Чатыры дыпломы – лепшы навагодні падарунак

19 декабря 2016 - Administrator
article2852.jpg

 З чатырма дыпломамі прыехалі выхаванцы супрацоўніц ДУА “Дзіцячая школа  мастацтваў г. Косава” Анжалікі Аляксандраўны Фядосік і Святланы Вітальеўны Акавітай з творчых конкурсаў. 


У суботу, 10 снежня, на абласным фестывалі-конкурсе інструментальных ансамбляў мы былі зоркамі. Так, інструментальны ансамбль “Канапушкі”, у якім восем чалавек, выхаванцаў класаў аг. Гошчава ўзяў дыплом 3 ступені ў намінацыі “Ансамблі народных інструментаў” (да 10 чалавек, старэйшая ўзроставая група). Як расказала нам мастацкі кіраўнік Анжаліка Фядосік, “Канапушкі” – вопытны калектыў, у некім сэнсе брэнд у Гошчаве. Дзесяцігадовая гісторыя ў калектыва, склад, канечне, мяняецца, дзеці растуць, але традыцыі і прафесійны падыход да музыкі застаюцца. На гэтым конкурсе ансамбль выканаў кампазіцыі “Куцця” (С. Колган) і “Чарльстан” (Г. Хейд). І гэта было двайное пападанне. Журы адзначыла ансамбль дыпломам III ступені. Дапамог вопыт, адзначаюць дзеці, гэта ўжо не першы іх удзел у творчым конкурсе. А яшчэ дзякуюць кіраўнік і калектыў іх канцэртмайстру Анастасіі Міхайлаўне Басалай. 

У той жа дзень і з тым жа вынікам выступіў інструментальны ансамбль “Грэйс” у намінацыі “Ансамблі народных інструментаў” (да пяці чалавек, старэйшая ўзроставая група). Больш за дзесяць гадоў “Грэйс” папулізуе народны інструмент і даказвае, што нават сучасныя кампазіцыі могуць гучаць прыгожа на іх. Так ёмка вызначыла асноўную ідэю ансамбля мастацкі кіраўнік Святлана Акавітая. Дарэчы, многія выпускнікі “Грэйса” сёння – студэнты музычных каледжаў. Цяперашні жа склад упершыню спрабаваў сябе на конкурсах – і такі поспех.   

На наступны дзень мы пакаралі ўжо сталічную сцэну. III адкрыты конкурс маладых выканаўцаў “Беларускія таленты-2016” сабраў некалькі соцень дзяцей з усёй краіны, адных толькі намінацый было 13! Але нават у такой канкурэнцыі наш Кірыл Русак, выхаванец Анжалікі Фядосік з п. Зялёны Бор, стаў лаўрэатам III ступені. Сваім пачуццём музыкі і майстэрствам гульні на гітары дзесяцігадовы хлопчык пакарыў журы. Некалькі гадоў таму хлопчык сам вырашыў займацца музыкай, бацькі падтрымалі жаданне сына, і сёння ў Кірыла свой добры інструмент і чарговы дыплом у асабістай скарбонцы. 

І ўжо знаёмы нам інструментальны ансамбль “Грэйс” на гэтым конкурсе таксама ў прызёрах. У намінацыі “Інструментальнае выканальніцтва (ансамблі да 8 чалавек) чацвёрка з “Грэйс” атрымала дыплом I ступені. Максім Ціток (гітара), Дзіяна Іскра і Аляксандра Каліноўская (домра), Алёна Шаўгінёва (домра-альт) доўга рыхтаваліся да конкурсу, спадзяваліся на поспех. І атрымалася! 
Такія ўдалыя выхадныя – сапраўдны падарунак перад навагоднімі святамі для зорачак Косаўскай школы мастацтваў. Але толькі яны ведаюць, што такі россып дыпломаў – гэта вынік штодзённай работы над сабой. Настаўніцы дзяцей-прызёраў па-
дзяліліся, што многія нумары рыхтаваліся яшчэ з верасня. І гэта вымушае задумацца, як няпроста даюцца творчыя перамогі. Віншуем з узнагародамі нашых дзетак!   
Наталля ГЕРБЕДЗЬ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий