Майстар-клас ад Ігара Квашэвіча

2 декабря 2013 - Administrator
article750.jpg

 За некалькі гадзін да свайго канцэрта ў ГДК 28 лістапада акардэаніст Ігар Квашэвіч правёў майстар-клас з педагогамі і навучэнцамі дзіцячай школы мастацтваў г. Івацэвічы. На сцэну да яго выйшла вучаніца 4 класа акардэона Сняжана Крот. Ігар Квашэвіч расказваў, як патрэбна правільна трымаць кісць правай рукі пры выкананні музычных твораў розных жанраў, даў іншыя практычныя парады па ігры на акардэоне як навучэнцам, так і педагогам. А потым у яго выкананні прагучалі некаторыя класічныя творы.

Напрыканцы сустрэчы дырэктар школы мастацтваў Сяргей Басалай падзякаваў акардэаністу за майстар-клас і запрасіў яшчэ не адзін раз наведаць школу.
 

А ў 18 гадзін у вялікай зале ГДК пачаўся канцэрт нашага земляка. Пад бурныя апладысменты гледачоў на сцэну з акардэонам выйшаў маэстра з вясёлай кампазіцыяй “Top chrono”, якая задала такі ж настрой зале. Выконваліся творы як рускіх, так і замежных кампазітараў, сярод якіх “Опаздывающий экспресс”, “Цыган”, “Кумпарсита”, “Турецкий марш”, “Fiesta Anadadalouse”, “Strategie musette”, “Samba romantika” і многія іншыя. Артыст умее працаваць з залай, весці дыялог. Ён расказваў пра сябе, а яшчэ больш пра яго расказвала музыка, якую ён выконваў. У час ігры на акардэоне артыст уваходзіў у музычны вобраз героя выконваемых кампазіцый, суперажываў і радаваўся. Пасля кожнага нумара ў зале гучалі бурныя апладысменты і крыкі “Браво!”. Музычная падборка пад агульнай назвай “Беларусь”, куды ўвайшлі мелодыі вядомых песень “Белавежская пушча”, “А я лягу-прылягу”, “Малінаўка“, абышла, па словах акардэаніста, краіны Еўропы, Балтыі, Закаўказзя.

Словы падзякі выказаў маэстра і ў адрас ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, прысвяціўшы ім папуры з песень ваенных гадоў.

Выкананне многіх твораў суправаджалася выступленнем шоу-балета Валерыя Бурага, рухі танцораў зліваліся ў адно цэлае з гукамі акардэона.

 

А калі пры выкананні кампазіцыі “Хорошее настроение” акардэаніст спусціўся са сцэны ў залу, многія пачалі падпяваць.

Прыемным падарункам стала выкананне Ігарам аўтарскіх песень “Милая моя”, “Сладкая парочка”, “Любящие сердца” (дарэчы, і словы, і музыка напісана ім самім). Гэта быў сольны дэбют акардэаніста ў Івацэвічах.

Фінальным нумарам стала кампазіцыя “Полет шмеля”, якую пад бурныя апладысменты слухалі стоячы. Артысту падаравалі кветкі, а ён падзякаваў за цёплы прыём, авацыі і ўсмешкі. На пытанне маэстра: “Ну што, акардэону жыць?” зала дружным голасам адказала “Так!”.

Аляксандр ШЫЛА, фота аўтара.

На здымку: у час правядзення майстар-класа ў школе мастацтваў Ігар Квашэвіч і Сняжана Крот.

Комментарии (0)
Добавить комментарий