Гран-пры Міжнароднага конкурсу спевакоў – у Ганны Мікіціч!

20 июля 2017 - Administrator
article3307.jpg

 Цудоўная навіна прыйшла ў наш раён напачатку тыдня: вакалістка Ганна Мікіціч стала ўладальніцай Гран-пры конкурсу “Крылы талентаў”, які праходзіў у Італіі ў г. Рыміні і стаў часткай міжнароднага фестывалю дзяцей і моладзі “Рэгата талентаў”. Так-так, вы не памыліліся, наша Ганна Мікіціч, акушэр-гінеколаг УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”!  З ёю наша сённяшняя размова.


– Віншуем, Ганна Анатольеўна! Але хочацца найперш спытаць, ці не памыліліся Вы дзвярыма, паступаючы ў медуніверсітэт?
– Дзякуй за віншаванне. З нагоды дзвярэй скажу: чалавек аказваецца ў той час і ў тым месцы, дзе яму неабходна быць. Сітуацыі ў жыцці бывалі розныя, але аб выбары прафесіі ніколі не шкадавала. Атрымала цудоўную адукацыю і спецыяльнасць. 

– Колькі слоў скажыце нашым чытачам пра сябе…
– Нарадзілася ў в. Нарутавічы Бярозаўскага раёна ў звычайнай вясковай сям’і. Пасля школы паступіла ў Гродзенскі медуніверсітэт і была размеркавана ва УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”. Падчас вучобы ўдзельнічала ў розных фестывалях, конкурсах, гала-канцэртах гарадскога, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Да прыкладу, у конкурсе сярод навучальных устаноў краіны “Артвакацыі” – дыплом першай ступені два гады запар, удзельнічала ў конкурсах “Песня над Нёманам”, “Нёманская хваля”… усіх ужо і не памятаю. З 2012 да 2014 года працавала ў прадзюсарскім цэнтры ў Гродне, сумяшчаючы з вучобай запіс аўтарскіх песень, удзел у тэлевізійных праектах, заняткі вакалам, харэаграфіяй і сцэнічным майстэрствам. Атрымала велізарны вопыт, не толькі сцэнічны, а і жыццёвы.

– Якой перамогай найбольш даражыце?
– Найбольш паспяховым лічу выступленне ў конкурсе “Новыя імёны Беларусі”, арганізаваным Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі ў 2016 годзе. Мэтай было не толькі заваяваць узнагароду, але і атрымаць задавальненне і карысць ад работы з настаўнікамі Аляксандрай Кірсанавай і Канстанцінам Драпеза, удзельнікамі вядомага беларускага дуэта “Аляксандра і Канстанцін”, першымі прадстаўнікамі Беларусі на міжнародным конкурсе песні “Еўрабачанне”, харэографамі, стылістамі, візажыстамі…

– Раскажыце аб конкурсе ў Італіі, як туды трапілі і чаму выбар песні спыніўся на Уітні Х’юстан? Якія эмоцыі паспытвалі, пачуўшы, што ў Вас Гран-пры?
– На працягу года падтрымліваю адносіны з Аляксандрай і Канстанцінам. Перыядычна сустракаемся, абмяркоўваем рэпертуар і займаемся вакалам. І ў конкурсе прыняць 
удзел таксама запрасілі Аляксандра і Канстанцін. Я згадзілася не раздумваючы. Гэта была цудоўная магчымасць паказаць свае вакальныя даныя за межамі сваёй краіны, а яшчэ па дарозе ў Рыміні пабываць у Будапешце, Венецыі, Празе… 
Вядома, з настаўнікамі стараліся выбраць найбольш выйгрышную ў вакальным плане песню, таму выбар спыніўся на песні “I will always love you” з рэпертуара Уітні Х’юстан. Гэтая песня стала для мяне шчаслівай. Было вельмі радасна пачуць, што галоўная ўзнагарода конкурса такога ўзроўню прысуджана мне. Такая высокая ацэнка!.. Станоўчыя эмоцыі мяне перапаўнялі. Але на дасягнутым не будзем спыняцца і восенню плануем прадоўжыць далей пакараць Еўропу. 

– Як адносіцца калектыў да Вашага захаплення, не замінае яно ў паўсядзённай працы?
 – Калегі ва ўсім мяне падтрымліваюць, заўсёды радуюцца перамогам, ну і, вядома ж, страхуюць ў выпадку непрадбачаных “творчых” абставінаў. Тут хочацца сказаць: “Дзякуй” і нашаму галоўнаму ўрачу, які заахвочвае развіццё таленавітай моладзі, няхай то будзе самадзейнасць ці спартыўнае жыццё. Ён заўсёды садзейнічае ўсім творчым пачынанням. Хаця цяжкасці ў планаванні работы з накладкай канцэртаў бываюць.
 
– Пра сольны канцэрт марыце? Што ў Вашых далейшых артыстычных планах?
– Няма мяжы для ўдасканалення і дрэнны той салдат, які не марыць стаць генералам. Але ведаючы работу прафесійных артыстаў, усё не так проста. І калі і будзе ў мяне канцэрт, то не самадзейны, а сапраўдны, прафесіянальны, з аўтарскімі песнямі, яскравымі касцюмамі і харэаграфіяй, работай стылістаў і візажыстаў. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя, магчыма, гэта і можна назваць марай.

 – Каму ў жыцці Вы ўдзячны і за што?
– Удзячна я бязмежна сваім бацькам, без якіх не было б нічога, не тое, што мяне. Яны мяне вывучылі, без іх не было б у маім жыцці важных сустрэч, і не адчыніліся б магчымасці, якія вызначылі мае дасягненні і захапленні, сфарміравалі пэўны погляд на свет. А галоўнае, мне дапамагае ўсюды іх непахісная вера ў мяне і падтрымка ўсіх маіх пачынанняў. Таму ўсе мае поспехі – гэта вынік любові і падтрымкі маіх бацькоў.

 – Шоу-бізнес – гэта інтрыгі, канкурэнцыя, эгаізм ці ў ім ёсць чалавечыя адносіны?
– Не лічу сябе прадстаўніком шоу-бізнесу. Я найперш – урач, які сумяшчае работу з творчасцю. Асноўная мая мэта – самавыяўленне, і карыснае, цікавае баўленне часу. А адносіны паміж людзьмі складаныя цяпер ва ўсіх галінах дзейнасці, не толькі за кулісамі. Хочацца толькі верыць, што добрых і шчырых людзей нашмат больш. Дарэчы, я з кожным годам усё больш упэўніваюся ў гэтым.
 
– Якія ўражанні пакінула Італія і што пажадаеце юным дзяўчынкам, якія мараць аб сцэне?
– Італія, безумоўна, прыгожая краіна з цікавай культурай, архітэктурай, музыкай. Там цудоўны клімат і цёплае мора. Гала-канцэрт і ўзнагароджванне лаўрэатаў праходзілі на вялікай сцэне пад адкрытым небам у сценах старажытнага замка 15 стагоддзя Кастэль Сісмонда. Італьянскія слухачы цёпла і эмацыйна прымалі беларускіх выканаўцаў. Пра гэтую краіну можна гаварыць бясконца. І ўражанні яна пакінула самыя станоўчыя і прыемныя. Пажаданні… Я жадаю ўсім, дзяўчынкам і хлопчыкам, юным і не вельмі, цвёрда ведаць, чаго яны хочуць і ставіць перад сабой канкрэтныя мэты. Калі сцэна будзе гэтай мэтай, то ўсё абавязкова атрымаецца!

Бліц-апытанне:
– Любімы колер?
– Фіялетавы.
– Любімы выканаўца?
– Beyonce.
– Любімыя кветкі? 
– Архідэі.
– Кнігі ці інтэрнэт?
– Кнігі.
– Любімыя духі?
– У парфумах не дока.
– Сукенка ці штаны?
– Сукенка, але нашу штаны.
– Любімы від адпачынку?
– Актыўны (фітнес, падарожжы).
– Каханне ці кар’ера?
– 50 на 50.
– Кава дома ці ў кавярні?
– У кавярні.
Гутарыла Валянціна БОБРЫК. 
Фота з архіва Ганны Мікіціч.

Комментарии (0)
Добавить комментарий