Работы вышывальніц Івацэвіччыны ўразілі дэпутатаў

2 июня 2015 -
article1735.jpg

 28-29 мая ў фае Авальнай залы Дома Урада праходзіла выстаўка дэкаратыўна-прыкладной творчасці народных майстроў Івацэвіцкага раёна, якая была прымеркавана да сумеснага пасяджэння Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Ініцыятарам яе правядзення быў Леанід Кавалевіч – намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па жыллёвай палітыцы і будаўніцтву, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Івацэвіцкай выбарчай акрузе №11.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі змаглі ўбачыць больш за 100 творчых работ, аб’яднаных  у цыклы “Цудоўныя карціны з Целяханскай мясціны”, “Узоры душы і рук тварэнне”, “Залатым рукам няма спакою” і “Умелыя рукі жаночыя – прыгожы ўтульны дом”. На выстаўцы свае аўтарскія калекцыі мастацкай вышыўкі бісерам і крыжыкам прадставілі вышывальніцы Людміла Дзмітрыеўна Арцюшэнка з Целяхан, Раіса Рыгораўна Брашкова і Ніна Мікалаеўна Гейдзюк (не змагла прысутнічаць па стане здароўя) з Яглевічаў, Марыя Іванаўна Гойшык з Руды. Творчыя работы гэтых майстроў народнай творчасці вядомы далёка за межамі раёна. Яны выстаўляліся на розных абласных і раённых выстаўках народнай творчасці.
Работы нашых вышывальніц пакарылі і сэрцы наведвальнікаў сённяшняй выстаўкі. Многія падыходзілі да майстрых, дзякавалі ім за творчасць, жадалі далейшых поспехаў. Знайшліся і тыя, хто выказаў жаданне набыць творчыя работы.
Высока ацаніў творчасць нашых вышывальніц і старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Ліс, які таксама наведаў выстаўку.  Ён адзначыў, што творчыя работы майстрых Івацэвіччыны могуць служыць добрым прыкладам для пераймання маладым пакаленнем. І хоць гэты від творчасці носіць больш індывідуальны характар, важна часцей выстаўляць свае работы, знаёміць са сваёй творчасцю, праводзіць спецыяльныя майстар-класы. Такую прыгажосць трэба паказваць акружаючым і перадаваць сакрэты майстэрства нашчадкам.
Падзякаваў за цудоўныя творчыя работы нашым жанчынам і Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Людміла Дзмітрыеўна Арцюшэнка падарыла яму ад імя івацэвіцкай дэлегацыі ручнік, які спецыяльна вышыла да гэтай сустрэчы. А Алена Шэлест, метадыст па народнай творчасці арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама (галоўны афарміцель выстаўкі) уручыла Уладзіміру Паўлавічу некалькі кніг пра Івацэвіцкі раён. Цяпер у сценах Дома Урада будзе захоўвацца і часцінка івацэвіцкай гісторыі.
– Работы вашых вышывальніц кранаюць за душу, – гаворыць Людміла Кухарская, член Савета Рэспублікі ад г. Баранавічы. – Я лічу, што гэта своеасаблівы дар ад Бога, бо не кожны здольны на такую творчасць. Я па-добраму зайздрошчу гэтым жанчынам. Яны валодаюць асаблівым талентам і цудоўна, што сёння мы маем магчымасць убачыць гэту прыгажосць. Дзякуй арганізатарам выстаўкі.
– Аднаго таленту тут недастаткова, – лічыць Людміла Шмат, член Савета Рэспублікі ад г.Пінска. – Гэта такая карпатлівая праца, што трэба валодаць яшчэ і добрай вытрымкай і ўседлівасцю. Ды і неабходныя матэрыялы для стварэння такіх работ каштуюць сёння нямала…
Прыемны падарунак чакаў івацэвіцкую дэлегацыю і ад Леаніда Кавалевіча: мы змаглі папрысутнічаць на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У гэты дзень слухаўся даклад намесніка прэм’ер-міністра Анатолія Калініна, які затым адказаў на пытанні дэпутатаў.
Ну і, канешне, з асобымі эмоцыямі і ўражаннямі пакідалі сцены Дома Урада нашы вышывальніцы, пра якіх мы абавязкова больш падрабязна раскажам нашым чытачам пазней.
Леанід Кавалевіч выказвае шчырыя словы ўдзячнасці кіраўніцтву ДУВП “Івацэвіцкая ЖКГ” і Алене Шэлест за аказаную дапамогу ў арганізацыі выстаўкі.
Аляксандра ДЖЭЖОРА, фота аўтара.
Комментарии (0)
Добавить комментарий