На Івацэвіччыну – за новымі талентамі

18 августа 2014 - Administrator
article1201.jpg

Напачатку жніўня стартаваў трэці сезон тэлевізійнага музычнага праекта “Поющие города”, у якім традыцыйна прымае ўдзел і наш раён. Нагадаем, у мінулых сезонах журы ў складзе зорак беларускай эстрады, праводзіла кастынгі непасрэдна ў гарадах-удзельніках, а пазней, пасля прагляду запісаў усіх выступленняў, вылучала лепшых з лепшых для далейшага ўдзелу ў конкурсе.

У гэтым годзе фармат адбору іншы. Праслухоўванне праходзіць дыстанцыйна, журы ацэньвае толькі запісы выступленняў усіх удзельнікаў, а надалей асноўны кастынг пройдзе ў Брэсце. У мінулы чацвер, 14 жніўня, здымачная група музычнага праекта наведалася ў наш горад. За права ўвайсці ў лік лепшых і прадставіць Івацэвічы ў наступных этапах конкурсу спаборнічалі пятнаццаць таленавітых, пераважна маладых выканаўцаў.


– Выпадковых сярод удзельнікаў праслухоўвання сёння не было, – адзначае мастацкі кіраўнік Івацэвіцкага ГДК Валянціна Калмыкова. – Усе канкурсанты парадавалі высокім выканальніцкім майстэрствам. Шмат сюрпрызаў ад нашага раёна ў гэтым годзе чакае сталічнае журы. Упершыню ў якасці ўдзельніка праслухоўвання конкурсу выканаўцаў выступіла студыя сучаснага танца “Dancing souls” Івацэвіцкага ГДК. А сапраўднай разыначкай стала самая старэйшая ўдзельніца прадкастынгу, 59-гадовая Людміла Рудая з горада Косава, якая ў прамым сэнсе запаліла ўсіх прысутных песняй “Атас” групы “Любэ”.


Ужо праз два тыдні стане вядома, хто з удзельнікаў адправіцца на кастынг у Брэст. Будзем чакаць новых перамог ад нашых землякоў, тым больш, што аднойчы наш горад ужо быў у ліку самых “спяваючых гарадоў”. У 2012 годзе дуэт Аляксандры Бонда і Мікіты Мерзоева выступаў у фінале музычнага праекта з песняй Вольгі Плотнікавай “Знали”.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ.

Комментарии (0)
Добавить комментарий