“Пішу зямлі маёй красу”

19 мая 2017 - Administrator
article3164.jpg

 Пад такой назвай 12 мая ў Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры, у выставачнай зале адкрылася выстаўка карцін нашага земляка, мастака і паэта Анатоля Галушкі. Першых наведвальнікаў сустракалі болей за паўсотні новых работ. Іх жа чакала і прыемная неспадзяванка – кніга вершаў і прозы “Яблычны Спас”.


Па шчырасці, мы ўсе – сам Анатоль, яго брат Сяргей і аўтар гэтых радкоў – ніяк не чакалі такой сустрэчы.  Я зараз не наконт людской цеплыні, а наконт увагі сродкаў масавай інфармацыі. Дык вось, як толькі Анатоль з’явіўся ў зале, яго літаральна захапілі шматлікія журналісты, кіна- відэааператары, фатографы. Першы раз у сваім жыцці Анатоль адказваў на дзясятак мікрафонаў адразу. Казаў пасля: вельмі ж разгубіўся, стала няёмка ад такой увагі, але… “Я бачыў вочы журналістаў, там была непадробленая цікавасць, яны па праўдзе хацелі чуць ад мяне адказы на свае пытанні. Вось і адказваў шчыра…”. 

На выстаўцы было шмат гасцей, як простых наведвальнікаў, так і тых, хто ўжо ведаў Анатоля Галушку, былі і ягоныя сябры.
Перад афіцыйным адкрыццём выстаўкі першым са словамі прывітання выступіў намеснік начальніка галоўнага упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама, начальнік упраўлення культуры Сяргей Панасюк. Ён адзначыў, што імя Анатоля Галушкі стала культурным набыткам Берасцейшчыны, а яго жыццё – узорам і сімвалам пераможнага духу творчага чалавека. Сяргей Барысавіч выказаў сваё шчырае захапленне ўбачаным на гэтай выстаўцы і папрасіў Анатоля паўтарыць асабіста для яго адну карціну, каб пасля яе набыць 
у аўтара.

З цёплымі словамі віншаванняў выступілі пасля мастак-графік, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, ганаровы акадэмік Расійскай Акадэміі мастацтваў Леў Алімаў, член беларускага Саюза мастакоў Леанід Валасюк.
У прыватнасці, імі было заўважана, што нават з прафесійнага боку гледжання работы Анатоля “зроблены” так, што на другі план сыходзяць разважанні пра тэхніку работы, падбор колераў і іншыя прафесійныя тэрміны, бо першае і галоўнае ў іх – светаадчуванне мастака, яго здольнасць перадаць яго гледачу праз фарбы.

Павіншаваць свайго сябра і калегу прыйшлі групай сябры Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі са сваёй старшынёй Таццянай Дземідовіч.  Анатоль атрымаў ад іх не толькі падарункі, але і ганаровую грамату – за вялікі ўклад у развіццё і папулярызацыю беларускай літаратуры.
 
 
Бо, будзем помніць, Анатоль не толькі мастак, але і паэт, празаік. І на гэтай выстаўцы ў Брэсце была прадстаўлена нядаўна выдадзеная кніга вершаў і прозы “Яблычны Спас”, якую тут жа многія набывалі і пасля падыходзілі з просьбамі пакінуць аўтограф. Зрэшты, калі падумаць, то кожны мастак – паэт, а кожная кніга – мастацкае палатно. Зусім не выпадкова і першыя друкаваныя кнігі аздабляліся лепшымі мастакамі-графікамі таго часу…

Пасля афіцыйнага адкрыцця выстаўкі Анатоль яшчэ доўгі час знаходзіўся ў коле наведвальнікаў і сяброў у цэнтры залы: да яго ішлі з пытаннямі, з кнігамі, для фатаграфавання. І ўздоўж сцен залы, дзе размясціліся работы, праходжваліся, застываючы перад палотнамі, людзі – някідкая прыгажосць роднай зямлі, раскрытая мастаком, не адпускала…
 
Валерый ГАПЕЕЎ, 
фота аўтара.
 
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий