“Праз гукі акардэона дзялюся патаемным”, –

21 ноября 2017 - Дарья Вдовина
article3546.jpg
“Праз гукі акардэона дзялюся патаемным”, – прызнаецца спявак і кампазітар, лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, «залаты акардэон краіны» Ігар Квашэвіч, які ў чарговы раз наведаў сваю малую Радзіму – Целяханы ў рамках музычна-адукацыйнага праекта «Беларусь тур», ініцыятарамі і арганізатарамі якога з'яўляюцца рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Белая Русь» і Міністэрства культуры Беларусі. 
 
Напярэдадні канцэрта ён даў майстар-клас для навучэнцаў дзіцячай школы мастацтваў у Целяханах. У Ігара Квашэвіча немалы педагагічны вопыт, некалькі гадоў ён сумяшчаў жыццё музыканта з выкладчыцкай дзейнасцю. Аднак, у свой час прыйшлося зрабіць выбар, бо сумяшчаць два роды заняткаў у пэўны момант стала складана. Варыянт, калі канцэрту папярэднічае дабрачынны майстар-клас для выхаванцаў музычнай школы, Ігар палічыў аптымальна магчымым. Атрымліваецца дзяліцца сваім вопытам, шліфаваць майстэрства і вучыцца ў маладых. Важна таксама тое, што ён паказвае дзецям на ўласным прыкладзе – калі ўпарта вучыцца і працаваць над сабой, то можна дасягнуць пэўных вынікаў, вяршыняў.
 
– За два з паловай гады жыцця ў Германіі ў мяне з'явілася выдатная магчымасць параўноўваць сістэму музычнай адукацыі Еўропы і нашу. І хачу сказаць, што ў нашай плюсаў больш. Але часта мы не цэнім тое, што ў нас ёсць. “Беларусь тур” – гэта праца на перспектыву, на будучыню нашай краіны, нашых грамадзян. Галоўная мэта праекта не столькі адкрыць новых Паганіні і Моцартаў, хоць і гэта магчыма, колькі садзейнічаць духоўнаму росту дзяцей. У нашай краіны велізарны чалавечы рэсурс, яго трэба задзейнічаць, – упэўнены Ігар Квашэвіч.
 
А ўжо вечарам у той жа школе мастацтваў ён парадаваў усіх прысутных у зале сваёй віртуознай ігрой на акардэоне. Пачаў з класічных твораў Даменіка Скарлаці і Фрэдэрыка Шапэна, а завяршыў міні-канцэрт сучаснай апрацоўкай беларускага танца «Мікіта», знакамітым «Фернандэсам» і канцэртным танга, патлумачыўшы выбар паслядоўнасці нумароў так: «Канцэрт без танга – гэта канцэрт, які, лічы, не адбыўся». Кожны нумар Ігара Квашэвіча суправаджаўся бурнымі апладысментамі, прыхільнікі неслі кветкі, каб уручыць яму. Ён з усмешкай іх прымаў. “Гэта самыя прыгожыя і дарагія кветкі, бо яны выраслі на маёй Радзіме”, – прызнаўся музыкант.
На канцэрт Ігар Квашэвіч запрасіў шаноўных гасцей – акадэміка Нацыянальнай музычнай акадэміі Украіны імя П. І. Чайкоўскага Віталія Зайца і знакамітага расійскага акардэаніста Сервера Абкерымава, які таксама выканаў некалькі твораў на акардэоне. Акрамя гэтага, на сцэне выступілі вучаніцы Целяханскай школы мастацтваў Вольга Касіян і Яўгенія Крываль (на здымку разам з Ігарам Квашэвічам). Яны прадэманстравалі госцю, чаму навучыліся за гады навучання, і атрымалі высокую ацэнку сваёй працы. Заўваг амаль не было, толькі парады. «Я здзіўлены талентам беларускіх дзяцей», – адзначыў музыкант.
 
Ігар Квашэвіч лічыць, што вельмі важна, каб маленькія музыканты трапілі ў, як кажуць, патрэбныя рукі прафесіяналаў, бо настаўнік павінен “запаліць” інтарэс дзіцяці да заняткаў музыкай. Падчас канцэрта ён шчыра дзякаваў сваёй першай настаўніцы Целяханскай школы мастацтваў Але Рыгораўне Протас, якая аказалася менавіта такім педагогам.
 
У вялікі музычны марафон увайшло 120 гарадоў, і ў кожным — абавязковы бясплатны майстар-клас для вучняў мясцовых музычных школ, дабрачынныя выступленні ў дзіцячых дамах і іншых сацыяльных установах.
 
Тур ужо набліжаецца да завяршэння – наперадзе канцэрты ў абласных цэнтрах, а фінальным акордам стане выступленне ў Мінску. У кожнай вобласці музыкант адбіраў самых таленавітых выканаўцаў сярод вучняў, якія разам з ім будуць выступаць у сваім абласным цэнтры, а лепшыя з лепшых будуць мець гонар выступіць на гала-канцэрце ў сталіцы. Сярод шчасліўчыкаў, якія выступяць у Брэсце – Вольга Касіян і Яўгенія Крываль з Целяхан. Разам з імі будуць выступаць дзеці з Бярозы, Драгічына, Кобрына. 
 
Напрыканцы творчага вечара дырэктар Целяханскай школы мастацтваў Вадзім Галоўчык уручыў усім гасцям памятныя падарункі.
– Ігар робіць вялікую справу. Ён дае юным музыкантам дадатковы стымул развівацца. Дарослыя гледачы таксама чакаюць яго выступленняў з нецярпеннем. Таму што публіка ў невялікіх гарадах не збалаваная ўвагай вялікіх артыстаў, а Ігар, так бы мовіць, нясе ў народ культуру акардэона, – адзначыў ён.
 
Ганна Ільяшэвіч, фота аўтара.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий