x
Close
Главная новость Молодёжь Новости Общество Сельское хозяйство

Лепшыя па надоях і прывагах – гэтыя маладыя прыгажуні!

Лепшыя па надоях і прывагах – гэтыя маладыя прыгажуні!
  • Опубликовано:8 марта, 2023

У такі святочны дзень мы знаёмім чытача з пераможцамі ў дзвюх намінацыях новага раённага маладзёжнага праекта «Малады працаўнік сяла»

Так што за праект стартаваў у раёне? Упершыню ў нас праходзіць падобнае спаборніцтва паміж моладдзю, якая шчыра абрала для сябе такія важныя і паважаныя сельскагаспадарчыя прафесіі. Арганізатары – аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі сумесна з упраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні Івацэвіцкага райвыканкама – дзякуючы праекту жадаюць заахвоціць лепшых з лепшых маладых аграрыяў.

На працягу года арганізатары будуць ушаноўваць пераможцаў, маладых работнікаў да 31 года, у 11 намінацыях.

Усяго некалькі дзён засталося да Дня жанчын дня, і мы асабліва радыя пазнаёміць вас з пераможцамі ў намінацыях: «Лепшы аператар машыннага даення ў даільнай зале» і «Лепшы аператар жывёлагадоўчых ферм і комплексаў». Даяркі Ганна Абрамчук з ААТ «Святая Воля» і Марына Раманава з ААТ «Квасевічы», а таксама жывёлавод Наталля Сіпкіна з ААТ «Квасевічы» па выніках мінулага года далі фору нават многім вопытным калегам ды аказаліся яшчэ вельмі прыемнымі ў размове, надзвычай прыгожымі і пазітыўнымі жанчынамі. Гэта адзначылі і арганізатары: першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Івацэвіцкага райвыканкама Сяргей Шамярэй і начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Юлія Сяўко, якія на днях наведаліся ў таварыствы з віншаваннямі і ўзнагародамі.
Мы сустрэліся з дзяўчатамі, якім ад 25 да 30 гадоў, і пагаварылі пра працоўныя будні, жыццё на вёсцы і планы моладзі, якая не баіцца цяжкасцей і не імкнецца ў горад. Цікава, чаму?

З працоўнай кніжкай з 15 гадоў!

Удой Ганны Абрамчук на карову ў 2022-м склаў 9 575 кг, пры тым сярэднераённы паказчык значна меншы – 6 486! Ганне толькі 27, а 1 верасня ў яе будзе 12 гадоў працоўнага стажу ў ААТ «Святая Воля». Яе сям’я пераехала з Целяхан у Святую Волю, калі Ганна была школьніцай. пасля 9 класаў яна паехала вучыцца ў Пінскі каледж. Ганне ў вялікім горадзе не спадабалася, яна прыехала дадому з катэгарычным рашэннем – больш у каледж ні нагой. Падлеткам часта бывала ў гаспадарцы, тут вартаўніком і жывёлаводам працавалі яе бацькі.

У адзін дзень маці ўзяла ды павяла дачку да Уладзіміра Любушака. Кіраўнік па заяве бацькоў узяў непаўналетнюю Ганну даяркай яшчэ на старую ферму ў Турную.

– Ой там было цяжка, – успамінае наша даярачка. – Цягалі ў руках перасовачны даільны апарат, кожную карову трэба было прывязаць і адвязаць. Давялося там і раздойваць цялушак. У 2019 годзе я перайшла на старую ферму ў Святую Волю, а ў 2020-м адкрылі новую. Працаваць мне няцяжка, у гэтую работу ўцягваешся. З графікам дзень праз дзень таксама мне зручна, ды і зарплата добрая. Скажу шчыра: за надоямі не сачу. Проста ведаю і выконваю свае задачы: кожную кароўку трэба агледзець, адправіць на лячэнне мастытных, пасля абмыць, абрабіць вымя, падключыць апарат пасля дойкі, зноў усё апрацаваць. Мы працуем утрох: я, цётка Воля і наша Тоня. Так ласкава мая суразмоўца назвала калег Вольгу Буйкевіч і Антаніну Пацэнка. І вось ды парадокс, даяркі старэйшыя па ўзросце за нашу Ганну, але стаж у яе самы большы. На ферме каля 770 галоў, адна даярка заганяе кароў у даільную залу – па 36 за раз, астатнія дзве жанчыны ў гэты час падрыхтоўваюць жывёл і падключаюць апараты. У дзень тут дзве дойкі, першая пачынаецца каля 5 гадзін раніцы, на яе Ганна ўстае ўжо без будзільніка. Дадому змена вяртаецца каля часу дня. А ў 17.00 зноў рабочая машына спыняецца каля дома нашай гераіні, і яна імчыць на вячэрнюю дойку, якая можа закончыцца нават у час ночы. Як па мне, дык гэта вельмі складаная работа, а наша Ганна гераіняй сябе не лічыць і на фізічную работу не скардзіцца. Кажа, каровак сваіх пазнае, і яны яе любяць. Вяскоўцы часам раяць ёй нарадзіць яшчэ дзетак, атрымаць квадратныя метры ў райцэнтры і махнуць туды. А Ганна ў вясковым жыцці больш за ўсё цэніць спакой, шчырых і чулых людзей, а яшчэ зямлю, на якой яна і вырошчвае гародніну.

– Мы з мужам Яўгеніям, ён выдатны трактарыст, у многім падобныя: аднолькава моцна любім вёску, ён – выдатны рыбак, а я найлепшым ласункам лічу яго салёную рыбу, у нас нават адно прозвішча было на дваіх, абодва мы Абрамчукі, я і пашпарт не мяняла пасля вяселля!

У 2019 годзе сям’я пераехала ў дом, які для Абрамчукоў набыла і адрамантавала гаспадарка, тут падрастае і дачушка Вікторыя. У красавіку малой будзе сем, і яна вельмі любіць матэматыку, а яшчэ разам з маці даглядае хатнія кветкі. Яна пакуль яшчэ не разумее, у якім конкурсе перамагла матуля, але, калі падрасце, абавязкова будзе ёй ганарыцца. А напярэдадні свята Ганна Абрамчук агучыла шчырую жаночую мару – разам з мужам адпачыць у санаторыі, бо калі муж ды жонка аграрыі, так цяжка спланаваць сумесны водпуск…

8 Сакавіка сёлета – працоўны дзень

Якая сціплая Наталля Сіпкіна! Як няёмка ёй было прымаць віншаванні, а прывагі ў гэтага маладога жывёлавода касмічныя – 987 г у суткі. Сярэднераённы паказчык у мінулым годзе быў значна ніжэйшым – 655 грамаў. Наталля ўжо сем гадоў працуе на малочнатаварнай ферме «Квасевічы». Прыйшла сюды за старэйшымі братамі-жывёлаводамі Андрэем і Аляксандрам.
Яе не пужаюць раннія пад’ёмы ў 5 гадзін раніцы, яна жыве ў трох хвілінах хадзьбы ад фермы і штодзень спяшаецца да сваіх цялятак. Зараз ёй трэба напаіць-накарміць каля 50 галоў. Наташа даглядае самых маленькіх цялятак ад нараджэння да чатырох месяцаў, пасля падужэлых забіраюць на дарошчванне ў другія цялятнікі.

– Праз гадзіну-другую пасля ацёлу да нас прывозяць цялятак. Бываюць зусім маленькія і слабыя, неданошаныя. За такімі глядзіш яшчэ больш пільна. Часам лішні раз падбягу ды нагляну за імі. Як падыходжу да домікаў, адгукнуся заўсёды, каб яны пазналі мяне і не пужаліся.

Як не атрымаць вялікіх прываг, калі так гаворыш пра сваіх цялятак. Неяк думала Марына пайсці ў даяркі, але не змагла пакінуць малых, ёсць па яе меркаванні ў гэтай працы асаблівая рамантыка. Яна дае мянушкі цяляткам, ёсць любімчыкі, а дзень, калі чатырохмесячных цялят забіраюць, для яе амаль заўсёды са слязьмі. Два разы на дзень яна намывае талеркі, падсцілае домікі, насыпае камбікорм ды налівае малако. Праз час у талерку дзяўчына налівае вады. Наталля шчыра дзякуе кіраўніцтву за пакупку малочнага таксі, якое ўпраўляецца некалькімі кнопкамі. Па-першае, у таксі ёсць функцыя падтрымання тэмпературы малака, гэта важна асабліва зімой, а па-другое, яно рухаецца само, трэба толькі націснуць на кнопку. Першыя гады Наталля ўспамінае з дрыжыкамі, як яна і калегі насілі ў руках вёдры з малаком.

