Алеся Зайку віталі ў Мінску

1 июля 2015 -
article1787.jpg

Прэзентацыя кнігі Алеся Зайкі, нашага вядомага аўтара некалькіх кніг па гісторыі і этнаграфіі нашага раёна, прайшла 25 чэрвеня ў Дзяржаўным літаратурным музеі імя Янкі Купалы ў Мінску.

Удзел у гэтай святочнай імпрэзе бралі вядомыя дзеячы навукі і культуры, аматары беларускага фальклору і прыхільнікі беларускай мовы.


Вядучы імпрэзы пажартаваў, што гэтая кніга – унікальная ўжо ў сваёй назве, такіх больш няма: поўная назва кнігі складаецца з 40 слоў: "Прыказкі і прымаўкі, жарты і каламбуры, прыгаворкі і языкаломкі, вясельныя прыгаворкі пры дзяльбе каравая, вітанні і зычэнні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засцярогі і прысяганні, праклёны і адкляцці, жартоўныя праклёны і дражнілкі-кепікі, зневажанні і параўнанні, прыкметы народнага календара з Косаўшчыны". Літаратуразнаўцы  называлі кнігу своеасаблівай навуковай установай у адной асобе.
Дастаткова вялікая зала музея не змагла ўмясціць усіх жадаючых – на прэзентацыю прыйшло больш за сотню чалавек.

"Значны ўклад у айчынную дыялеткалогію – такі ўклад, які дазваляе залічыць яго да кагорты самых вядомых аўтарытэтаў у гэтай галіне", – так быў ацэнены аўтар Алесь Зайка за сваю работу.


Якія цудоўныя ўзоры мудрасці і драматычнага густу ёсць тут на кожнай старонцы, якая глыбінная маральнасць і высокачалавечнасць закладзена ў іх. Мы з пачуццём глыбокай удзячнасці гаворым: “хвала і гонар гэтаму рупліваму збіральніку” – падкрэслівалі выступоўцы.

"Мы з шаноўным аўтарам знаёмы вельмі даўно, яшчэ з дзіцячых часоў. Тады ж ён і захапіўся вось гэтай справай, ураджай якой збірае сёння. Ён вельмі шмат зрабіў для нашых мясцін. Калі вам нехта скажа, што на Косаўшчыне самы вядомы чалавек – гэта Тадэвуш Касцюшка, вы пагадзіцеся, але з той папраўкай, што пасля Алеся Зайкі", – сказаў рэдактар кнігі, вядомейшы знаўца беларускай мовы, галоўны рэдактар выдавецтва “Тэхналогія” Дзмітрый Санько.


Седзячы ў зале, у якой панаваў настрой узнёслай радасці і шчырай удзячнасці аўтару, нельга было не ганарыцца сяброўствам з ім, веданнем таго, што чалавек, які прымусіў гаварыць пра сябе і сваю працу навуковае кола літаратуразнаўцаў усёй Беларусі – наш зямляк, наш аўтар і наш шчыры сябра.

Віншуем Алеся Фаміча з гэтай цудоўнай падзеяй і зычым яму далейшага плёну ў яго такой пачэснай, такой патрэбнай справе – справе захавання моўнай спадчыны нашага народа.

Валерый ГАПЕЕЎ.

На здымку: падчас прэзентацыі Алесь Зайка і рэдактар кнігі Зміцер Санько.

Комментарии (1)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев