Лета з карысцю: у «Дубравачцы» працуе студатрад

25 ліпеня ў «Дубравачцы» стартавала чацвёртая змена. Для амаль дзвюх соцень хлопчыкаў і дзяўчынак тут падрыхтавалі насычаную і цікавую праграму з мноствам забаў і сюрпрызаў. Дзяцей раздзялілі на пяць атрадаў, тры з іх профільныя: два – СШ № 1 г. Івацэвічы ім. У. Гука і адзін – СШ № 4 г. Івацэвічы ім. М. М. Мультана. Акрамя педагогаў са школ, у лагеры працуюць важатыя студэнцкага педагагічнага атрада БРСМ «Сузор’е» імя героя Беларусі Марыны Васілеўскай – іх дзевяць. Гэта выпускнікі і студэнты ВНУ і каледжаў Мінска, Пінска, Ваўкавыска.
Студатрад у лагеры праводзіць час з задавальненнем і карысцю. Для яго членаў работа ў аздараўленчым лагеры – добрая магчымасць атрымаць дадатковыя прафесійныя навыкі, бясцэнны вопыт, навучыцца зладжана працаваць у камандзе, развіваць творчыя, арганізатарскія і лідарскія якасці.
Яна Фядковіч у гэтым годзе атрымала дыплом – закончыла Ваўкавыскі каледж і ўпершыню паспрабавала сябе ў якасці важатай падчас мінулай, трэцяй, змены. Дырэктар ДВАУА «Аздараўленчы лагер Дубравачка Івацэвіцкага раёна» Людміла Ламейка заўважыла ў дзяўчыне патэнцыял і парэкамендавала ёй застацца яшчэ на адну змену.
Яна родам з Целяхан і некалі неаднойчы аздараўлялася ў «Дубравачцы», таму добра разумее, чаго дзеці чакаюць ад адпачынку і якіх важатых хочуць бачыць каля сябе.
– Мне па душы работа ў лагеры. Калі б было не так, я б не засталася на яшчэ адну змену, – расказвае важатая. – Каб знайсці падыход да дзяцей, трэба пільна паназіраць за імі, ацаніць характары, паступова наладжваць кантакт, стасункі. А яшчэ варта быць адкрытай і пазітыўнай, з запалам – самой час ад часу пераўтварацца ў дзіця, каб аказацца са школьнікамі на адной хвалі. Пры гэтым не трэба забываць, што ты нясеш адказнасць за іх круглыя суткі, трэба заўжды быць дзесьці побач. Увогуле дзеці розныя і падыходы да іх розныя, аднак у мяне атрымліваецца ўзаемадзейнічаць такім чынам, што нам разам лёгка і камфортна. Нават шкада было развітвацца з хлопчыкамі і дзяўчынкамі з мінулай змены ў дзень іх ад’езду.
Па запрашэнні дырэктара засталася яшчэ на адну змену і Ірына Вайтовіч, выпускніца Пінскага педагагічнага каледжа. Дзяўчына родам з Іванаўскага раёна. У мінулым годзе яна праходзіла ў «Дубравачцы» педагагічную практыку, сёлета зноў стала важатай. Спыталі ў яе пра дысцыпліну – як цяперашнія, скажам прама, разбэшчаныя камфортам дзеці прывыкаюць да рэжыму? Ці здараюцца канфлікты?
– Канечне, у першыя дні дзецям складана, ідзе адаптацыя. А далей яны прымаюць правілы ўстановы і прывыкаюць да іх, – расказвае Ірына. – Наш трэці атрад лічыўся ўзорным, у тым ліку дзякуючы дысцыпліне. Знайшоўся важаты, хлопец, які строга сачыў за выкананнем рэжыму. І вось як лепшы атрад мы выйгралі сертыфікат на жаданне. Ведаеце, якім яно было? Не хадзіць на зарадку. Гэта дзеці так калектыўна вырашылі. Што рабіць, не хадзілі, замест яе наводзілі парадак. Аднак ад зарадкі адна карысць, у адрозненні ад смартфонаў. На ноч гаджаты застаюцца ў важатых, калі падчас мерапрыемства дзіця ў тэлефоне, яго таксама прыйдзецца аддаць. Вядома, не ўсім тое падабаецца, аднак у адваротным выпадку дзеці за інтэрнэтам не будуць бачыць белага свету, а ў нас жа тут і конкурсы, і эстафеты, і гульні, і канцэрты, і дыскатэкі штодня. Трэба вучыцца камунікацыі не ў сеціве, а падчас жывой размовы з равеснікамі, падчас сумеснага баўлення часу. У жыцці гэта вельмі спатрэбіцца.
У дзень візіту журналіста ішло засяленне ў карпусы прыбыўшых дзяцей. Пагутарылі з Трафімам Мілаем і Кірылам Яжовым, якія гэтым летам ужо адпачывалі ў аздараўленчым лагеры і захацелі працягу. Хлопцы сказалі, што ім тут усё даспадобы, і асабліва падабаюцца важатыя. З мерапрыемстваў запомніўся канцэрт-шоу «Точь-в-точь», падчас якога і дзеці, і важатыя пара-
дзіравалі вядомых артыстаў. Праводзяцца і спартыўныя эстафеты. З пажаданняў ад хлопцаў – большы памер порцый у сталоўцы, а кормяць у лагеры смачна.
Дырэктар Людміла Ламейка правяла для журналіста невялікую экскурсію па тэрыторыі ўстановы. У апошнія гады ў добраўпарадкаванне аздараўленчага лагера сталі ўкладвацца сродкі. У рэзультаце зроблены бягучы рамонт у двух карпусах з шасці (задзейнічаны пяць). Рамонт прадугледжваў замену дзвярэй, раздзяленне санвузлоў, зрабілі камфортныя душавыя. Пафарбавалі медыцынскі блок і адрамантавалі ў ім дах. Забетанавалі пляцоўку каля флагштока, устанавілі новыя гульнявыя комплексы і г. д. Наша «Дубравачка» папрыгажэла. Усяго з пачатку лета ў лагеры адпачылі больш за 500 хлопчыкаў і дзяўчынак. Раней змен было чатыры, з гэтага года – пяць. У кагосьці адпачынак яшчэ наперадзе, а ў кагосьці наперадзе праца ў лагеры. Няхай жа гэтае лета будзе яркім і запамінальным для кожнага, а задаволеныя і ўдзячныя дзеці заматывуюць маладых і будучых педагогаў для працы ў лагеры ў наступныя гады.
Вольга МАЦВЕЕНЯ, фота аўтара.