Прымайце, Івацэвічы, падарунак – раку!

28 мая 2013 - Administrator
article372.jpg

 26 мая нашаму раённаму цэнтру Івацэвічы споўнілася 494 гады. Няважна, што дата не юбілейная, бо калі ёсць падарунак, то трэба яго абавязкова падарыць. І падарунак добры адшукаўся ў архівах.


Гэты падарунак – рака. Так, тая самая водная нітка, якая праходзіць праз Івацэвічы і назва якой згубілася за даллю гадоў. Пэўна, мы чакалі такога вось дня, калі назва ўсё ж знойдзецца, і называлі рачулку Безыменным каналам.

Ранейшыя шматгадовыя пошукі назвы былі безвыніковымі: ні ў архіўных дакументах, ні на самых старых знойдзеных картах назва рачулкі нідзе не ўпаміналася.
 
Старажытныя грэкі казалі, што выпадак – падарунак багоў. Такі выпадак і здарыўся. Івацэвіцкі філіял Брэсцкага гарэла-лікёрачнага завода ўжо каторы час працуе над стварэннем свайго музея. Шукае і ўсе магчымыя архіўныя дакументы. І вось адзін дакумент стаў тым самым падарункам багоў.
Гэты дакумент – акт 1906 года, які быў складзены спецыяльнай камісіяй, што прыехала праводзіць агляд мясцовасці на просьбу ўладальніка на той час маёнтка Івацэвічы Вітолда Юндзіла аб будаўніцтве вінакурнага завода. Камісія піша пра тое, што насамрэч завод будзе не будавацца, а пашырацца, рэканструявацца стары з устаноўкай паравога катла і паравой машыны. І вось тут самае нечаканае і самае цікавае: камісія апісвае, дзе знаходзіцца стары завод:
“винокуренный завод расположен среди хозяйственных построек в расстоянии двадцати пяти саженей от речки Сыромянки, и что стоки со старого завода спускались открытой канавою непосредственно в речку, впадающую на расстоянии 3/4 версты в реку Гривду”.
 
Што ж, геаграфічна месца вызначана з дакладнасцю поўнай.
Значыць, той самы канал, які праходзіць праз Івацэвічы і да сёння мае назву Безыменны, ёсць на самай справе рака Сырамянка.
 
Што значыць гэтае слова? Дакладна адразу адказаць цяжка. Аднак, ёсць у Ленінградскай вобласці Расіі вёска Сыромянки. Таксама вядома адно месца ў Расіі з такой назвай: мясцовыя тут палююць на гусей і качак. Калі ўлічыць, што птушка любіць якраз месцы злучэння рэк, усё падаецца лагічным…
Што і як будзе далей з гэтым дакументам – справа за адзін дзень не вырашаецца. Галоўнае, што знойдзена, вернута з забыцця яшчэ адна назва нашай агульнай радзімы.
 
І што-нішто пра дакумент, бо ён заслугоўвае ўвагі. У склад камісіі, якая займалася абследаваннем старога завода Юндзіла, уваходзіў Урачэбны Інспектар. Вы ўжо, мабыць, звярнулі ўвагу на той сказ у акце, дзе камісія засведчыла пра стокі з завода, якія траплялі прама ў раку Сырамянку, а з яе ў Грыўду.
На аснове таго акту камісіі быў зроблены даклад, у якім прыводзіліся даныя праверкі і рабілася выснова.
“Губернский инженер и и.д. Врачебный Инспектор, рассмотрев настоящее дело, дали заключение в пользу удовлетворения приведенного ходатайства с тем, чтобы фильтр был устроен согласно чертежа и чтобы он своевременно очищался и содержался в исправности и вода не поступала в реку.
Ввиду изложенного разрешить перестройку и расширение завода в им. Ивацевичи помещику Юндилу с соблюдением приведенного в докладе условия»
 
Да дакладу быў прыкладзены падрабязны план.
Звярніце ўвагу: ужо ў тыя часы людзі былі занепакоеныя чысцінёй вады ў рэках і азёрах, і ўмовы ставіліся дастаткова жорстка: не будзе зроблены спецыяльны калодзеж-адстойнік і фільтр – не дазволім будаўніцтва. Яшчэ дададзім, што гэты дазвол падпісаны галоўным інжынерам, віцэ-губернатарам і губернатарам.
 
Прыводзім фрагмент рукапіснага акта, дзе ўпершыню сустракаецца назва рэчкі. Не здзіўляйцеся, калі адразу не прачытаеце ў гэтым слове “Сыромянкі” – пісар вельмі па-рознаму пісаў літары ўсцяж усяго аркуша. Увесь тэкст быў пільна прааналізаваны рознымі добраахвотнымі экспертамі, і яны прыйшлі да аднолькавага выніку. Да таго ж, у машынапісным тэксце дакладу ўжо ясна чытаецца назва ракі – Сырамянка.
Падрыхтаваў Валерый ГАПЕЕЎ.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий