

А на развітанне заспявалі ўсе разам: і артысты, і слухачы.

Алег Бертман, Запалянская школа.

Комментарии (0)
Добавить комментарий