“Чысць-2016” пакарылася нашай спявачцы!

7 декабря 2016 - Administrator
article2833.jpg

 Наш пільны чытач, напэўна, памятае імя Ульяны Пяшковай, выпускніцы ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы”. Яна часта з’яўлялася на старонках раёнкі: беларускія дыпломы, пасля былі ўзнагароды з Балгарыі, Польшчы, Італіі… Гэтая таленавітая спявачка ў ліку першапраходцаў раёна па ўдзеле ў вакальных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. 


Пасля заканчэння школы мастацтваў наша зямлячка засталася вернай сваёй мары – атрымаць музычную прафесію, і сёння яна студэнтка 3 курса Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа. 
У студэнцкім жыцці Ульяна не страціла конкурснага запалу. На гэты раз ёй пакарыўся V Фестываль джазавай музыкі «Чысць-2016», які прайшоў у лістападзе ў рамках праекта Нацыянальнага акадэмічнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам прафесара Міхаіла Фінберга “Міншчына сустракае джаз”. На некалькі дзён невялікі пасёлак Чысць (Маладзечанскі раён) стаў сапраўднай сталіцай джазу. Тут сабраліся лепшыя выканаўцы краіны. Нашай Ульяне было складана, тут ёй прыйшлося выканаць дзве кампазіцыі запар.

– Я думала, будзе пэўны перапынак паміж нумарамі, у мяне і касцюмы розныя былі для песень, – расказвае Ульяна. – Аказалася, выхад на сцэну ў мяне быў адзін, прыйшлося браць журы не касцюмамі, а вакальнымі данымі, лічу, усё атрымалася.
Канечне атрымалася! Дзяўчына настолькі чыста і прыгожа выканала складаныя песні на замежнай мове “New York” (Frank Sinatra) і “Nature Boy” (Aziza Mustafa Zadeh), што стала лаўрэатам I ступені ў намінацыі “Джазавы вакал”. У хатнім архіве Ульяны Пяшковай ужо не адзін дзясятак дыпломаў і ўзнагарод, але кошт кожнай для яе ад гэтага не страчваецца. Як адзначыла маці нашай джазавай зоркі, Таццяна Пяшкова, Ульяна вельмі патрабавальная да сябе і кожны конкурс для яе – чарговы шанец навучыцца новаму. Віншуем зямлячку і жадаем ёй новых творчых поспехаў!    
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, 
фота з архіва Ульяны Пяшковай.
Комментарии (0)
Добавить комментарий