Настаўнік – па прафесіі, акцёр – па жыцці!

13 апреля 2015 - Дарья Вдовина
article1634.jpg

Не кожнаму ў жыцці, як Аляксандру Сароку (на здымку), дадзена быць добрым сынам, строгім настаўнікам, гумарыстам, лодачнікам, састарэлым жаніхом і лідарам маладзёжнай танцавальнай групы адначасова. І раздваенне асобы тут ні пры чым… Так, да асноўных роляў у жыцці мужчыны далучаюцца яшчэ і ролі тэатральныя. Ужо восьмы год жыхар Косава, настаўнік замежнай мовы ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна” пераўвасабляецца на сцэне і выступае ў складзе народнага тэатра Івацэвіцкага ГДК.


Мясцоваму гледачу даўно палюбіліся шчырыя і вясёлыя вобразы наіўнага дзеда Івана Антонавіча, састарэлага кавалера маладой дзяўчыны Веніяміна Арыстархавіча, зайздроснага жаніха і іншыя. Мо таму другі год запар сярод больш як дваццаці акцёраў па рашэнні рэжысёра народнага тэатра Валянціны Кулецкай ён стаўся лепшым і атрымаў падчас сёлетняга бамонду дыплом у намінацыі “Акцёр года”. Аб тым, адкуль у настаўніка такія творчыя здольнасці, якую ролю яшчэ толькі марыць 
сыграць лепшы акцёр гэтага года і які чалавек хаваецца за смешным капелюшом, акулярамі і накладнымі вусамі, падчас шчырай размовы нам расказаў сам Аляксандр Сарока.

 

Сваім талентам ужывацца ў вобраз і вымушаць гледача верыць, смяяцца і плакаць Аляксандр Сарока абавязаны бацькам. У бацькі-музыканта і маці – заўзятага арганізатара культурна-масавых мерапрыемстваў, выраслі два творчыя сыны: Валерый і Аляксандр. Старэйшы брат пасля ўдзелу ў шматлікіх мерапрыемствах горада Косава прысвяціў жыццё адной ролі – юрыста, але застаўся нязменным гледачом выступленняў малодшага брата.


– Нельга сказаць, што я адчуваў такі ў сабе нейкі асаблівы акцёрскі талент, аднак пасля першай ролі Аляксандра Матросава ў школьным тэатры не змог спыніцца і сыграў яшчэ дзясяткі роляў у студэнцкім, а пасля і ў народным тэатры, – расказвае Аляксандр Мар’янавіч. – Ад тэатра і сцэны нельга так проста адмовіцца, іх нельга забыць, таму нават пасля сямігадовага акцёрскага перапынку падчас працы ў Польшчы я знайшоў сваё месца ў народным тэатры Івацэвіцкага ГДК. І тут я прайшоў усе этапы: ад простага гледача і ролі другога плана да галоўнай ролі і звання “Акцёр года”, – расказаў мужчына.


Яшчэ не забыў Аляксандр Сарока тое асаблівае адчуванне разгубленасці і хвалявання, уласцівае пачынаючаму акцёру. Сёння ён у ліку старажылаў, але нягледзячы на гэта, не перастае вучыцца і пераймаць вопыт ад іншых калег па сцэне, захапляецца наш герой талентам Валерыя Брычыкава, Аляксея Халадовіча, Аляксандра Пракурата.


І які ж акцёр не любіць наведваць іншыя тэатры! Пры любой магчымасці Аляксандр Мар’янавіч наведвае мінскія тэатры, а таксама вельмі любіць выступленні акцёраў Гомельскага абласнога драматычнага тэатра. І вось што цікава: у жыцці наш герой вельмі адказны, сур’ёзны, а часам і строгі настаўнік, а на сцэне яго канёк – камічныя вобразы!


– Усе мае дзядулькі і няўдалыя жаніхі – гэта выключна заслуга нашага рэжысёра, – адзначае акцёр. – Валянціна Пятроўна ўбачыла ў сціплым настаўніку такога камічнага героя (смяецца). А я неяк “прырос” да гэтага вобраза, хаця былі ў маім жыцці і сур’ёзныя ролі, поўныя драматызму. Так, некалькі гадоў таму мне пашчасціла сыграць галоўную ролю ў пастаноўцы “Вей, ветерок!” Яна Райніса. Тады мой герой – просты юнак, лодачнік Улдзіс пакутаваў з-за безадказнага кахання… Шчыра кажучы, хацелася б зноў паспрабаваць сябе ў вялікай драматычнай ролі, – прызнаўся Аляксандр Мар’янавіч.

