Мітрафан Доўнар-Запольскі на Целяханскай зямлі

6 марта 2013 - ALIAKSANDAR MIALIK
article190.jpg

Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі – выбітны беларускі гісторык, этнограф і эканаміст – “бацька” беларускай гістарыяграфіі. Сёння мала каму вядома, што напрыканцы 19-га стагоддзя тады яшчэ малады даследчык, падарожнічаў па сучаснай Целяханшчыне, вывучаў звычаі мясцовых жыхароў, іх фальклор, побыт.

 

Нядаўна, нам выпадкова давялося пагартаць старонкі штогодніка антрапалагічнай гісторыі “Homo Historicus 2009” пад рэдакцыяй доктара гістарычных навук А.Ф. Смаленчука. У зборніку мы натрапілі на такія малавядомыя раней матэрыялы як “Заметки из путешествия по Белоруссии” студэнта гістарычнага факультэта Кіеўскага ўніверсітэта Мітрафана Доўнар-Запольскага, якія ў 1890-1891 гадах друкаваліся на старонках “Виленского вестника”.

 

Будучы славуты беларускі гісторык, этнограф і эканаміст падарожнічаў летам 1890 года па поўдні Мінскай губерні па прапанове Імператарскага маскоўскага таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі. Верагодна, руплівасць і здольнасці будучага вучонага атрымалі высокую ацэнку маскоўскіх калег, і менавіта таму студэнт 2-га курса атрымаў такую ганаровую прапанову.

Падарожныя нататкі, напісаныя напрыканцы 19-га стагоддзя сёння заслугоўваюць асаблівай увагі. Мітрафан Доўнар-Запольскі здолеў у лёгкай і цікавай форме распавесці пра самыя розныя бакі тагачастнага жыцця насельніцтва паўночнай часткі Пінскага ўезда Мінскай губерні. У тэксце нататкаў спалучаюцца паэтычныя замалёўкі прыроды Палесся, грунтоўныя разважанні пра эканамічныя праблемы паўднёвага рэгіёна Мінскай губерні, эмацыйныя заўвагі пра наступствы п’янства, гістарычныя нарысы асобных мясцін Беларусі, падрабязныя апісанні памешчыцкіх маёнткаў і сялянскіх гаспадарак, а таксама песні палешукоў, асаблівасці сямейных адносін беларускіх сялян, апісанні свят і многае-многае іншае.

 

Ужо на першай старонцы нататкаў Мітрафан Доўнар-Запольскі піша, што для падарожжа ён выбраў найбольш цікавыя куточкі поўдня Беларусі сярод якіх і паўночная частка Пінскага ўезда Мінскай губерні. Па сёнешняму адміністрацыйна-тэрытарыяльнаму дзяленню гэта сучасная Целяханшчына .

 

На Целяханшчыну Мітрафан Доўнар-Запольскі прыехаў у сярэдзіне лета 1890 года з Пінску праз Ставок і Парэчча. Целяханы ён апісвае як галоўнае з мястэчак паўночнай часткі Пінскага ўезда, якое знаходзілася на пясчанай выдме сярод неабсяжных балот на беразе Агінскага канала. Вылучаліся тагачасныя Целяханы мноствам розных устаноў, што ўвогуле было тады рэдкасцю для большасці беларускіх мястэчак: валасной управай, управай судаходнай дыстанцыі Агінскага канала, лякарняй з адзіным лекарам на палову ўсяго Пінскага ўезда, паштова-тэлеграфнай канторай, ссуда-ашчаднай касай і інш.

Аднак, нягледзячы на мноства ўстаноў, Целяханы не з’яўляліся досыць вялікім мястэчкам. Тады яны былі на палову заселены габрэямі і мелі ўсяго каля 100 сялянскіх хат. Увогуле, Мітрафан Доўнар-Запольскі ў сваіх нататках звяртае ўвагу, што ў гэтых мясцінах як нідзе шмат было габрэяў. Яны з’яўляліся арандатарамі панскіх маёнткаў, займаліся гандлем, рамёствамі, за бясцэнак скуплялі ў сялян збожжа і рыбу. Адным словам, усё эканамічнае жыццё гэтых мясцін было пад кантролем габрэяў, што на думку аўтара насіла негатыўны характар.

 

Мітрафан Доўнар-Запольскі ў сваіх нататках адзначае, што на поўнач ад Целяхан па Агінскаму каналу знаходзяцца найбольш цікавыя мясцовасці, якія павінны быць прыцягальнымі для падарожнікаў. У першую чаргу гэта вёскі Вулька (Вулька-Целяханская) і Выганошты (вёска Выганашчы), а таксама азёры пры гэтых вёсках.

 

З апісанняў падарожніка Агінскі канал ў той час быў даволі запушчаны і ўжо ўяўляў мала цікавасці. У тыя гады канал летам моцна мялеў, так што плыты з цяжкасцю перамяшчаліся па яго ілістаму дну. Шырыня канала не перавышала 2 сажані, меў ён тарфяністыя берагі і быў прыгодны для перамяшчэння невялікіх судоў пераважна ў вясенні час.

Увагу Мітрафана Доўнар-Запольскага прыцягнула возера Вулькаўскае, якое моцна адрознівалася ад усіх палескіх азёр бачаных аўтарам раней і вылучалася асаблівай маляўнічасцю. Праз возера праходзіў Агінскі канал, таму яно выкарыстоўвалася для перагону плытоў, зімоўкі суднаў. Возера тады мела круглую форму, а яго памеры ў дыяметры складалі каля вярсты. Асабліва вылучалася Вулькаўскае возера значнымі глыбінямі, празрыстай вадой, высокімі берагамі, што ўвогуле малахарактэрна для балоцістых азёр Палесся.

 

Не менш цікавым для Мітрафана Доўнар-Запольскага здалося возера Выганоштскае (сёнешняя назва Выганашчанскае, Выганаўскае), якое знаходзілася ў 5-ці вярстах на поўнач ад вёскі Выганошты і таксама ўваходзіла ў сістэму Агінскага канала. Адно з самых вялікіх азёр Мінскай губерні, з поўначы на поўдзень мела 5 вёрст, а з захаду на ўсход 7–8. Тады возера было акружана непраходнымі балотамі на 5–15 вёрст, парослымі лазой і дробным лесам. Возера мела балоцістыя берагі, пакрытыя месцамі сялянскімі сенакосамі да якіх летам можна было пад’ехаць толькі на лодках. Падчас вясенняга разліву возера сваімі водамі залівала бліжэйшыя лясы і балоты на 20 вёрст і часам злучалася нават з суседнім Бабровіцкім возерам. Глыбіня ж возера летам не перавышала і 2 аршын. Затое возера мела ілаватае дно, так што апушчаны шэст нідзе не кранаў цвёрдага дна. Усё гэта рабіла возера асабліва небяспечным для судаходства пад час бураў. Здараліся выпадкі, што плыты, чакаючы спакойнага надвор’я, па некалькі дзён стаялі на якары пасярод возера, а малыя судны ўвогуле не маглі рухацца. Вылучалася возера тады багатай рыбай, якой у зімні час лавілі на некалькі тысяч рублёў. Тысячамі здабывалі тут і вадаплаўную птушку. Вялізнае значэнне Выганоштскае возера мела для Агінскага канала, паколькі жывіла яго ў летні час вадой. Для гэтага з паўднёвага боку возера была пабудавана плаціна для ўтрымання яго вод, а з поўначы 10-ты шлюз. Мітрафан Доўнар-Запольскі да возера пад’ехаў на конях, а там разам з плытагонамі з мястэчка Моталь на лодках дабраўся да 10-га шлюза, змог паплаваць і па Шчары. У падарожных нататках ён звяртае асаблівую ўвагу на некранутасць, дзікасць і велічнасць прыроды гэтых мясцін.

 

Галоўнай задачай падарожжа Мітрафана Доўнар-Запольскага было правядзенне этнаграфічных даследаванняў, якія заключаліся ў першую чаргу ў зборы фальклору: казак, песень, прыказак палешукоў. Тут, на Целяханшчыне, малады даследчак сутыкнуўся з неімавернымі цяжкасцямі пры зборы такога матэрыялу. Заключаліся яны ў першую чаргу ў тым, што мясцовыя сяляне ніякім чынам не хацелі ісці на кантакт. Для іх было незразумелым і нават падазроным, што нейкі незнаёмец хоча даведацца пра іх песні. Асабліва непрыступнымі былі мужчыны, якія не бачылі патрэбы проста так распавядаць інтэлегентнаму незнаёмцу свае песні, бо гэта мог быць які-небудзь чыноўнік ці яшчэ хто. Баяліся мужчыны таго, што распавёўшы свае песні ў іх могуць забраць зямлю, павялічыць падаткі або забраць у рэкруты. Такога пункту гледжання асабліва прытрымліваліся сталыя мужчыны пад уплывам якіх былі і маладыя хлопцы. У дадзеным выпадку не дапамагалі ні самыя падрабязныя тлумачэнні важнасці збору фальклору, ні нават шчодрая выпіўка.

 

За ўвесь час знаходжання на Целяханшчыне, Мітрафан Доўнар-Запольскі толькі ў вёсцы Выганошты сустрэў аднаго маладога хлопца, які праспяваў яму даволі шмат песень. Сваю рашучасць хлопец растлумачыў тым, што ўвосень яго забяраюць у рэкруты, так што баяцца няма чаго. Як ні дзіўна, баяліся патрапіць у салдаты нават і маладыя жанчыны, ад якіх таксама было цяжка што-небудзь атрымаць. Увогуле, аргумент, што маскалі могуць забраць у салдаты, быў галоўным сярод большасці насельніцтва Целяханскай воласці, каб не распавядаць песні, казкі, забабоны незнаёмцу.

