Матуліна навука і ў 80 не шкодзіць…

5 марта 2015 - Administrator
article1550.jpg

 Неяк  прывыклі мы ставіцца да часу пенсіі як да нейкай кропкі: на сабе, на актыўным жыцці і на далейшых планах. Але прыдумалі гэта, здаецца, маладыя, разлічваючы на тое, што іх гэта кранецца няхутка. Аднак, тыя, хто паставіў у адзін шэраг словы пенсіянер, старасць і нямогласць, напэўна, яшчэ не былі ў гасцях у Зінаіды Лукоўскай (на здымку). Гэта актыўная, прыгожая, усмешлівая жанчына ад празмернасці вольнага часу не пакутуе, у яе яго папросту няма! А замест букета хвароб яна валодае цэлым букетам талентаў. Зінаіда Фёдараўна спявае, танцуе, вяжа, піша цудоўныя вершы, вышывае неверагоднай прыгажосці карціны… І здаецца мне, нешта я магла ў гэтым пераліку прапусціць.

 

Па дарозе ў Косава, дарэчы, тут жыве наша таленавітая гераіня, у сэрцы туліліся два пачуцці – захапленне з аднаго боку і здзіўленне – з другога. Адкуль узяліся такія ўменні, такі густ і своеасаблівае бачанне прыгожага? Здаецца, інстытутаў Зінаіда Фёдараўна не канчала, ды і якія там інстытуты ў пасляваенны час… Адказ на гэта пытанне падчас размовы з гераіняй я атрымала, але аб гэтым крыху пазней.
У дом Лукоўскіх я завітала даволі рана, насустрач паспешліва выйшла прыгожая маладжавая жанчына, акуратна прычасаная і вельмі ўсмешлівая, на паважаны ўзрост (15 лютага жанчына справіла 80-годдзе), здаецца, адзіны намёк, і ён у вачах, якія тояць мудрасць некалькіх пакаленняў. У доме ўжо прыемна пахла выпечкай – то вабіў нас за стол на кубак гарбаты яшчэ цёплы пірог-маннік. А на шафах і паліцах акуратна былі расстаўлены вышытыя карціны.
 
 – Усяго тут 12 работ, яшчэ 18 – падораны, у большасці гэта абразы, але ёсць і нацюрморты, – пачала аповед Зінаіда Фёдараўна, заўважыўшы мой затрыманы позірк на адным з абразаў. – Вышываць пачала адразу пасля выхаду на пенсію, нельга ж час марнаваць. Надта не люблю, калі пенсіянеры на жыццё і здароўе скардзяцца, трымаючы рукі ў кішэні. Вось і сабе гэта рабіць забараняю! Вышываю па некалькі гадзін у дзень, больш не магу – вочы баляць. 
Акуляры не адзяваю, ведаеце, у гэтай справе ўзроставая блізарукасць – самы добры памочнік (смяецца). Спачатку асвоіла тэхніку вышывання ніткамі, а потым перайшла на больш складаную – бісерам. Сёння ўсе родныя і сябры ведаюць, што лепшы падарунак для мяне – часопіс з узорамі, – расказала жанчына.
І сапраўды пакой Зінаіды Фёдараўны нагадвае хутчэй галерэю або выстаўку знакамітага мастака. Перавагу ў выбары кірунку творчасці – вышыўцы абразаў, вызначыў выпадак. Некалі абраз Мікалая Цудатворца, падараваны вучнем Зінаіды Лукоўскай, выратаваў яе, упэўнена жанчына, ад аперацыі, таму абраз гэтага святога і стаў першым у калекцыі вышывак. Пасля яшчэ адзін абраз, верыць яна, дапамог выратавацца ад хваробы мужу.
 
Такая адказная праца – ствараць абразы – патрабуе сур’ёзнага падыходу. Таму спачатку майстрыха вывучае гісторыю абраза, а таксама жыцця і дзейнасці святога, які на ім намаляваны. Не пачынае справу жанчына без благаслаўлення бацюшкі і малітвы перад першым крыжыкам. “Калі не памолішся, абавязкова нешта не гэдак пойдзе: ніткі заблытаюцца, іголка раптам знікне або яшчэ што”. 
 
Аднак любы талент павінен “жыць” у народзе і яго жанчына не хавае ў сваіх чатырох сценах. Абразы Зінаіды Лукоўскай жывуць у мясцовай царкве, Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры, ДУА “Косаў-ская СШ”, у дамах і кватэрах родных і сяброў майстрыхі. Цяпер на ўвахо-
дзіны шматлікія пляменніцы і не чакаюць іншага падарунка ад цёткі Зіны… А зараз юбілярка шчыруе над наступным падарункам былому вучню – абразам Георгія Перамоганосца.
 
“У падарунак” – чулася ад нашай гераіні, і ні разу не гучала ад яе – “на продаж”. Вось і аўтару артыкула жанчына падаравала маленькія блакітныя кветачкі з бісеру. Ці вытрымлівае такія выдаткі пенсіянерскі кашалёк? Бісер, канва, іголкі, часопісы з малюнкамі – гэта ж усё грошы!
– Лепш на бісер і канву грошы пераводзіць, чым на лекі, – пераканала мяне Зінаіда Лукоўская. – Адно мяне спыняе – зрок і рукі-крукі. Гэта ж кожную бісерынку на іголку на-
дзець трэба, праверыць, ці патрэбным бокам легла, а колькі іх у адным абразе? Вось і лічыце, колькі часу адна работа зойме. Раней прыкладна падлічвала, што ў год каля трох работ вышываю, а калі вялікі абраз, то і паўгода на яго патрэбна, – расказала Зінаіда Фёдараўна.         
Аднак, як вядома, выпадковасцяў у жыцці не бывае, такое “пенсійнае” захапленне спачатку было ў ліку шматлікіх “да пенсійных”, а пасля пасталела разам з Зінаідай Фёдараўнай і адрадзілася ўжо на сапраўды майстэрскім узроўні. 
 
Так, наша гераіня заўсёды была жанчынай творчай і неардынарнай. Нарадзілася ўмеліца на Пружаншчыне, у вёсцы Расохі, пасля свой творчы патэнцыял развівала падчас вучобы ў Пружанскім педвучылішчы. У выніку словы “спявачка, танцорка і выдатная выступоўца” трапілі ў характарыстыку выпускніцы і вызначылі яе лёс падчас размеркавання. Так, у 1955-м у Квасевіцкую школу прыехала маладая, поўная талентаў і ідэй піянерважатая. Пасля былі яшчэ два гады працы піянерважатай у Косаўскай школе, выкладанне ў пачатковых класах, пазней – беларускай мовы і літаратуры ў старэйшых. І заўсёды настаўніцкая праца ўдала суседнічала з захапленнямі і ідэямі Зінаіды Фёдараўны. Яе вучні вывучалі родную мову ў драмгуртку падчас удзелу ў пастаноўках купалаўскай “Паўлінкі” і макаёнкаўскага “Трыбунала”, а дзяўчынкі вучыліся шыць і вязаць у гуртку “Умелыя рукі”. 
 
Зараз і наша юбілярша наведвае гурток “Чараўніцы”. Трапіць у яго складана, тут строгі адбор – у кола “Чараўніц” дапускаюцца толькі актыўныя, таленавітыя і ветлівыя пенсіянеркі. Пакуль такіх назбіралася 15, але наша гераіня ўпэўнівае: такіх на Косаўшчыне больш і запрашае ў гурток астатніх. Збіраюцца жанчыны кожны месяц у мясцовай бібліятэцы і абавязкова рыхтуюць да сустрэчы нейкі новы выраб – страву, вязанку або вышыўку. А пасля такой справаздачы жанчыны разам п’юць гарбату і спяваюць гімн гуртка. Ці трэба казаць, каму належыць аўтарства тэксту?
Час з такой гаспадыняй прабег хутка, здаецца, усё абмеркавалі. Засталося ў мяне толькі адно пытанне: адкуль такія здольнасці у майстрыхі? І Зінаіда Фёдараўна раскрыла таямніцу – у сваім пасляваенным дзяцінстве яна “на выдатна” прайшла матчыну школу. І сёння ў памяці яна беражліва трымае ўспаміны пра тыя вячоркі, калі чатыры сястры збіраліся ў адным пакоі і ткалі, шылі, вязалі, вышывалі. Дык вось яны адкуль, гэтыя залатыя рукі, – яны яшчэ з тых часоў…
 
Ёсць у былой настаўніцы і верш, прысвечаны матулі і тым самым вячоркам. Урыўкам з яго і скончу свой аповед:
 “…Мама заўсёды ў працы была,
Не ведала вольнай хвіліны яна:
Варыла, карміла, нас гадавала,
Прала і ткала, стомы не знала.
Мы дружна з ёю ўсе працавалі,
Матулі сваёй, чым маглі, памагалі, 
Пралі, вязалі і вышывалі,
Вячоркі спраўлялі і песні спявалі.
Вясною на поплаў палотны насілі, 
Сонцам і цёплай вадзіцай бялілі.
Шылі сукенкі, панчохі вязалі,
Мярэжкай і вышыўкай 
усё аздаблялі.”…
(Урывак з верша “Памяці маёй маці”).
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, 
фота Валерыя МІСКЕВІЧА. 
Комментарии (0)
Добавить комментарий