Выцінанка Наталлі Клютко – на сталічнай выстаўцы

27 сентября 2017 - Дарья Вдовина
article3441.jpg
Выстаўка “Чароўны свет выцінанкі” праходзіць у гэтыя дні ў Мінску ў Палацы Рэспублікі і ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”. У экспазіцыі болей за 80 работ таленавітых аўтараў з розных рэгіёнаў краіны, членаў Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. У ліку іх і работы нашай Наталлі Клютко, настаўніка-дэфектолага  ДУА “Косаўскі яслі-сад” і педагога дадатковай адукацыі ДУА “Косаўская СШ”.
 
Шматгранная творчасць майстроў выцінанкі была ўвасоблена ў розных відах выцінанкі: гэта і традыцыйнае ажурнае выразанне з паперы, бяросты, тканіны, скуры і нават дрэва. У сюжэтах работ і паўсядзённае жыццё беларусаў, і народныя святы, поры года, прыкметы жыцця, сімвалы і многае іншае. 
 
Старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута, з якім адбылася сустрэча майстроў выцінанкі, адзначыў, што за некалькі дзесяцігоддзяў беларуская выцінанка дасягнула да ўзроўню нацыянальнага брэнда. І сапраўды, выцінанка-дэкарацыя “Велікодныя анёлы” Наталлі Клютко – гэта больш чым упрыгожанне для дома, гэта твор мастацтва. А аўтарскія паштоўкі з выцінанкай “Народныя ўзоры”! Як імі не залюбавацца? Вось і наведвальнікі выстаўкі надоўга спыняліся перад яе работамі. І гэта яны яшчэ не бачылі кніжкі-казкі з выцінанкавымі сюжэтамі, цацак у касцюмах выцінанкі, шыкоўнага нашага Косаўскага палаца!.. Наведвальнікі атрымалі цудоўную магчымасць у гэтыя дні – не толькі любавацца работамі майстроў, а і паўдзельнічаць у майстар-класах, задаць ім пытанні на творчых вечарынах, пазнаёміцца глыбей з іх творчасцю. Выстаўка ў сталіцы будзе доўжыцца да 29 верасня. 
 
Валянціна БОБРЫК. Фота Елізаветы Дабрыцкай.
Комментарии (0)
Добавить комментарий