Ужо другі год запар напярэдадні Дня работнікаў гандлю раённая газета «Івацэвіцкі веснік» узнагароджвае калектыў магазіна, які лепш і больш за ўсіх прадае нашу газету ў розніцу.
У гэтым годзе мы завіталі з віншаваннямі і падарункамі ў магазін «ProЗапас № 8» (ці «Барвінок», як раней ён называўся), які знаходзіцца па вуліцы 60 год Кастрычніка. З 18 гандлёвых кропак, што прадаюць у розніцу «ІВ» (а гэта больш за 800 экзэмпляраў на тыдзень), калектыў гэтага магазіна ў лідарах.

Дзяўчаты дружныя, дапамагаюць адзін аднаму і лічаць, што сакрэт паспяховасці іх утульнага магазіна ў спрыяльнай атмасферы на рабоце. Сябруюць дзяўчаты і ў жыцці. Заўважылі, што многія наведвальнікі магазіна з усмешкай віталіся з прадаўцамі і пыталіся пра справы. Канешне, зручна мець каля дома магазін, дзе можна купіць амаль усё неабходнае.

Такі зладжаны калектыў сфарміраваўся каля двух гадоў таму.

Больш за 25 гадоў працуе ў сістэме райспажыўкааперацыі прадавец Ганна Курыльчык, старшы прадавец Алеся Пархомік – больш за 10 гадоў, а маладая маці прадавец Дар’я Чахоўская толькі ў пачатку свайго працоўнага шляху. Самы загружаны для прадаўцоў – панядзелак, дзень дастаўкі тавараў, найбольш актыўны па колькасці пакупнікоў – пятніца. У сярэднім у магазіне абслугоўваецца больш за 400 чалавек.

Сярод пакупнікоў сустрэлі мы ў той дзень і пастаянную чытачку раённай газеты – Вольгу Аляксандраўну Казак.

– Люблю наш магазін, дзяўчаткі заўсёды стараюцца ўлічваць пажаданні пакупнікоў. Ёгурт гэты, можа, спецыяльна і для мяне заказваюць, – смяецца Вольга Аляксандраўна. – І газету нашу раённую люблю. Я ваш пастаянны чытач на працягу многіх гадоў. Чытаю газету «Івацэвіцкі веснік» ад коркі да коркі. Усё ў ёй цікава, пачынаю заўсёды з першай. Вельмі падабаецца мне чытаць пра вёсачкі нашага раёна, пра ветэранаў, пра ваеннаслужачых… Усё чытаю з задавальненнем.

Прыемна, калі падпісчыкам нашага выдання адгукаюцца тэмы, якія журналісты ўздымаюць у сваіх артыкулах, калі газета – жаданы «госць» у кватэрах і дамах па серадах і суботах, а таксама калі ёй заўсёды знаходзіцца месца ў прадуктовым кошыку падчас наведвання любімага магазіна.

Напярэдадні свята жадаем усім работнікам гандлю здароўя, дабрабыту, шчасця і ладу ў сем’ях, каб добры настрой захоўваўся цэлы дзень і каб усе пакупнікі былі такімі добразычлівымі і ўдзячнымі, як Вольга Аляксандраўна.

Юлія Кавалёва. Фота Валерыя Міскевіча.

Поделиться