 

Такім чынам, найбольшую колькасць фальклёрнага матэрыялу Мітрафану Доўнар-Запольскаму ўдалося сабраць ад старых жанчын. Старыя былі больш даверлівымі і пасля чаркі нават з радасцю і з асабістай цікавасцю напявалі свае песні, расказвалі казкі і замовы. Не баяліся яны ўжо і патрапіць у салдаты. За гадзіну-другую ад адной старой жанчыны можна было сабраць да 20–30 песень. У Целяханах нават знайшлася жанчына, якая распавяла больш за 100 песень за адзін дзень. Увогуле для целяханскіх жанчын было характэрна веданне і выкананне вялікай колькасці песень самай рознай тэматыкі. Мужчыны ж спявалі рэдка і ў асноўным пад час працы або выпіўкі.

Як правіла, мясцовае насельніцтва спачатку дзялілася сур’ёзнымі, тужлівымі песнямі, а ўжо потым, увайшоўшы ў азарт, распавядала ўсё больш вясёлыя. Адзін раз так здарылася і ў мястэчку Целяханы, калі сяляне “разышоўшыся” выдалі шмат цікавых песень, сярод якіх было нямала і вясёлых. Пад вечар, адумаўшыся, сяляне прыбеглі да старасты з заявай, што яны адказваюцца ад сваіх вясёлых песень. Тлумачэннем было тое, што мясцовыя ўлады, даведаўшыся аб вясёлых песнях сялян, вырашаць, што ім жывецца вельмі добра. Увогуле падобных выпадкаў Мітрафан Доўнар-Запольскі апісвае даволі шмат.

Будучы вядомы гісторык не раз у сваіх нататках наводзіць на думку, што стагоддзе расійскай акупацыі негатыўна адбілася на палешуках. Людзі сталі недаверлівымі, баязлівымі, цёмнымі. Доказам можа служыць і адна з самых распаўсюджаных ў той час сярод насельніцтва песень. Вось радкі з яе. 

 

Вчора була Польша, / А теперь Россия. / Не заступыт сын за батьку, / А батька за сына. / Батька иде из касою, / А сын з бороной. / Стара маты / Уместе з дочкай / Жита жалы. / Жалы воны, жалы / Помогай им, Боже, / А свята неделенька / Скарай пана, Боже! / Ковала заузулька, / Ковала, ковала, / А паньщина, даромщина / Из двору утекала, / Утекала, утекала. / Аж горы траслиса, / А за ими пана-ляхи: / Панщино, вернысь до дому! / Не вернуся, не вернуся – / Бо нема до кого, / Було хлопей шановаты, / Як здоровье я свого! / Дзякуй Богу, дзякуй Богу, / Дзякуй той царыце, / Що укопала ту даромщину / На Прусской граныце

 

(напісанне песні даецца ў арыгінале)

 

Негатыўнай з’явай, як і сёння, было  п’янства, якое шырока было распаўсюджана сярод сялян. Многія з іх любы працоўны дзень пачыналі з карчмы. Асабліва ўражвае выпадак, апісаны ў вёсцы Выганошты. Пад час збору фальклёру Доўнар-Запольскі хацеў аддзякаваць чаявымі 13-гадовую дзяўчынку, якая праспявала яму некалькі песень. Валасны пісар, які суправаджаў падарожніка, сказаў, што лепшай падзякай для дзяўчынкі будзе чарка гарэлкі. Так і адбылося, дзяўчынка з задавальненнем асушыла добрую чарку. Падобныя выпадкі ў падарожных нататках апісваюцца не раз. Увогуле п’янства ў той час было галоўнай прычынай многіх бед палешукоў. 

Варта адзначыць, што не менш цікава і захапляльна ў нататках Мітрафан Доўнар-Запольскі апісвае асаблівасці штодзённага жыця і побыт жыхароў Целяханшчыны, іх звычкі, вопратку, святы.

 

Увогуле, тэкст “Заметок из путешествия по Белоруссии” – гэта своеасаблівае адкрыццё Беларусі. Мітрафан Доўнар-Запольскі “адкрываў” Беларусь не толькі для чытачоў адной з самых масавых газет тагачаснай Беларусі “Виленского вестника”. Пазней па выніках падарожжа была напісана і апублікавана ў аўтарытэтных выданнях не адна навукая праца. Для нас вельмі важна, што ў тэксце адчуваецца ўласнае аўтарскае захапленне нашым краем і яго жыхарамі. Бясспрэчна, што падарожжа лета 1890 года было важнай падзеяй для станаўлення Мітрафана Доўнар-Запольскага менавіта як беларускага навукоўца.

Аляксандр МЯЛІК, Людміла ЛІТВІНАВА

Вулька Целяханская – Целяханы

 

Рейтинг: +1 Голосов: 3 5894 просмотра
Комментарии (1)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев