На электронную пошту «ІВ» прыйшоў ліст ад Галіны В., у ім наша чытачка падзялілася праблемай, з якой ёй давялося сутыкнуцца:
«Апошнія дзянькі лютага нас радуюць цёплым надвор’ем, а значыць, вечарам замест прагляду тэлевізара можна адправіцца на праменад. Толькі вось гуляючы па вуліцы Дэпутацкай, як высветлілася, і прысесці амаль што няма дзе. Заўважыла гэтую праблему літаральна ўчора, калі пасля пакупак у «Санце» вырашыла не спяшацца дахаты. Прыгожыя на першы погляд лавачкі ля згаданага магазіна, відаць, перазімавалі дрэнна – дошчачкі прагнілі. Прайшла пару дзясяткаў крокаў да іншай лавачкі ў надзеі прыпыніцца там ды ўбачыла яшчэ больш непрыглядную карціну: лаўка зламаная, побач пустая пластыкавая бутэлька з-пад піва і нават пакінутае на зямлі адзенне. Неяк крыўдна стала за нашы Івацэвічы. Адна справа, калі пагодныя ўмовы ўплываюць на стан тых жа лавак ці смеццевых урнаў, якія варочае вецер. Зусім іншая – чалавечы фактар, абыякавасць, нядбайнасць… Хочацца сказаць нашым гараджанам і гасцям Івацэвічаў: людзі, будзьце людзьмі…»
У аўторак, 27 лютага, журналісты «ІВ» выехалі ў рэйд па горадзе. Трэба адзначыць, што, наведаўшы многія дваровыя тэрыторыі, а таксама сквер Перамогі, зламаных лавак, акрамя згаданых нашай чытачкай, мы не знайшлі. Між іншым, лавачкі з прагніўшымі дошчачкамі, пра якія гаворыць Галіна В., належаць магазіну «Санта», а вось зламаная лавачка паводдаль – на балансе Івацэвіцкай ЖКГ. Як патлумачылі камунальнікі, пасля зімы яны планава правядуць агляды элементаў добраўпарадкавання з мэтаю выяўлення дэфектаў, а пасля ўдакладнення аб’ёмаў работ адпаведны рамонт будзе праведзены. Але ўсё ж такі і адпачываючым на лавачках патрэбна разумець: да месцаў адпачынку агульнага карыстання трэба адносіцца як да сваіх, па-гаспадарску.
Наш кар.