Юбілей Дзіцячай школы мастацтваў г. Івацэвічы:

14 июня 2017 - Administrator
article3225.jpg

 60 гадоў дарыць дзецям “крылы”

Шэсць дзесяцігоддзяў ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы” вучыць 
сваіх выхаванцаў бачыць і ствараць прыгожае навокал. І пасля многія з іх, нібы анёлы з празрыстымі крыламі, разлятаюцца па свеце і дораць усім нам прыгожае, мілагучнае, непаўторнае… З такімі маленькімі і таленавітымі анёламі параўнала ўсіх выпускнікоў школы мастацтваў матуля выпускніцы Вольга Ляўчук.  

Шмат прыгожых слоў падзякі работнікам школы за шматгадовую работу гучала са сцэны падчас святочнага мерапрыемства з нагоды юбілею дзіцячай школы мастацтваў г. Івацэвічы. У той дзень яшчэ на парозе ГДК гасцей сустракала прыемная музыка, а ўжо ў фае быў жывы гук, граў народны аркестр народных інструментаў “Гоман” Івацэвіцкага ГДК. Усе запрошаныя, сярод якіх сённяшні калектыў, ветэраны працы, выпускнікі школы, прадстаўнікі ўлады, калегі і даўнія сябры школы, былі апранутыя па-святочнаму. Перад уваходам у залу была выстаўка архіўных фота ўстановы адукацыі: тут здымкі работнікаў, былых дырэктараў, выпускных класаў.  У вочы кінуўся здымак яшчэ з 1968… Усё было прыгожа, урачыста і, як і трэба, з музыкай – школа мастацтваў святкавала юбілей, вялікую дату, за якой вучні, за якой праца соцень настаўнікаў і некалькіх дырэктараў.
У 1957 годзе школа ўзяла пад сваё крыло першых вучняў, тады яна была музычнай студыяй пры гарадскім Доме культуры. За 60 гадоў ёй кіравалі сем дырэктараў і іх імёны гучалі са сцэны: Уладзімір Шагун, Уладзімір Несцер, Міхаіл Турчын, Аляксандр Голуб, Тамара Любаева, Сяргей Басалай і Ала Груздзева. З той пары школа не аднойчы мяняла назвы, зрабіла 55 выпускаў і адправіла ў жыццё больш за 1600 выхаванцаў, творчых натур. А які вялікі калектыў прапусціў праз свае рукі і сваю душу ўсіх гэтых творчых дзетак... Школа сустракае юбілей з чатырма аддзяленнямі: музычным, харэаграфічным, мастацкім і мастацка-эстэтычным, з 550 вучнямі, 32 творчымі калектывамі з ліку работнікаў і вучняў, а яшчэ з сотнямі дыпломаў і вялікімі планамі на будучае. 

Канцэртная праграма была раздзелена на дзве часткі. Шчырымі словамі падзякі ўсім, хто працуе і працаваў у школе, адкрыла вечар дырэктар Ала Груздзева. Ала Аляксандраўна расказала, што за гэты год выхаванцы школы прывезлі дыпломы са 144 Міжнародных конкурсаў. Дзякуючы настаўнікам і нашым маленькім талентам Івацэвіччына гучыць на міжнароднай сцэне. Гэты вынік стаў магчымы ў многім дзякуючы маральнай і грашовай падтрымцы мясцовай улады. Так, сёлета школа набыла новыя музычныя інструменты: ксілафон, флейту, віяланчэль, лічбавае фартэпіяна, набор талерак для ўдарнай устаноўкі. Гэта той неабходны інструмент, на якім, спадзяемся, вырасце яшчэ не адно пакаленне музыкантаў. 

За шматгадовую работу па эстэтычным выхаванні дзяцей ад імя мясцовай улады настаўнікам падзякаваў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Велікаселец. Сустрэць 100-гадовы юбілей з тымі ж натхненнем, імпэтам, настроем і яшчэ большымі творчымі вынікамі прысутным пажадала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Завадская.  
“– Калі “ля руля” стаяць людзі таленавітыя, натхнёныя, улюблёныя ў сваю работу, то і справа будзе ладзіцца і вяршыні будуць спасцігацца,” – адзначыла Святлана Васільеўна. 

А пасля была чарга ўзнагарод. Ганаровыя граматы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама з рук Святланы Завад-скай атрымалі: Тамара Любаева, Ала Груздзева, Ірына Бакіевіч, Ірына Макарэвіч, Людміла Сітнік, Аксана Чаплінская, Наталля Петручэня, Алена Фалітарык, Наталля Сакмаркіна, Наталля Асобік, Юрый Лаўрыновіч і Галіна Худзінская. Адзін за адным выходзілі на святочную сцэну сябры школы – з падарункамі і шчырымі словамі. Выступілі і самыя маленькія госці – выхаванцы дзіцячага садка “Зорачка”, і дарослыя: загадчыца сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Зорка, старшыня Івацэвіцкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Галіна Гарэлік, дырэктар Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея Ларыса Горбач, намеснік начальніка Івацэвіцкага РАУС па ідэалагічнай і кадравай рабоце Ларыса Колбік, начальнік Івацэвіцкага РАНС Васілій Бацкалевіч, дырэктар ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы” Алег Кузьмін. Раздзяліў вялікае свята роднай школы і былы выпускнік, а сёння знакаміты дырыжор духавога аркестра Дзяржаўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Маскоўскай вобласці Аляксандр Яўмененка. Прымалі віншаванні і ад калег, дырэктараў музычных школ раёна: Святланы Фядосік, Жанны Грынчык і Вадзіма Галоўчыка.

 
Асобная ўвага і падзяка ў той дзень – ветэранам працы, бо яны калісь пачыналі, закладвалі надзейны фундамент школы, на якім яна сёння трымаецца і на якім нарошчвае новыя паверхі. Былыя настаўнікі, а некаторыя пенсіянеры і сёння ў строі, падымаліся на сцэну, атрымлівалі кветкі і граматы ад кіраўніцтва школы. Гучалі і прозвішчы сямейных дынастый, якіх у гэтым калектыве нямала. Гэта дынастыі Русак, Гаўрылік, Голуб, Серада, Юркевіч, Кулініч, Зыбайла і Скрабец. Яшчэ многа слоў прагучала і ўзнагарод было ўручана на сцэне, бо увесь дружны калектыў заслугоўваў у юбілей падзякі.

Другая частка свята – музыкальная, і гэта дарэчы, падарунак ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Вакальны ансамбль “Камерата” з Мінска жывой акапэльнай песняй віншаваў нашых майстроў творчасці. І гэта быў той рэдкі выпадак, калі школа мастацтваў была гледачом, а не выступоўцам. Звычайна яны песцяць нас сваімі творчымі нумарамі, заў-
сёды прафесійнымі і крэатыўнымі, а ў гэты святочны дзень пляскалі іх далоні і яны крычалі “брава”. А мы скажам “брава” школе, яе рабоце, натхненню і выключнаму пачуццю прыгожага! З юбілеем, школа мастацтваў!                 
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.
Комментарии (1)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев