Абяцанне выканана – перамогі ёсць!

3 февраля 2015 - Administrator
article1483.jpg

Імёны настаўнікаў Алега Зыбайла і Людмілы Зыбайла ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы” ўжо не аднойчы з’яўляліся на старонках райгазеты.

Так, у лістападзе, дзяўчынкі-выхаванкі Алега Іванавіча і Людмілы Барысаўны паспяхова выступілі на IV Міжнародным конкурсе выканаўцаў “Залатая Ліра Палесся”. Яны сталі лепшымі сярод 250 удзельнікаў і прайшлі ў паўфінал конкурсу. А адна з выхаванак Алега Зыбайла – Айла Савуціна выйшла ў фінал і стала лаўрэатам III ступені. Тады настаўнікі паабяцалі і надалей трымацца на хвалі перамог. Дарэчы, да 75-годдзя нашага раёна Алег Іванавіч быў узнагароджаны Пісьмом падзякі ад Івацэвіцкага райвыканкама за добрасумленную працу і значны асабісты ўклад у развіццё раёна па выніках працы за 2014 год, а яго прозвішча занесена на раённую Дошку гонару.

 

Як бачна, з апошняга ўдалага выступлення выхаванцаў настаўнікаў не прайшло і два месяцы, а нагода віншаваць іх з’явілася зноў. І вельмі змястоўная: сем дыпломаў прывезлі на івацэвіччыну нашы маленькія музыканты з Міжнароднага Каляднага фестывалю дзіцячай і юначай творчасці “Мы разам”, што праходзіў у Брэсце ва УА “Брэсцкі дзяржаўны абласны цэнтр маладзёжнай творчасці”. У гэтым фестывалі па розных намінацыях выступалі каля трохсот маладых і таленавітых музыкантаў, танцораў, спевакоў, акцёраў. Наша фестывальная каманда з васьмі чалавек выступала ў намінацыі “Інструментальная творчасць”.

 

Сярод пераможцаў, як у якасці асобных выканаўцаў, так і ў складзе ансамбля, зноў аказаліся Айла Савуціна (дыплом лаўрэата I ступені), Святлана Лазарчук (дыплом лаўрэата II ступені) і Ганна Кабяльчук, якая ў той дзень атрымала адразу дзве ўзнагароды: адзін дыплом лаўрэата I ступені і другі, асобны, за артыстызм. Аднак заззялі на нашым музычным “небасхіле” і новыя зорачкі. Гэта Максім Канановіч, Сямён Пігальскі, Антон Скурчык, Паліна Арцюх і Андрэй Чаплінскі – а ўсе разам яны – ансамбль “Забавушка”. Сваёй бездакорнай ігрой, артыстызмам і зладжанасцю гэтая “васьмёрка” прыцягнула да сябе асаблівую ўвагу журы і пільныя позіркі астатніх супрэнікаў. Дарэчы, апошнія здымалі выступленне івацэвіцкіх хлопчыкаў і дзяўчынак на тэлефоны і айпады. Дзе ж яшчэ такое ўбачыш!

 

Аднак сёння хацелася б спыніцца не толькі на маленькіх пераможцах, але і на іх настаўніках. Падчас мінулай сустрэчы вучаніца Алега Зыбайла Айла Савуціна вывела асабістую формулу свайго ўдалага выступлення на конкурсе, па якой 60 працэнтаў поспеху – гэта заслуга настаўніка. У чым сакрэт тых самых 60 працэнтаў (ці можа ўдалы творчы і сямейны дуэт вывеў нейкую сваю формулу?), аб гэтым мы спыталіся ў Алега Іванавіча і Вольгі Барысаўны (Н.Г.: дыпламантам фестывалю ў намінацыі “Педагог-майстар”).

 

Амерыку мы не адкрыем, калі скажам, што ў аснове формулы – талент і надзвычайнае працалюбства нашых выхаванцаў, – пачалі настаўнікі. – Тут, у школе мастацтваў, у класах і з інструментамі, прайшлі ўсе зімовыя канікулы нашай  “Забавушкі”. Канешне, удзелы ў конкурсах патрабуюць ад іх максімальнай падрыхтоўкі, а гэта забірае шмат іх вольнага часу. Не кожны вытрымае такога тэмпу, таму для нас найперш важна іх асабістае жаданне. Аднак, паверце, уся стомленасць знікае, калі яны трымаюць у руках дыпломы. А для нас іх перамогі каштоўней, чым уласныя, расказалі Алег Іванавіч і Вольга Барысаўна.

 

Шчыра настаўнікі дзякавалі нязменнаму канцэртмайстру ансамбля, настаўніку па класе фартэпіяна, Кацярыне Жук, а таксама бацькам маленькіх дыпламантаў – за разуменне і вялікую маральную і фінансавую падтрымку.

Гэтыя настаўнікі разам са сваімі выхаванцамі даўно пераадолелі межы абласных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў, ім ужо “па зубах” міжнародны ўзровень. Але, падняўшыся на такія вяршыні музычнага алімпу, галоўным у конкурсным працэсе выкладчыкі ўсё роўна лічаць зацікаўленасць і задавальненне дзяцей. Бо музыка і мастацтва ў цэлым – справа тонкая і далікатная, як тая струна. Трошкі мацней націснеш – і яна не вытрымае, таму тут важна правільна разлічыць магчымасці вучняў. Упэўнена, у гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак яшчэ вялікі запас сіл, таленту і жадання імкнуцца да новых вяршыняў. Будзем чакаць ад іх новых перамог!

Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.

Комментарии (0)
Добавить комментарий