У будучую турыстычную скарбонку

19 августа 2013 - Administrator
article532.jpg

 З 13 па 18 жніўня г.г. у раёне Бабровіцкага возера працавала навуковая экспедыцыя ў складзе пяці чалавек з аддзела археалогіі інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. 

Малодшы навуковы супрацоўнік Алег Ткачоў, кіраўнік групы, дарэчы, наш зямляк, аспіранты Аляксандр Максімовіч, Аляксандр Вашанаў, Сяргей Ліневіч, малодшы навуковы супрацоўнік Святлана Велент-Шчэрбач на працягу амаль тыдня вялі тут раскопкі (дзюна ўздоўж Бабровіцкага возера) у пошуках прадметаў быту, якімі карысталіся тутэйшыя жыхары, што жылі ў перыяд эпохі мезаліту і да эпохі сярэднявечча. А што тут такія прадметы ёсць, сведчыць карта, складзеная ў выніку археалагічных даследаванняў, што праводзіліся ў гэтых мясцінах у 2001-2002 гадах. У 19 месцах павінны быць такія прадметы.

– Рэгіён Целяханшчыны на прадмет далёкага мінулага яшчэ слаба даследаваны і комплексна вывучаны, – расказвае кіраўнік групы навукоўцаў Алег Ткачоў. – Вось мы і вырашылі ўнесці ў вырашэнне гэтай задачы свой уклад, тым больш, што рэгіён вельмі перспектыўны ў плане развіцця турызму. Знойдзеныя прадметы таго часу, а іх нямала, – гэта скрабкі, вазцы, наканечнікі стрэл, науклеуксы і іншыя прадметы – мы перададзім у Івацэвіцкі краязнаўчы музей, а на месцах іх знаходак будуць устаноўлены стэнды, якія раскажуць турыстам аб жыцці нашых далёкіх продкаў. А працавалі мы тут па ўзгадненні з раённай уладай.

Раскопкі вяліся не глыбока – да 40 см, для параўнання ў раёне Полацка – да 9 метраў. І прадметы быту знаходзяцца крыху глыбей – за 10-20 сантыметраў. Экспедыцыя абследавала і іншыя месцы жыцця нашых далёкіх продкаў вакол Бабровіцкага возера. 

Міхаіл РУДНІЦКІ.

 
Комментарии (0)
Добавить комментарий