Сёння, 3 снежня, Валянціна Іванаўна і Васіль Антонавіч Вярэнічы адзначаюць 55-годдзе
сумеснага жыцця – ізумруднае вяселле
Валянціна Іванаўна і Васіль Антонавіч Вярэнічы ўсё жыццё працавалі аграномамі. І сваім працоўным подзвігам яны сталі знакамітымі асобамі на Целяханшчыне і не толькі. Больш за 30 гадоў кожны з іх прысвяціў славутаму калгасу-мільянеру «Расія» (цяпер ААТ «Целяханы-агра»).
А дакладней, гэта іх намаганнямі быў дасягнуты такі высокі рэзультат, што «Расія» грымела на ўвесь Савецкі Саюз. Уявіце, у тую эпоху ўраджайнасць у 20–30 цэнтнераў лічылася нормай, а ў гэтым калгасе была проста фантастыка – ураджайнасць збожжавых у 65 цэнтнераў з гектара! Дзякуючы аграномам-асам і кіраўніку штогод гаспадарка была ўдзельнікам Усесаюзнай ВДНГ. З усіх узнагарод і сцягоў раёна – каля 70 працэнтаў ехалі ў Целяханы!
Сёння Вярэнічы абралі сціплы варыянт жыцця. Яны з тых бацькоў, якія ўсё аддаюць дзецям. І на сценах красуюць не граматы і медалі за працоўныя заслугі, а святыя абразы. 55 гадоў пад адным дахам, а погляд адзін на аднаго такі ж пяшчотны, спагадны і клапатлівы…
Слова бацькі – закон
Сама Валянціна Іванаўна, аказваецца, адразу пасля школы паступіла ў Гомельскі кааператыўны тэхнікум, але апошні год у ім недавучылася.
– Бацька сказаў: «Маню Віктараву (прадаўшчыцу) пасадзілі. Дык у яе вопыту колькі, а ты горкае дзіця. Кідай». Я яму: «Тата, гэта ж тэхнікум, я буду тавараведам». «Не», – адрэзаў бацька, і я кінула, даглядала маму, – успамінае Валянціна Іванаўна. – Мяне ўзялі прадаўцом, а праз два гады мама памерла, і я зразумела – трэба вучыцца. Мой выбар зноў вызначыў бацька. Ён працаваў гадзіннікавым майстрам і кажа: «Вунь глядзі, аграном Турчак ходзіць па полі туды-сюды і 200 рублёў атрымлівае. Мне колькі трэба горбіцца, каб столькі зарабіць, а ён толькі шастае…» Слова бацькі – закон, паступіла на агранома.
Васіль Антонавіч таксама быў паслухмяным сынам, здольным да многіх вясковых спраў, таму, стаць ці не аграномам, яго не ўгаворваў ніхто.
Студэнцкае вяселле
Валянціна і Васіль пазнаёміліся ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Яны абодва вучыліся на агранамічным факультэце, на адным курсе, толькі на розных аддзяленнях. Яна – на селекцыі і насенняводстве, ён – на паляводстве. Гэта былі 1964–1969 гады. У іх групе часта гулялі студэнцкія вяселлі, сямейнымі сталі каля 10 пар, а Вярэнічы сваё згулялі на чацвёртым курсе.
– Яго мама прыехала да нас на вяселле ў Горкі, і мой бацька прыехаў з мачахай, – успамінае Валянціна Іванаўна. – Студэнты сабраліся па два ці тры рублі і купілі нам у падарунак радыёпрыёмнічак і альбом.
– І вам далі пакой? – цікаўлюся.
– На першым курсе амаль нікому не давалі інтэрнат. Ён прыехаў з вёскі, я таксама. І мы жылі па кватэрах, – адказвае Валянціна Іванаўна. – Мне павінны былі даць пакой, бо я сірата, але не ха-
дзіла дабівацца. Гаспадыня ў мяне была строгая – ніякіх кавалераў, у 10 гадзін вечара выключаеш святло, ранкам можаш толькі ў 6 запальваць. А Васіля гаспадыня вельмі любіла за залатыя рукі, ён мог па гаспадарцы што хочаш дапамагчы і дачку яе падцягваў па матэматыцы. Таму калі яна даведалася пра вяселле, то настояла, каб яго рабілі ў яе дома. І мы гулялі ў яе вяселле тры дні з пятніцы, а потым яна сказала: «Нікуды не пойдзеце, жывіце ў мяне». Жылі ў яе да пераддыпломнай практыкі.
Круты паварот
Валянціна Іванаўна родам з Гомельскай вобласці, а Васіль Антонавіч – з Брэсцкай. Маладыя спадзяваліся, што пасля вяселля на практыку іх накіруюць разам, а аказалася, што студэнты былі ўжо размеркаваны за паўгода раней. І паехалі яны ў розных напрамках па родных калгасах. Практыка месяцаў шэсць была. У Валянціны Іванаўны ў гэты час здарылася яшчэ адно няшчасце – памёр бацька. Засталіся сіротамі яна, брат і малодшая сястра. Мачаха, якую дзеці лічылі ўжо мамай, сказала, што калегі-настаўнікі параілі ёй з чужымі дзецьмі не вазіцца, а аддаць меншых брата і сястру ў дзетдом, і пачала збіраць дакументы.
У той час у краіне пачалі ствараць рознаўзроставыя інтэрнаты, і брат Іван павінен быў папасці ў Навабельск, а Наталля – у Мазыр. Валянціна гэтага дапусціць не магла, таму мужу сказала: «Калі ты згодзен, я вазьму апякунства». «Антонавіч – харошы чалавечак, кажа, што возьмем малых», – дадае жанчына. Брат Валянціны Ваня ў пачатковых класах вучыўся, сястра павінна была пайсці ў першы клас, і яны – яшчэ самі студэнты…
– І вось мачаха прынесла паперы і выйшла з хаты, – расказвае жанчына. – А я тым часам шчоўкнула сумачку і забрала дакументы, схавала. Мачаха вярнулася ў дом, я ёй кажу: «Вы мяне, Ніна Аляксандраўна, прабачце, але я забрала дакументы». «Нашто? Хочаш быць гаспадыняй, то і есці гатуй сама», – паставіла ўмову мачаха. Я не пярэчыла, не скандаліла, калі дом афармлялі, каб дах нейкі ў малых быў, але думала, што гэтага ўсяго не вытрымаю. Сэрца калаціцца стала… Але вырашылі: адразу іх аформім у інтэрнат, а потым забяром. Так і зрабілі. Я іх завезла ў рагачоўскі інтэрнат і сама паехала давучвацца. Канікулы прыйшлі, куды іх? І я іх да сябе. Да дэкана пайшла, да кастэляна, каб далі хоць начаваць гэтым дзецям. Праўда, усе пайшлі насустрач. У студзені ў нас быў выпуск, і нас накіравалі на работу ў Столінскі раён. У мяне як у другога агранома аклад быў 140 рублёў. Грошы добрыя. Пабудаваліся, пагадаваліся, Ваню служыць забралі ў Калінінград, і ён там застаўся на доўгі час, а Наталля вывучылася ў Горках на інжынера-землеўпарадкавальніка, знайшла сабе інжынера-меліяратара, замуж выдалі, асела з ім у Астраўцы.
Славы не шукалі, яна сама знайшла іх
– Мы лічыліся добрымі спецыялістамі. У той час у раёне было толькі тры чалавекі з вышэйшай адукацыяй у райсельгасхарчы, не тое, што ў адной гаспадарцы. Але вёска, садзіка няма. Валянціна месяц пабыла ў дэкрэце, і на работу трэба. Тады так было. Нанялі няньку. Бабка раз прыйдзе, другі раз – не, – успамінае гаспадар.
– Я не магу, перажываю. І мы рашылі: паедзем шукаць больш цывілізаваныя ўмовы, – дадае гаспадыня. – Неяк Надзя Гваздзёва, яна вучылася з Васем у адной групе, прыязджае з Целяхан да нас па насенне і кажа, што яе мужа ставяць у Стайкі старшынёй… Яна ж і параіла нам у Целяханы кіраваць, маўляў, калгас харошы.
У Целяханах Вярэнічы таксама прыглянуліся старшыні і засталіся тут, ды прапрацавалі ў «Расіі» да пенсіі. Валянціна Іванаўна яшчэ пяць гадоў і пасля займалася прафсаюзнай работай.
– Калгас «Расія» ў 1977 годзе быў перадавы. Спачатку Васіль Антонавіч быў галоўным аграномам у гаспадарцы, а потым рашэнне партыі – лепшых ставіць на брыгады. І яго забралі. А я заўпарцілася: «Не пайду галоўным, у мяне дзіця…» – успамінае Валянціна Вярэніч. – «Пабудзь трохі», – кажа старшыня Уладзімір Канстанцінавіч Яскевіч. Такі дзядзька!.. Кандыдат эканамічных навук, партызан. Я да яго ставілася, як да бацькі. Строгі. Сказаў і адрэзаў. Потым талковы быў старшыня Іван Мікалаевіч Чырка, а пасля яго многія кіравалі… Мы да 2000 года працавалі.
– Якім чынам можна было дасягнуць ураджайнасці 65 ц/га ў тыя гады?
– Так, грымелі на ўвесь Саюз. Тарфянікі свежыя, а яшчэ навуковы падыход, – усміхаецца Валянціна Іванаўна. – Я – селекцыянер па спецыяльнасці. Паеду ў акадэмію навук, там намеснікам працаваў Вячаслаў Грыб, вучоны па раслінаводстве, ён на тры курсы старэйшы быў за нас: «Славічак, памажы». Во такі малюсенькі пакецік выпрашу суперэліты, уручную пасаджу вопытнае поле…
Леанід Жыцянёў потым прыйшоў да мяне на практыку. Будзе талковы, прыгледзелася. Прапаноўвалі яму некалькі разоў стаць галоўным. Ён не згадзіўся.
Валянціна Іванаўна працавала, як ламавы конь. Іншы раз да гадзіны ночы – у полі. Вось і грымелі на ўсю краіну. Яе ведалі ў раёне ўсе. Кожны год «Расія» – удзельнік Усесаюзнай ВДНГ. Узнагарод было – не пералічыць. Карэспандэнты, вучоныя пастаянна былі ў гаспадарцы. І вучобу зрабілі па Брэсцкай вобласці на базе калгаса. Ехалі па вопыт сёння з аднаго раёна, заўтра – з другога, з трэцяга… Словам, клопату было ў Вярэнічаў ад зары да зары, працавалі з агнём у вачах, на сумленне, але і грошай было. Ён атрымліваў 250, а яна 300 рублёў у месяц. А потым штогод прэміі на зароблены рубель, яшчэ за добры ўраджай буракоў… «Грошай было, каму трэба, давалі», – кажуць сямейнікі.
Трэба заставіць…
Валянціна Вярэніч была суперспецыялістам, на ўсіх канферэнцыях, сходах, партыйных пленумах ёй давалі слова, планавалі на пасаду старшыні калгаса, а яна – беспартыйная.
– Выклікае Тамара Яскевіч, яна ў Целяханскай зоне была інструктарам па партыйнай лініі. Я кажу: «Падумаю», – успамінае Валянціна Іванаўна. – Прыйшла дадому, дзіця недагледжанае… Адмовілася. Выклікаюць на партбюро да Вайцешыка, сталі казаць пра вышыні. Я кажу, не хачу высока лятаць, хачу на сваім месцы быць. Галоўны ўрач інфекцыйнага аддзялення прапанаваў: «Трэба яе заставіць». А Вайцешык: «Валянціна, сядзь», бо бачыць, што выходжу з сябе. Прапанавалі падумаць яшчэ, маўляў, хочам, каб старшынёй стала. А мне так уеліся пераезды, і я кажу: «Лепш быць харошым аграномам, чым дрэнным старшынёй», і стала паціху да дзвярэй адступаць.
Васіль Антонавіч быў камуністам, таму абраз Божай Маці «Казанская» заўсёды быў схаваны ў іх шафе.
Нянька
Павучальна, як Вярэнічы для малодшага сына Анатоля нанялі няньку. «Яна з 16 гадоў няньчыла дзяцей, харошая, уважлівая жанчына. Не да ўсіх ішла, але ў многіх кіраўнікоў, дактароў, спецыялістаў глядзела дзяцей, – успамінае Валянціна Іванаўна. – У мяне дэкрэтны адпачынак скончыўся, а садка няма. Муж схадзіў да яе, папрасіў. Аформіла дамову, а сама думаю, як жыць такому чалавеку з рукой пакалечанай без пенсіі? Абышла ўсіх, у каго яна працавала, і праз год дабілася ёй пенсіі. Яна была так мне ўдзячна, што нават калі аддала сына ў садок, без просьбаў дапамагала…»
Дзве палавінкі
І не згледзелі, як пражылі разам 55 гадоў. На пытанне, што галоўнае ў сямейным жыцці, Валянціна Іванаўна адказала: «Як кажуць, шукай сабе падобнага, каб разумеў. Мы разумелі адзін аднаго, паважалі, саступалі адзін аднаму. Усякае было, як ва ўсіх сем’ях, але смецце з хаты не выносілі. Ён быў галоўным у сям’і. Па будаўніцтве – майстар, а за жыццё пабудаваў, лічы, чатыры хаты, сам шаляваў, кветкі выразаў – дом на Набярэжнай ведаюць усе, а колькі прыбудоў зроблена яго рукамі…»
У Вярэнічаў два сыны – Васіль і Анатоль. Дзеці былі непаседамі, маглі ўтварыць, што хочаш. Колькі перажыванняў было, калі сталі падлеткамі, калі выраслі… А колькі начэй не спалі Вярэнічы, як сына, які служыў у войсках спецназа МУС, забралі на 100 дзён у камандзіроўку ў Карабах, дзе вяліся ваенныя дзеянні… Кожнаму сыну Вярэнічы падарылі па доме, для кожнага сына, нявесткі, траіх унукаў і дваіх праўнукаў – яны прыклад. Сёння сыны цвёрда стаяць на нагах, і хоць, бывае, не ўсе іх дзеянні адабраюць бацькі, сынам не пярэчаць, не ўмешваюцца, разумеюць – характар. Дзядуля і сёння дапамагае разабрацца ўнукам з заданнямі па матэматыцы, а з бабуляй можна падзяліцца самым таемным.
…За кадрам засталося шмат. І ўпэўнена, можна было б напісаць пра Вярэнічаў кнігу, шчырую, павучальную і карысную для нашчадкаў.
Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА і з архіва сям’і Вярэнічаў.