Сюрпрызы зімовай “Хаваншчыны”:

29 ноября 2016 - Administrator
article2818.jpg

 партызанскі Дзед Мароз, пернікі па ваенным рэцэпце і квэст-экскурсія

ДУК “Івацэвіцкі гісторыка-краязнаўчы музей” зрабіў наведвальнікам некалькі прапаноў, звязаных з музейным філіялам – мемарыяльным  комплексам партызанскай славы “Хаваншчына”. Плануецца, што ўпершыню за гісторыю свайго існавання комплекс будзе задзейнічаны зімой. Пры наяўнасці жадаючых ужо са снежня там будуць праводзіць экскурсіі, у тым ліку квэст-экскурсіі з абавязковым візітам да партызанскага Дзеда Мароза, які сустрэне гасцей унікальнымі пачастункамі і захапляльнымі гісторыямі пра тое, як адзначалі Новы год у партызанскіх атрадах.

Падрабязней пра навіны краязнаўчага музея расказала яго дырэктар Раіса Горбач:
– Партызанская тэма цікавіла мяне з юнацтва, яшчэ калі я вучылася ў культасветвучылішчы, але не падазравала, што буду мець дачыненне да музейнай дзейнасці.  І ўжо тады  стала я збіраць і запісваць успаміны відавочцаў ваенных падзей, жанчын, якія на свае вочы бачылі, як быў наладжаны быт у сямейных атрадах і ў падрабязнасцях расказвалі пра традыцыі, абрады і святы падчас вайны, якія адзначаліся. Пазней чытала многа літаратуры на гэтую ж тэму і вось саспела для таго, каб скарыстаць гэтую інфармацыю з карысцю для нашага музея. У партызан сапраўды быў шэраг традыцый, звязаных з адзначэннем Новага году, быў своеасаблівы Дзед Мароз (захаваўся малюнак, які ілюструе тое, як ён выглядаў), у некаторых атрадах дазвалялася адзначаць Каляды – усё гэта было, і, мяркую, грамадскасці будзе цікава даведацца, як гэта было. 

Музей прапануе два варыянты экскурсіі – звычайная, калі наведвальнікам традыцыйна будзе расказана, чым знакамітая “Хаваншчына”, пра рэдакцыю газеты “Зара”, што месцілася тут у ваенны час, а ў штабе партызанскага злучэння ўдзельнікаў экскурсіі сустрэне Дзед Мароз з пернікамі на ржаной муцэ з сухафруктамі, спечанымі па ваенным рэцэпце. Раіса Іванаўна ўзяла яго з успамінаў адной жанчыны і сама паспрабавала прыгатаваць. “Яны такія смачныя!” – не хавала яна эмоцый у нашай размове. Будуць і цікавыя гісторыі з вуснаў казачнага персанажу, які, дарэчы, паўстане перад гасцямі ў партызанскай форме з посахам з чырвонай зоркай. У ваенны час Дзед Мароз выглядаў прыкладна так. Кулямётная лента і рэвальвер падкрэслівалі рэчаіснасць – усе павінны ўзяцца за зброю, каб выжыць, вызваліць Радзіму і народ. Да пернікаў будзе і гарбата – духмяная, на травах. Будзе і ёлка, упрыгожаная па-партызанскі – з зоркай з бляшанкі, абматанай чырвонай тканінай. Але ўсіх сюрпрызаў музей пакуль не раскрывае. 

Нават экскурсія, якую вышэй я назвала звычайнай, не такая і звычайная, згадзіцеся. Што ўжо казаць  пра другі варыянт, прапанаваны музеем, – квэст-экскурсію, калі яе ўдзельнікам трэба будзе выканаць шэраг заданняў, каб дайсці да кропак назначэння і дабыць інфармацыю. А потым – таксама сустрэча з гасцінным казачным персанажам. Запісацца на арыгінальныя экскурсіі можна па тэл. 9-31-66 і 8 (029)766-81-06.

Апошнім часам інтарэс да “Хаваншчыны”  ўзрос у тым ліку і дзякуючы форуму “Музеі Беларусі”, які праходзіў у Магілёве. Падчас яго на адной пляцоўцы сустрэліся 106 музеяў з усёй рэспублікі. Наш музей выклікаў фурор сярод удзельнікаў – яго работнікі і запрошаныя рэканструктары ўзнавілі штаб партызанскага злучэння і рэдакцыю газеты “Зара” ваенных часоў, прывезлі з сабой унікальныя прадметы музейнага значэння, прапанавалі наведвальнікам згуляць у партызанскія шахматы і не толькі. Цесныя сувязі наладзіў музей з Івацэвічаў са сталічным музеем Вялікай Айчыннай вайны, які прапанаваў абагаціць нашы фонды шэрагам экспанатаў са сваіх запасаў. Міністру культуры Беларусі Барысу Святлову прыйшоўся даспадобы прапанаваны нашымі музейнымі работнікамі напар з шасці траў – гэты напой прыгатаваны па рэцэпце ваенных гадоў, якім падзялілася партызанка з Дабрынёва. Пасля форуму сталі тэлефанаваць людзі з розных куткоў краіны, каб замовіць экскурсію па “Хаваншчыне” – з Іванаўскага, Мінскага раёнаў, Магілёўскай і Віцебскай абласцей, вядома, землякі з Брэстчыны – замоў ад іх вельмі шмат. “Хаваншчыну” чакае насычаныя вясна і лета. 

Акрамя таго, зацікавіліся комплексам партызанскай славы і расіяне. Некалі, у савецкія часы, наш музей падтрымліваў сувязь з музеем, што месціцца ў пасёлку Фруктовы ля Серпухава, адкуль родам камандзір партызанскага атрада Аляксей Чарткоў. Расійскі бок прапанаваў узнавіць супрацоўніцтва, каб  арганізаваныя групы турыстаў з Расіі змаглі прыязджаць у “Хаваншчыну” зноў. У снежні работнікі Івацэвіцкага музея запрошаны ў Маскву, у пасольства, дзе будзе ладзіцца мерапрыемства для абмену вопытам паміж культурнымі ўстановамі і наладжвання цесных сувязей. 
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий