Чырвоныя пацеркі для "Каліны"

11 декабря 2015 - Administrator
article2116.jpg

 Фальклорны калектыў “Каліна” Сомінскага СК адзначыў сваё 35-годдзе з дня заснавання 

Пачыналася гісторыя “Каліны” ў 1980 годзе, у год маскоўскай алімпіяды, калі некалькі актыўных, маладых, спартыўных і вясёлых вясковых прыгажунь вырашылі спяваць разам і назваліся "Калінай". 

І працэс пайшоў – паліліся па акрузе мілагучныя, народныя, душэўныя спевы. Першыя Сомінскія ластаўкі: Ганна Кавалевіч, Галіна Соляр, Валянціна Басалай і Іван Басалай, Вольга Мікалаеўна Абрамчук, Алена Абрамчук, Марыя Капыціч, Ксенія Капыціч. Праз некаторы час у творчы калектыў уліліся Марыя Соляр, Вольга Мікіцічна Абрамчук, Тамара Купрыянчык…

Калектыў – пастаянны ўдзельнік раённых святаў і фестываляў: “Масленіца”, “Дажынкі”, “Пакроўскі кірмаш”, свята-конкурсу рэгіянальнага фальклору “Край чарнічны, край музычны”, конкурсу “Грай гармонік, звіні прыпеўка” і іншых. У 2012 годзе, у рамках Міжнароднага семінара на абласной выставе вясельнага пасагу “Сорак саракоў ручнікоў” Валянціна Басалай і Вольга Мікалаеўна Абрамчук прызнаны лепшымі каравайніцамі. А ў 2013 годзе салістка Валянціна Басалай узнагароджана дыпломам першай ступені за ўдзел у занальным свяце-конкурсе палескай прыпеўкі і танца “Бярозаўская сербіянка”.

35 творчых гадоў, сотні рэпетыцый і выступленняў, мноства гастроляў, мора прыхільнікаў і кветак. Метадыст Алена Цітова, якая курыруе Целяханскі край, казала, што ўдзельніцы “Каліны” безадмоўныя: “Памятаеце, як у камедыі “Аперацыя “Ы”: “Хто на цэментны завод?” – “Я”, “Грузіць вугаль?” – “Я”…, так і жанчыны, усюды гатовы ехаць, усюды “я”. Спяваць для іх тое, што для нас дыхаць”.

Шчымлівымі былі ўспаміны старасты вёскі Галіны Рыгораўны Куцко, якая яшчэ ў 70-я гады спявала народныя беларускія песні з гэтымі вясковымі жанчынамі, і Ніны Ціханаўны Мялік, якая з 80-х гадоў працавала загадчыцай бібліятэкі і сельскага клуба і была кіраўніком фальклорнага калектыву, які атрымаў назву “Каліна”. Яна заўсёды называла сваіх самадзейных артыстак “Мае дзевачкі”.

За прапаганду песеннага беларускага мастацтва, за высокі выканальніцкі ўзровень, актыўны ўдзел у раённых і абласных мерапрыемствах і ў сувязі з юбілеем фальклорнаму калектыву “Каліна” Сомінскага СК і мастацкаму кіраўніку Але Капыціч урачыста была ўручана Грамата аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама падчас святкавання 35-годдзя з дня заснавання аднаго з лепшых у раёне фальклорных калектываў. Грамату атрымаў калектыў і ад аўтаклуба, з якім супрацоўнічае не адзін год. Падарункі, у тым ліку і асабістыя, і такія шчырыя і цёплыя віншаванні былі ад метадыстаў раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Алены Цітовай і Ірыны Дукі і намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, загадчыцы сектара культуры Ларысы Зорка. Віталі песнямі юбіляраў удзельніца знакамітага выганашчанскага народнага сямейнага калектыву Макарскіх Зінаіда Мялік, загадчыца Руднянскага СК Алеся Бойка, Мікалай Дзягцярык і Тамара Юнчык – надзейныя памочнікі з апаратурай, знакаміты фальклорны калектыў “Гарталянка”, пад завадныя найгрышы якога ледзь не кінуліся ў скокі глядачкі Марыя Маісееўна Герштова і 88-гадовая Соф’я Данілаўна Алексяевіч. 

А самым чуллівым падарункам сталі нізкі чырвоных пацерак для кожнай з самабытных удзельніц фальклорнага калектыву “Каліна” в. Соміна ад мастацкага кіраўніка – члена Саюза майстроў Беларусі, дыпламанта рэспубліканскіх і абласных аглядаў-конкурсаў Алы Капыціч, якія яна задумала даўно падарыць сваім мілым жанчынам, каб дапоўніць касцюмы і падкрэсліць назву калектыву. Ажыццявіць такую незвычайную мару дапамаглі ёй спонсары-сябры з Мінска і раённы аддзел ідэалогіі, культуры і па справах моладзі, бо ведаюць, што жанчыны ў ансамблі – сапраўдныя панны і вельмі любяць упрыгожанні.
Валянціна БОБРЫК. Фота аўтара.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий