Спявае для таты і разам з татам!

19 мая 2015 - Дарья Вдовина
article1713.jpg

Спявае маленькая Ксенія Шэрка з Вулька-Аброўскай пад гітару таты, адточвае сваё выканальніцкае майстэрства. Менавіта ад таты Сяргея Сяргеевіча 9-гадовая зорачка атрымала ў спадчыну выдатны талент. Толькі калі прыгожы голас таты і выключны слых прыпраўленыя сціпласцю, і свой талент ён дорыць вузкаму колу людзей, то ў Ксюшы смеласці і харызматычнасці на дваіх хопіць. Дорыць яна слухачам сваю творчасць. У гэтым годзе дзяўчынка пачала наведваць вакальную студыю “Бім-Бом” ДУДА “Цэнтр дзіцячай творчасці г. Івацэвічы”. А нядаўна маленькая спявачка пашырыла кола прыхільнікаў сваіх песень і выйшла на пінскага слухача.


Як? Не пабаялася і прыняла ўдзел у музычным конкурсе “Новыя галасы”, абвешчаным радыё “Сваё радыё 106,1FM” медыяхолдынга “Вараг” (г. Пінск). Так, яшчэ ў пачатку лютага “Сваё радыё” аб’явіла аб старце вялікага музычнага марафона, удзел у якім бралі дзеці з 6 да 16 гадоў. Наша Ксюша Шэрка таксама адправіла заяўку на ўдзел у конкурсе і запіс песні “Плакала девчонка” Уладзіміра Маркіна. Дарэчы, гэта вядомая песня 80-х, як і патрабавалася ўмовамі конкурсу. І, здаецца, забылася дзяўчынка пра “Новыя галасы”.


– Можа і не пачулі мы пра гэты конкурс ніколі, калі б не сяброўка сям’і, хросная маці Ксюшы, пінчанка Дзіяна Паддубная, – дзеліцца маці пачынаючай спявачкі Ірына Шэрка. – У кароткі тэрмін запісалі песню, тут вялікі дзякуй нашаму педагогу, мастацкаму кіраўніку вакальнай студыі “Бім-Бом” Аляксандру Мельянчуку, выбар песні і апрацоўка запісу – гэта выключная яго заслуга, і адправілі дыск у Пінск. Тэлефон маўчаў больш за месяц, дачка ўжо паспела знервавацца, а тут такая навіна – мы прайшлі ў фінал, трэба ехаць на цырымонію ўзнагароджання ў Пінск! – расказала Ірына Сяргееўна.


Так, з 30 ўдзельнікаў 14 фіналістаў вылучылі слухачы радыё, якія на працягу двух месяцаў слухалі песні калектываў, дуэтаў і сольных выканаўцаў-удзельнікаў конкурсу і галасавалі за сваіх абранцаў па сродках СМС галасавання. І вось 7 мая, у дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі, а таксама ў 15-годдзе радыё “Сваё радыё” ў ДК “Трыкатажнік” г. Пінска адбыўся канцэрт. Прысутныя цяпер ужо ў жывую праслухалі фіналістаў “Новых галасоў”, а пасля вядучыя Анастасія Бандарэвіч і Андрэй Мажароўскі ўзнагародзілі пераможцаў. І якім было здзіўленне Ксеніі Шэрка, калі другім пасля пераможцы прагучала яе імя. Так, сярод фіналістаў, жыхароў Пінска адзіная “іншаземка” дзяўчынка з вёскі Вулька-Аброўская Івацэвіцкага раёна стала другой у конкурсе медыяхолдынга. А гэта дарагога каштуе! Пасля канцэрту арганізатары конкурсу прызналіся матулі Ксюшы, што нават для іх такі наплыў СМС паведамленняў за №9 (гэта нумар нашай Ксюшы) стаў прыемным сюрпрызам. А значыць крануў талент нашай зямлячкі Пінскага слухача. Так трымаць, Ксюша! Няхай гэта перамога будзе першай у шэрагу дасягненняў на тваім творчым шляху.


Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.

Комментарии (0)
Добавить комментарий