Пра работу, сям’ю і захапленні старшага лейтэнанта Таццяны Грэчнай – старшага інспектара спецыяльнага аддзела папраўчай установы «Папраўчая калонія № 5»

Ураджэнка Івацэвіч Таццяна Грэчная марыла звязаць сваё жыццё з юрыдычнай справай з юнацтва. Ды з першага разу паступіць на юрыдычны факультэт Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта не атрымалася. Але Таццяна не з тых, хто апускае рукі пры першай няўдачы, і дзяўчына год правучылася ў каледжы на эканаміста, рыхтавалася да паступлення ў ВНУ і з другога разу мела поспех.

Свой працоўны шлях Таццяна Фёдараўна пачала з сур’ёзнага месца для маладой дзяўчыны – з работы ў спецыяльным аддзеле папраўчай калоніі, дзе працуе і зараз, апошнія пяць гадоў як атэставаны спецыяліст. Работа вельмі падабаецца. Калектыў хоць і жаночы, але дружны, з’яднаны. Дзевяць жанчын сябруюць сем’ямі, нават дзеці дружаць паміж сабой. Усе дакументы асуджаных праходзяць праз спецаддзел – справа адказная, бо за лічбамі ўсё ж такі лёсы людзей. «Чым больш гадоў табе становіцца, тым больш адказна ты ставішся да выканання сваіх абавязкаў. Але я кожны ранак з жаданнем спяшаюся на працу, цяжкасці даюць штуршок рухацца наперад, імкнуцца да лепшага», – лічыць афіцэр Таццяна Фёдараўна. І з усмешкай успамінае, як у дзяцінстве любіла пасля школы забегчы ў краму, дзе працавала яе цётка, бо тая адразу частавала прысмакамі. Малой Таццянцы думалася, што прысмакі тут дарэмныя для прадаўцоў, і прафесія прадаўца здавалася самай лепшай на той момант.

Прайшоў час, Таццянка ўжо Таццяна Фёдараўна, жонка, гаспадыня і маці дваіх дзяцей – шаснаццацігадовага Ільі і дзесяцігадовай Паліны. Пра хакеіста Ілью Грэчнага чытачы і падпісчыкі нашых сацсетак ведаюць – у гэтым годзе Ілья гуляў у зборнай камандзе U17, пра ўдалыя галы падчас гульняў у Сочы «ІВ» паведамляў. Ілья займаецца хакеем з пяці гадоў, пачынаў у Івацэвічах (як цудоўна, што тады ў горадзе з’явілася Лядовая арэна), пасля працяглы час ездзіў на трэніроўкі ў Бярозу, следам за трэнерам і дырэктарам спартшколы падаўся разам з камандай у Пінск, у мінулым годзе жыў удалечыні ад бацькоў. Гэты год, лічыць Таццяна Фёдараўна, быў цяжкім і эмацыянальным, але і так шмат даў для сталення іх з мужам першынца. «Канешне, сэрца мацярынскае перажывала за сына. Але гэтае расстанне дало такі штуршок для станаўлення Ільі – і як для асобы, і як для спартсмена. Каманда ўдзельнічала ў чэмпіянаце РБ і заняла першае месца, юнакам прысвоілі першы дарослы разрад – колькі было эмоцый!» – успамінае Таццяна Грэчная. Зараз Ілья займаецца сваім любімым відам спорту ў Раўбічах, вучыцца непадалёк у Астрашыцкай сярэдняй школе ў 10 класе. Вельмі здружыўся з новым класам, канечне, сумуе па родных, але не скардзіцца на абставіны.

Палінка, малодшая ў сям’і, вельмі энергічная, непаседа, са спортам не склалася, затое дзяўчынка добра малюе, з задавальненнем займаецца на мастацкім аддзяленні Дзіцячай школы мастацтваў, ёсць і перамогі ў конкурсах. Гэта толькі першыя спробы, лічыць маці Паліны і канстатуе, што творчасць выпрацоўвае ўседлівасць у дзяўчынкі-гарэзы. Любоў да творчасці ў Паліны ад матулі Таццяны. Маладая жанчына з задавальненнем вырабляе разам з дачкой розныя кампазіцыі для школьных конкурсаў. «У нас у гэтым годзе навагодняя ёлка была цалкам упрыгожана цацкамі, зробленымі нашымі з Палінай рукамі, – і шары самаробныя зрабілі, і фігуркі з фетру і з іншых спадручных матэрыялаў», – з радасцю згадала Таццяна.

І дамашні гадаванец – брытанскі кот Кубік – з’явіўся ў кватэры па просьбе дачушкі. Яна настолькі любіць братоў нашых меншых, абсалютна любых, што тату прыйшлося саступіць і даць дазвол на жывёлу ў доме. «Гэткая любоў яшчэ з маленства. Неяк з садзіка Паліна прыйшла з напханымі ў кішэню дажджавымі чарвякамі, якім яна дала прытулак падчас прагулкі, бо ім, на яе думку, было холадна і адзінока на вуліцы», – усміхаючыся, успамінала Таццяна.

Дачка вельмі ганарыцца мамай-афіцэрам і не прапускае ўрачыстасці на 9 Мая. Разам з мамай у параднай форме з хваляваннем ідзе Паліна, абавязкова ў такі дзень таксама ў ваеннай форме. «Любоў да Радзімы выхоўваем у дзецях з маленства – Ілья з гонарам выступае на хакейных матчах за сваю любімую краіну, а Паліна ганарыцца подзвігамі дзядоў і прадзедаў падчас Вялікай Айчыннай, і любімае свята для яе – Дзень Перамогі», – дзеліцца сакрэтамі выхавання мама Таццяна.
Свой вольны час сям’я Грэчных праводзіць пераважна на матчах сына, імкнуцца не прапускаць аніводную гульню. За такі працяглы час, колькі сын у спорце, на трыбунах перажывае з’яднаная сям’я бацькоў і родных ігракоў, такое своеасаблівае брацтва, сябры.

Часам выдаецца з’ездзіць падтрымаць былую каманду сына з Бярозы, бо ўсе хлопцы сябруюць паміж сабой і зараз, як і іх бацькі, – жыццё бурліць і на трыбунах спартыўных.

Таццяна працуе ў адной установе з мужам Аляксандрам, але дзякуючы сваёй жаноцкай мудрасці, устанавіла адно правіла – дома ні слова пра работу. Ды і сама навучылася не крыўдаваць, калі якую заўвагу з вуснаў мужа атрымае на службе. І тым дзяўчатам, хто вельмі актыўны і мае намер абраць ваенную справу ў якасці прафесіі, раіць не вагацца. Так, работа патрабуе вытрымкі і недзе цярпення, але энергію ёсць куды прымяніць – столькі спаборніцтваў і мерапрыемстваў цікавых праводзіцца, толькі паспявай прымаць удзел. Таццяна і сама і бегам займаецца, і ў спаборніцтвах удзельнічае…

«Калі б можна было змяніць жыццё, нічога б не змяніла. Мне ўсё падабаецца ў ім. У нашай краіне ёсць усё, каб і працаваць з цікавасцю, і спортам займацца, і дзяцей гадаваць, і пра захапленні не забываць, было б толькі жаданне і ахвота», – пераканана Таццяна Грэчная, і з гэтым нельга не пагадзіцца.

Марыя Сазонава. Фота Валерыя Міскевіча і з архіва сям’і Грэчных.

Поделиться