Дарэчы, сярод гледачоў бамонду заўсёды ёсць вучні і бацькі вучняў Аляксандра Сарокі. Яшчэ б не паглядзець на такое пераўвасабленне настаўніка! Былі яны і на апошнім канцэрце.


– Дык адна з вучаніц расказала, што бацькі ацанілі маё выступленне адной фразай: “Ён абраў не тую прафесію, такі быў бы з яго прафесійны акцёр…”, – смяецца настаўнік.


– А вы што думаеце?


– А я ўпэўнены, што дваццаць гадоў таму зрабіў правільны выбар, бо зараз маю магчымасць быць настаўнікам па прызванні, прафесіі, і акцёрам – па жыцці! – упэўніў Аляксандр Мар’янавіч.


Акцёрам па жыцці назвала Аляксандра Сароку і рэжысёр тэатра Валянціна Кулецкая.
– “Акцёра года” абіралі не толькі і не столькі я і мастак-пастаноўшчык, харэограф тэатра Наталля Куратнік, колькі самі гледачы, – расказвае Валянціна Пятроўна. – Мы не маглі прыняць іншага рашэння, бо штораз чулі гучныя апладысменты, калі на сцэне з’яўляўся Аляксандр Мар’янавіч. Як рэжысёр, я ведаю, як цяжка даецца яму кожны вобраз: словы, інтанацыя, рухі і касцюм – усё ён прадумвае сам. І глядач яму верыць, ці не гэта галоўнае прызнанне для акцёра? – адзначыла рэжысёр.


Вось і калега па сцэне, малады акцёр Аляксандр Молаш вучыцца некаторым “хітрасцям” тэатральнага майстэрства ў Аляксандра Мар’янавіча:
– Мы калегі не толькі па сцэне, але і па прафесіі: я таксама настаўнік, таму ведаю, як цяжка разняволіцца на сцэне пасля працоўнага дня ў школе, – расказвае Аляксандр Сяргеевіч. – Быць сур’ёзным і строгім каля дошкі, а пасля вясёлым і нават смешным на сцэне складана. А ён гэта можа, таму і стаў лепшым у гэтым годзе. У нас з Аляксандрам Мар’янавічам нямала сумесных нумароў, на рэпетыцыі ён заўсёды прыходзіць натхнёны і з усмешкай. А з любой сітуацыі заўсёды знойдзе выйсце: ні адзін глядач ніколі не заўважыць форс-мажору, калі на сцэне Аляксандр Сарока. А калі што і трэба мне пераняць у яго – дык гэта выключную здольнасць да самаіроніі. Яго не пужаюць ніякія ролі, нават самыя смешныя, і нязграбныя героі ў яго выкананні выклікаюць  у гледача толькі самыя станоўчыя эмоцыі, – упэўніў акцёр народнага тэатра.

Глядзела я на ігру лепшага ў гэтым годзе акцёра ў зале падчас апошняга бамонду і думала: як гэта цяжка – выйсці на сцэну і трымаць увагу гледача калькі часу, вымусіць яго ўсміхнуцца, каб пасля сыходзіць за кулісы пад шквал апладысментаў. Для гэтага трэба сказаць  і паказаць сённяшняму спакушанаму гледачу нешта шчырае, праўдзівае, каб яно запомнілася і адгукнулася ў яго сэрцы. Аляксандр Мар’янавіч можа дастукацца, здаецца, да кожнага ў зале і вымусіць гледачоў успамінаць сваіх герояў зноў і зноў. А гэта талент. Няхай яшчэ доўга жыве тэатр у жыцці Аляксандра Сарокі, а ён у тэатры. І няхай ніколі не гучыць у зале знакамітае станіслаўскае “не веру”, а чуецца толькі “брава” і “на біс”.


Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.
 

Комментарии (1)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев