З падручнікаў мінулага веку

3 октября 2013 - Administrator
article610.jpg

 Шмат падручнікаў знаходзіцца на захоўванні ў Івацэвіцкім гісторыка-краязнаўчым музеі. Ёсць дзве кнігі, па якіх вучыліся (30 гады ХХ ст.) у дзяржаўнай сельскагаспадарчай школе ў Марачоўшчыне. Адна па кулінарыі, другая “Хімічныя сродкі ад хвароб і шкоднікаў раслін”.

Вельмі павучальныя задачы ў падручніку па матэматыцы (1930 год). Вось некалькі з іх (арфаграфія  захавана).

 

Задача 1:

Шмат сродкаў выходзіць у людзей на такую шкодную для здароўя рэч, як курыва. Сымон Піліпчык кожны дзень аддае на курыва 28 кап.

Падлічэце: 

а) колькі грошай на курыва траціць Піліпчык у тыдзень;

б) якую суму гэта складае ў месяц (месяц лічыцца за 30 дзён);

в) колькі выходзіць сродкаў у год;

г) ці змог бы Піліпчык за гэтыя грошы купіць гарнітур і паліто, калі гарнітур каштуе 46 р., а паліто 49 р. 50 к. і колькі пры гэтым засталося ці не хапіла б грошай.

 

Задача 2:

Яшчэ больш шкодныя для здароўя чалавека гарэлка і піва. Міхась Цьвік , які ня лічыцца п’яніцаю, аддае на гарэлку і піва кожны тыдзень 3р. 50 к.

Падлічэце:

а) колькі гэта грошай прыпадае ў сярэднім у дзень;

б) колькі выходзіць на выпіўку ў месяц;

в) якая сума траціцца на выпіўку ў год;

г) ці змог-бы Цьвік за тыя грошы , якія трацяцца ў год на выпіўку, купіць сабе:

гарнітур – за 46 руб.

паліто – ”65”

боты – “18”

выпісаць газэту на год –”6”

розных кніжак – “10” 75к.

і колькі б у яго засталося ці не хапіла б грошай.

 

Задача 3:

Рыгор Калечыц кожны раз пасьля атрыманьня заработнай платы, 2-3 разы ў месяц, заходзіў у піўную, дзе прапіваў у сярэднім 2 руб. Апрача гэтага, з яго ўтрымалі ў год за 15 дзён прагулу пасьля п’янства па 4 р. 20к. у дзень.

Колькі каштавалі ў год сям’і Каленчыца выпіўкі пасьля атрыманьня заработнай платы і няяўкі на працу па няўважлівых прычынах?

Галіна Дылюк, галоўны захавальнік фондаў Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея. 

Комментарии (0)
Добавить комментарий