– Адзін наш работнік усё крычаў на мяне: кінь дурное, насі па паўвядра! – успамінае гераіня. – А дзе там, не хацелася бегаць двойчы па тое малако, цяжка было, а зараз так зручна.

У гэтым годзе 8 Сакавіка Наталля будзе працаваць, але ўвечары кветкамі абавязкова сустрэнуць браты і тата. Дарэчы, ёсць у Наталлі адна прывілея – яна ў сям’і не гатуе, за гэта ў адказе тата. Затое ў выхадны дзень яна не адмаўляе сабе ў здавальненні папесціць трох пляменнікаў!

Ёй казалі: худзенькая, маленькая, якая з цябе даярка?..

Марына Раманава з ААТ «Квасевічы» зараз з гумарам успамінае, як у 2018-м, калі яна з сям’ёй прыехала да нас з Казахстана, ёй адмовілі ў адным з таварыстваў. Раманавы прыехалі ў раён па парадзе землякоў, тыя былі вельмі задаволеныя жыццём у Беларусі. Пасля ў раёнцы Марына ўбачыла аб’яву – таварыства ў Квасевічах шукала на работу сямейную пару. Цяпер муж Марыны працуе жывёлаводам, а гэтая худзенькая і маленькая жанчына – майстэрскі доіць! Яе вынік – 8 261 кг, і яна другая ў раёне сярод моладзі. Марына ніколі раней не працавала даяркай, але на радзіме разам з мужам яны трымалі па 15 галоў кароў ды быкоў і па 50 свіней, а яшчэ бройлераў, індыкоў…

– Я прыйшла на старую ферму ў Юрчыках, але ўжо ведала, што перайду на новую, як толькі яна дабудуецца, – расказвае пераможца. – Там быў малакаправод, але трэба было кожную кароўку прывязваць. Нешта не атрымлівалася, дапамагалі больш вопытныя дзяўчаты. Пасля перайшлі сюды – усё новае, раскоша… А я прасілася назад першыя месяцы, як цяжка было прывучыць жывёлу да новай даільнай залы, пастануць колам кароўкі, і хоць ты плач. Зараз яны ўжо ідуць паслухмяна, пазнаюць нас з напарніцай Наталляй Голуб па голасе.

Дарэчы, далёка не ўсё нават у сучаснай дойцы робіць машына, спачатку даяркі спецыяльным прыборам – скуперам – абрабляюць вымя, пасля ўручную здойваюць першыя струмені малака і толькі пасля падключаюць апараты. А дойнага статку тут, на хвіліну, каля 650 галоў. Дзве даяркі, чатыры рукі і 650 кароў. Дойкі ў гэтым таварыстве таксама дзве, але графік два праз два, і ў добрыя месяцы можна зарабіць і 1 500 рублёў.

Некалькі гадоў таму сям’і далі дом ад гаспадаркі ў Квасевічах, яшчэ адзін Раманавы набылі самі, там па добрай звычцы трымаюць кароў і свіней. Так, пасля доек на працы Марына спяшаецца да сваіх дзвюх рагуль. Марына прызналася, што на радзіму яе ўжо амаль не цягне, так добра ёй у нашым раёне. Спагадлівасць ад людзей і магчымасць добрага заробку жанчына лічыць важкімі плюсамі. Нядаўна сям’я набыла аўто, разам з мужам і 10-гадовым сынам Аркадзем яны толькі пачынаюць вывучаць раён і вобласць. А ў сакавіку Марына Раманава чакае кветак адразу на два святы – на дзень жанчын і на дзень нараджэння. Любімыя мужчыны песцяць прыгажуню падарункамі, словамі добрымі.

Ад аўтара:
Усе тры размовы былі рознымі, але адно яднае гэтых маладых, прыгожых жанчын – усе яны ніколі не памянялі б вясковыя краявіды нават на самы прыгожы від з вокнаў гарадскіх кватэр. Усе яны задаволеныя і ўмовамі працы, і заробкамі. Яны знайшлі сваё шчасце ў такіх важных для ўсёй краіны прафесіях. Канечне, кожнаму – сваё, але так важна моладзі хоць раз пабачыць, як працуе ў полі трактар ці камбайн, або як гадуецца жывёла і доіцца малако, каб пераасэнсаваць усё і ацаніць працу аграрыяў.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.