Пацеркі, бранзалеты і лялькі-неваляшкі… з шэрсці

20 июля 2015 - Administrator
article1827.jpg

 Сёння мне хочацца расказаць пра цудоўную дзяўчынку, якая жыве ў г.Косава і займаецца нязвыклым для нашага краю рукадзеллем – валяннем з шэрсці. Знаёмцеся: Кацярына Кіслінская, вучаніца 8 класа Косаўскай СШ. Запаветная мара дзяўчынкі – стаць дызайнерам.

Пазнаёміліся мы з Кацярынай сёлета ў Дзень Незалежнасці. Каця, як і іншыя майстры народнай творчасці раёна, прадстаўляла выстаўку сваіх работ. Непаўторнасць яе цацак і пацерак з бранзалетамі ў тым, што яны зроблены ў тэхніцы фелтынг, што значыць у перакладзе з англійскай мовы – валянне з шэрсці. Дарэчы, звярніце ўвагу на здымак: на шыі і руцэ Каці красуюцца пацеркі-кветкі і бранзалет, зробленыя рукамі самой дзяўчынкі. Прыгожа і пад колер яе блакітнай сукенкі ў гарошыну.

Сям’я Каці год назад пераехала ў г.Косава з далёкага Краснаярскага краю. Бацькі купілі ў гэтым беларускім ціхім гарадку дом і ўладкаваліся на работу: бацька галоўным інжынерам у СВК “Мілейкі”, маці – у дзіцячы садок, а адзіная дачушка Каця стала вучаніцай Косаўскай СШ. Кацярына Кіслінская з паўночнага краю прывезла дарагія сэрцу рэчы, у ліку іх цацкі і спецыяльныя іголкі для любімага занятку. Там, на радзіме, яшчэ ў пачатковых класах Каця пачала хадзіць на заняткі ў гурток “Валянне”. А праз тры гады стала займацца заняткам, які стаў любімым, самастойна. 
Дзяўчынка навучылася заказваць матэрыял для сухога і мокрага валяння праз інтэрнэт-магазіны. Шэрсць аднаго колеру звычайна пакуецца па 50 грамаў.

Але давайце ненадоўга пранікнем за кулісы і падглядзім, як нараджаюцца такія розныя лялькі-неваляшкі ці як з’яўляюцца пацеркі з шэрсці.
– Цацкі вырабляюцца сухім валяннем. Дэталі трэба скатваць 
да той пары, пакуль яны не стануць цвёрдымі. Для таго, каб пачаць іх выраб, трэба мець набор спецыяльных іголак з зазубрынамі, – расказвае Каця. – Пры дапамозе гэтай іголкі шэрсць валяецца. Пры ўтыканні такой іголкі ў шэрсць кавалачкі валакна зачапляюцца за засечкі і змотваюцца адзін з адным. Спачатку валяюцца буйныя дэталі вялікай іголкай, тонкай – дробныя, напрыклад вочкі ці ўзоры для ўпрыгожвання. А пацеркі робяцца тэхнікай мокрага валяння. Для гэтага зваленыя дэталі апускаюцца ў гарачую ваду з дабаўленнем мыла, каб форма замацавалася. І ператвараюцца ў эксклюзіўныя пацеркі. Тэхнікай мокрага валяння можна зрабіць не толькі пацеркі, а і пантофлі, арыгінальныя сумкі, кветкі і брошкі.

Прызнацца шчыра, калі не бачыш, то цяжка зразумець, як з пушыстага кавалка шэрсці атрымліваецца роўненькая і ідэальнай формы дэталь. Іх мала нарыхтаваць, іх яшчэ трэба замацаваць адну з другой. У некаторых выпадках трэба зрабіць выпукласць ці паглыбленне на дэталі – і ўсё гэта выконваецца рукамі майстра лёгка і ўпэўнена. А возьмеш у свае рукі і пачынаеш разумець, якая гэта няпростая справа... 
Работы Каці далі нам магчымасць пазнаёміцца з гэтай дзяўчынкай, зазірнуць у яе свет і ўбачыць яго яе вачамі. У яе вырабах свой пасыл і непаўторны настрой. Як яна расказвае, рабіць штосьці сваімі рукамі заўсёды было для яе радасцю. Цяпер яе любімае хобі займае амаль увесь вольны час на канікулах. І гэта ўжо не проста захапленне. Гэта ступенька да ажыццяўлення сваёй мары. Яна аддаецца на волю натхнення і з цёплага жывога шарсцянога матэрыялу ўзнікаюць непаўторныя рэчы. Цікавасць да іх праяўляюць і дарослыя, і дзеці. Кацярына “падсадзіла” на свой любімы занятак і маму Алёну Мікалаеўну. 

– Мама паспрабавала і ёй спадабалася, і цяпер яна хоча вучыцца далей, каб разам удасканальвацца ў майстэрстве, – радасна зазначае дзяўчынка.
У творчасць Каця ўкладвае часцінку душы. І ў сваім майстэрстве яна паднялася на тую ступеньку, калі любімы занятак пачаў прыносіць і радасць, і прыбытак. Уявіце, дзяўчынка з мінулага года стала зарабляць грошы на кішэнныя расходы. Але грошы для яе не самамэта. Дзяўчынка з блакітнымі вачамі і цёплай усмешкай з задавальненнем дарыць свае непаўторныя вырабы сябрам на дні нараджэнняў. Ніколькі не шкадуючы, што на выраб аднаго падарунка яна патраціла не адзін тыдзень.

І напрыканцы хочацца падкрэсліць: людзі, якія маюць захапленне, няхай гэта будзе шыццё, вышыўка, маляванне, вязанне, роспіс – што заўгодна, шчаслівыя. Яны умеюць радавацца рэзультату сваёй уседлівасці, яны атрымліваюць асалоду ад працэсу работы. І створанае сваімі рукамі – яно толькі тваё. У ім заўсёды будзе душа.
Валянціна БОБРЫК.  Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
Комментарии (0)
Добавить комментарий