У Целяханскага народнага тэатра – залаты юбілей

17 октября 2017 - Administrator
article3485.jpg

 12 кастрычніка ў Целяханскім ЦКіВЧ ладзілася прэм’ера спектакля па творы М. Зошчанкі “Вяселле”, якая была прымеркавана да 50-годдзя з дня прысваення Целяханскаму тэатру звання “народны”. Тэатр у Целяханах – гэта сапраўды ўнікальная рэч, аналагаў яму няма ў вобласці. Ён мае свой твар і раз у тры гады на працягу паўстагоддзя пацвярджае ганаровае званне “народны”. Для целяханцаў жа ён не толькі народны, ён для іх – любімы. 


А для тых, хто пасля работы спяшаўся на рэпетыцыі з дня ў дзень, тэатр станавіўся больш чым захапленнем. Многім ён даў крылы і стаў прыступкай у тэатральнай кар’еры, а для іншых гэта асобная старонка жыцця – непаўторная, незабываемая. Колькі ўспамінаў, колькі падарожжаў ён падарыў акцёрам, расказвалі са сцэны тыя, хто іграў у шматлікіх спектаклях 30 гадоў таму, 20, 10… Увогуле, як казаў адзін з акцёраў былога саставу, круглая дата – трайная: 60 гадоў, як у Целяханах быў створаны драматычны гурток, 50 гадоў, як атрымаў тэатр званне “народны” і 40 гадоў, як быў пабудаваны сённяшні будынак цэнтра культуры і вольнага часу. 

На свята прыехалі і прыйшлі былыя рэжысёры, акцёры, якіх сустракалі ў фае здымкі са сцэнамі спектакляў, летапіс, альбом, перыёдыка, дзе расказвалася аб поспехах Целяханскага народнага тэатра. Ганаровыя госці з вобласці, раёна і пасёлка Целяханы, якія з падарункамі, граматамі і падзякамі прыехалі павіншаваць юбіляраў з такой важкай датай, зычылі сённяшняму маладому саставу тэатра аншлагаў і авацый, а ў адказ атрымлівалі на памяць усе, хто ўзнімаўся на сцэну, памятныя сувеніры – ад шчырага сэрца. Малады рэжысёр Вікторыя Наліўка казала, што яна шчаслівая, што пасля заканчэння Пінскага каледжа мастацтваў трапіла на работу ў Целяханы і за год яе работы пад крылом Наталіі Бінкевіч, вопытнага і таленавітага дырэктара, акцёра  (быў час, і рэжысёра), і бачны рост акцёрскага майстэрства ўдзельнікаў тэатра новага саставу, які дазволіў творчаму калектыву і сёлета пацвердзіць ганаровае званне “народны”. Тэатру жыць – і гэта самае галоўнае.
(Падрабязнасці з нагоды свята чытайце ў бліжэйшых нумарах “ІВ”).
Валянціна БОБРЫК. 
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА. 
На здымку: з юбілеем віншуе сённяшняга рэжысёра Целяханскага народнага тэатра Вікторыю Наліўка (справа) Галіна Гурынчук, вядучы метадыст па тэатральным мастацтве ДУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр”(злева).
Комментарии (0)
Добавить комментарий