Вялікі поспех “Вялікага Гэтсбі”

28 ноября 2017 - Administrator
article3559.jpg

  – Спыніцеся... каб убачыць душу, – цудоўны выраз з вершаў Эдуарда Асадава ў значнай ступені характарызуе важнасць і глыбіню тэатральнай дзеі ўвогуле і – што асабліва прыемна – тых тэатральных пастановак, якія дэманстраваліся ў мінулыя выхадныя дні ва ўстановах культуры Івацэвіччыны, дзе праходзіў абласны фестываль  аматарскага тэатральнага мастацтва "Тэатральнае Палессе". 

“Вялікі Гэтсбі”, “Антось Лата”, “Ля каўчэга ў 8”, “Адрас для пісем той жа”, “Забыць Герастрата”… Сапраўдную асалоду атрымалі аматары сцэнічнага мастацтва, хто паспяшаўся ва ўстановы культуры Івацэвічаў, Косава, Гошчава, Любішчыцаў…

І падчас адкрыцця, і ў мінуты закрыцця і ўзнагароджвання арганізатары фестывалю і члены журы падкрэслівалі: тэатр, як жанр, увабраў у сябе многае ад іншых відаў мастацтваў – вымаўленчага, танцавальнага, музычнага. Таму кожная пастаноўка – работа грандыёзная, маштабная. Дадам ад сябе: вышэйзгаданае – толькі “знешнія межы”, бо драматычны надлом ці камедыйны парадокс прымушае плакаць ці смяяцца, калі акцёр не толькі ўвайшоў у вобраз, а стаў часткай цябе, калі завалодвае табой – “…чтоб править бал и миром управлять”, як сказана ў цудоўных радках аб ім, аб тэатры.

Сярод творчых работ найбольш кранальнай стала “Адрас для пісем той жа” народнага тэатра Ганцавіцкага ГДК – ваенная драма і трагічная гісторыя сям’і, што прайшла праз усе жахі Вялікай Айчыннай. Вайна тут прысутнічае, так бы мовіць, не напрамую, аўтар п’есы Галіна Няволіна раскрывае той бок вайны, пра які, па праўдзе, узгадваюць нячаста. Жыццё ў тыле фронта – галоднае, з бясконцай працай для фронту, для перамогі… І гэта жыццё ў чаканні вестак з фронту ад дзяцей, братоў і сясцёр – у выглядзе пісем ці… “пахаронкі”. Усёпаглынальная трывога вісіць у паветры. І глядач немінуча робіць неадназначны, у нейкай ступені парадаксальны вывад… Сапраўды, а дзе было страшней, цяжэй? На франтавой перадавой ці ў халодным пакоі каля буржуйкі, бачачы, як да цябе няўхільна набліжаецца другі “вораг” – паштальён, які нясе “пахаронку”?.. 
Нельга было не звярнуць увагу і на пастаноўку п’есы “Забыць Герастрата” народнага тэатра Бярэзінскага раённага Цэнтра культуры Мінскай вобласці. Аўтар твора Г. Горын узяў за аснову наступную ідэю: славалюбівы, фанабэрысты, пусты і проста недалёкі чалавек можа лёгка маніпуліраваць людзьмі, ад якіх як быццам залежыць. У падобнай сітуацыі справядлівыя і чэсныя людзі становяцца проста безабароннымі перад нахабным, хітрым і двурушным нягоднікам… Так, Герастрат спаліў храм Артэміды болей за 2 000 гадоў таму, але гэты вобраз прайдзісвета і сёння актуальны, бо такія герастраты, як лёгка можна ўпэўніцца, жывуць сярод нас і цудоўна сябе адчуваюць… Дарэчы, рэжысёрам народнага тэатра Бярэзінскага РЦК з’яўляецца наш зямляк Мікалай Пытляк. Прыемна, што пастаноўка ў родных мясцінах прайшла для яго ўдала – пра гэта сведчылі і апладысменты, і ўзнагароды журы падчас падвядзення вынікаў. 

У суботу, у 19.00, залу Івацэвіцкага ГДК запоўнілі гледачы, хто зацікавіўся пастаноўкай народнага драматычнага калектыву Івацэвіцкага ГДК. “Вялікі Гэтсбі” па знакамітаму раману Фіцджэральда – аб прыгожым багатым жыцці і адначасова аб душэўным неспакоі, які проста не дае жыць галоўнаму герою. Страчанае каханне, няўдалыя спробы вярнуць каханую… Гэтая пастаноўка аб тым, што грошы, раскоша, пырскі шампанскага, дарагія вечарынкі няздольныя патушыць агонь кахання, які, у рэшце рэшт, вядзе да гібелі. Так, на алтар гэтага ўсёпаглынальнага пачуцця можна пакласці любое багацце, але ці гарантуюць гэтыя ахвяры простае чалавечае шчасце? Фінал прымушае ўздрыгнуцца: Гэтсбі гіне, яго ў нейкай ступені недарэчная смерць рушыць створаны ім фальшывы мір багемы. На пахаванне са шматлікіх сяброў і сябровак не прыйшоў амаль ніхто, а так моцна каханая Дэйзі не прыслала нават кветачкі.

 
Выступленне Івацэвіцкага народнага драматычнага тэатра мела значны поспех, “Вялікі Гэтсбі” ўвайшоў у скарбонку работ, якімі можа ганарыцца калектыў… Гэтая маштабнасць работы івацэвіцкага тэатра адзначалася і падчас падвядзення вынікаў фестывалю. Так, Дыпломам 1-й ступені і спецыяльным прызам "За лепшы спектакль" узнагароджаны наш івацэвіцкі тэатр, а таксама адзначаны ў намінацыі “За лепшае спалучэнне разнапланавых тэатральных прыёмаў”. Адзначаны народны тэатр Целяханскага ЦКіВЧ – “За актыўны ўдзел і папулярызацыю аматарскага тэатральнага мастацтва”. Спецыяльным Дыпломам івацэвіцкі тэатр узнагародзіла Ірына Краўчук, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, якая адзначыла прафесіяналізм нашых мужчын і жанчын, моладзі, якія з’яўляюцца простымі аматарамі тэатральнай творчасці. Такія ж словы захаплення і павагі прагучалі ў адрас акцёраў і рэжысёраў з вуснаў Святланы Завадскай, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Цімафея Іліеўскага, старшыні журы, рэжысёра-пастаноўшчыка Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, Ліліі Свідуновіч, начальнік аддзела па каардынацыі арганізацый культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама і іншых выступоўцаў, якія ўручылі ўдзельнікам шматлікія ўзнагароды. Але, як адзначалі самі акцёры і рэжысёры фестывалю, цікавасць і апладысменты гледача – самы лепшы падарунак!
 
 
Аляксандр ГОРБАЧ 
(фота аўтара).
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий