У нашым раёне вырошчваннем бульбы ў прамысловым маштабе займаюцца толькі два сельгаспрадпрыемствы – ААТ «Святая Воля» і ААТ «Перамога», і абодва ўжо прыступілі да нарыхтоўкі «другога хлеба» беларуса, яго этнавызначальнага маркера. Ураджай абяцае быць добрым, былі б аналагічнымі магчымасці для збыту, бо апошнім часам вялікага попыту на прадукцыю не назіраецца. Тым не менш, адмаўляцца ад вырошчвання культуры ніхто не збіраецца – сітуацыя можа памяняцца, і яшчэ ні адной гаспадарцы не нашкодзіла поўнае бульбасховішча.
ААТ «Святая Воля» пасадзіла менш бульбы, чым летась: 101 га замест 138-мі мінулагодніх. Прыбралі крыху больш за трэць, вал – 1 876 т. 60-65 % – выхад таварнай бульбы. Ураджайнасць – 493,7 ц/га, і гэта вельмі добры прамежкавы рэзультат. Максімальная па гаспадарцы была 520 ц/га, а летась атрымалі 360 ц/га.
Тут застаюцца вернымі гатунку «Гала». Сёлета дадалі да насення першай-другой рэпрадукцыі каля 20 т эліты. Элітнае насенне заўжды набывалі ў Германіі, але ў мінулым годзе не атрымалася: санкцыі. Таму цяпер купілі эліту ў беларускай фірмы, якая займаецца размнажэннем насення
бульбы нямецкай селекцыі. Чаму «Гала»? Гэта знаёмы пакупніку сярэдні гатунак з высокай таварнасцю. Роўныя кругла-авальныя клубні ідэальныя для закладкі на захоўванне: кажурына дастаткова тоўстая і не пашкоджваецца падчас транспарціроўкі і аўтаматызаванага раздзялення
бульбы па фракцыях. Захоўваецца яна добра і славіцца смакавымі якасцямі – гатунак сталовы, дыетычны, бульба не надта крухмалістая.
Галоўны аграном ААТ «Святая Воля» Яўгеній Зышчык зазначыў, што сёлетнія ўмовы надвор’я былі аптымальнымі для фарміравання клубня. Разам з тым дажджы і высокія дзённыя тэмпературы спрыялі развіццю фітафтарозу. У сувязі з гэтым давялося рабіць на адну хімапрацоўку фунгіцыдамі больш (шэсць замест пяці). У астатнім тэхналогія засталася ранейшай. Поле пад пасадку падрыхтавалі з восені, унеслі арганіку, пусцілі па палях глыбокарыхліцель. Па вясне – культывацыя, унясенне мінеральных угнаенняў. Бульбасаджалка за адзін праход выконвае адразу тры аперацыі: акрамя непасрэдна пасадкі, уносіць фосфарныя ўгнаенні і пратручвае клубні, што ратуе іх ад драцяніка і каларадскага жука. Далей час хіміі – праводзяцца апрацоўкі гербіцыдамі і фунгіцыдамі. Па восені збіваецца бацвінне і пачынаецца капанне. У «Святой Волі» караняплоды па полі збірае нямецкі бульбаўборачны камбайн Grimme SE160.
Саджаюць бульбу па тэхналогіі і ў ААТ «Перамога». Другі год запар тут вырошчваюць не толькі «Галу», але і бульбу беларускага гатунку «Першацвет». Як расказаў галоўны аграном ААТ «Перамога» Сяргей Квакуха, 25 га з 70-ці, адведзеных пад культуру, засаджана айчынным насеннем (летась было 5 га). Упадабалі новы гатунак пакупнікі, у тым ліку расіяне – яго таварны выгляд дазваляе экспартаваць прадукцыю. Клубні вялікія, круглыя, ружовыя звонку, з залацістай шчыльнай мякаццю ў сярэдзіне. Многія вяскоўцы, якія паспелі паспрабаваць «Першацвет», гатовы зноў галасаваць за яго рублём – смачна. І вы таксама можаце зняць пробу, бо ААТ «Перамога», як і ААТ «Святая Воля», будуць гандляваць бульбай на восеньскіх кірмашах.
Бульбаўборачны камбайн гаспадаркі – гомельскі двухрадны – пакуль шчыруе на палях, дзе расце «Гала» (гатунак надзейны, мае армію аматараў, добра паказвае сябе на тарфяніках, таму гэтай бульбы і больш). Убралі 16 га і накапалі 511 т караняплодаў. Ураджайнасць – 319,4 ц/га, летась была 250 ц/га.
У абодвух гаспадарках дробная бульба пойдзе на корм жывёле, на крухмальны завод. Буйная будзе чакаць пакупніка ў сучасных бульбасховішчах з засечнай сістэмай, актыўным вентыляваннем. Высокай цаны на яе няма: вытворцаў бульбы ў Беларусі шмат. Магчыма, бліжэй да вясны аптавік будзе гатовы заплаціць больш.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.