12 красавіка на базе Івацэвіцкага раёна праходзіў чарговы абласны семінар-нарада работнікаў лясной гаспадаркі. Мэта яго – абмеркаванне вытворчых дэталяў работы лясной гаспадаркі ў адзінай дзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэме (АДАІС) уліку драўніны і здзелак з ёю.
Сістэма пачала ўкараняцца ў вытворчыя працэсы лясгасаў з мінулага года, а да гэтага апрабоўваліся па краіне яе вопытныя ўзоры, таму лічбавізацыя ў лясной галіне – гэта ўжо не нейкая там будучыня, а сённяшні дзень. Слухала выступоўцаў і думала: на вачах лясная галіна стала працаваць па-новаму. На дыскусійнай пляцоўцы ў гэты дзень сабраліся не толькі прадстаўнікі лясной гаспадаркі, а і інспекцыі па ахове прыроды і навакольнага асяроддзя, спецыялісты, якія распрацоўвалі АДАІС.
Работнікі лясной галіны пацвердзілі мае думкі – назаўсёды засталіся ў мінулым прывычны парадак дзеянняў уліку лесаматэрыялаў пры нарыхтоўцы, перамяшчэнні, рэалізацыі драўніны і транспарціроўцы. Агульная задача, якая стаяла перад удзельнікамі семінару на гэты раз, – адтачыць і ўдасканаліць некаторыя спрэчныя і недасканалыя моманты, каб зрабіць аператыўны ўлік драўніны менш працаёмкім для выканаўцы, празрыстым і кантралюемым на ўсіх этапах для ўсіх зацікаўленых бакоў.
І падчас практычнай часткі семінару, і падчас тлумачэнняў выступоўцаў у зале, дзе праходзіла пасяджэнне, у кожнага была магчымасць задаць хвалюючыя пытанні аб рабоце сістэмы АДАІС, аб яе змяненні і абнаўленнях. І яны задаваліся ахвотна: пра складанасці пры практычным прымяненні маркіроўкі драўніны, пра перавагі і недахопы электронных таварна-транспартных накладных, пра тэхналагічны працэс водпуску драўніны ў праграме АДАІС з раздрукоўкай суправаджальнага дакумента ТД-лес з прамежкавага лесапрамысловага сховішча, пра дзеянні работніка, у якога раптам перастала дзейнічаць мабільная праграма… Словам, размова атрымалася шчырай і зацікаўленай.
Як працуе модуль сістэмы АДАІС «Кантроль транспарту», наглядна на практыцы ў рэжыме анлайн дэманстраваў на вытворчай пляцоўцы ўдзельнікам семінару і прадстаўнікам інспекцыі Уладзімір Новік, галоўны інжынер Івацэвіцкага лясгаса. Існуючая ў АДАІС функцыя «Кантроль транспарту» дазваляе сачыць за перамяшчэннем грузаў не толькі работнікам лясгаса, а і работнікам інспекцыі аховы прыроды і навакольнага асяроддзя. Выступоўцы нагадвалі ўсім прысутным, што трэба задаваць узнікаючыя пытанні. Адзіная аўтаматызаваная сістэма не толькі дазваляе штодзень збіраць і аналізаваць інфармацыю па ўліку драўніны на ўсіх этапах, пачынаючы з вырубкі лесу і заканчваючы продажам гатовых матэрыялаў спажыўцу, а і патрабуе ад работнікаў уважлівага вядзення ўліку, бо яны нясуць вялікую адказнасць за кожнае няправільнае дзеянне.
Лес – наша багацце, і ўлік павінен быць дасканалым, каб не было ніякіх «лазеек» для несумленных здзелак.
Валянціна Бобрык, фота аўтара.